Гэтая легенда пра пабожнага Якуба, які быў здзіўлены пытаннем на Божым судзе, заўсёды актуальная для нас, хрысціянаў. Паміраючы, гэты чалавек не баяўся спаткацца з Богам. Быў пабожны, часта хадзіў на святыя Імшы, нават у буднія дні. Не быў залежны ад алкаголю і тытуню. Дапамагаў касцёлу матэрыяльнай ахвярай, у канцы жыцця належаў да кола «Жывога Ружанца», насіў цудоўны медалік, а перад фігурай Маці Божай рабіў знак крыжа. Не саромеўся сваёй веры, не краў, не сведчыў фальшыва, не грашыў чужалоствам. Ён меў павагу ў людзей, быў каханы і шанаваны. Пералік цнотаў і заслугаў Якубавых быў дастаткова доўгім і даваў упэўненасць у тым, што Бог будзе ім задаволены. «Калі ж Пан запытаецца пра нешта, — думаў Якуб, — я буду выглядаць у добрым святле». Напэўна, ён не з’яўляецца святым, але стараўся жыць паводле Божых прыказанняў. Чытаў рэлігіўныя кнігі, маліўся шмат навэннаў, адна з якіх была нават «вялікай».
Якуб памёр і быў пастаўлены перад тронам Божай справядлівасці. Стаяў перад Боскім Суддзёю ў спакоі. Чакаў пытанняў. Думаў, калі Пан Бог запытаецца ў яго пра які-небудзь слабы пункт, напрыклад: «Ці не пажадаў жонкі свайго бліжняга?» — ён зможа ўратавацца адказам: «Але я заўсёды з гэтага спавядаўся».
Бог паглядзеў на Якуба і спакойна прамовіў: «Не буду цябе доўга дапытваць, задам толькі адно пытанне, як, дарэчы, усім, хто стаяў тут перад табою і яшчэ прыйдзе пасля цябе». Сэрца Якуба пачало біцца шыбчэй. Вось тая хвіліна, ад якой залежыць уся яго вечнасць! І пачуў слова Бога, якое нават не было пытаннем. Было просьбай. Просьбай клапатлівага Айца. Бог сказаў: «Пакажы мне, Якубе, тых, каго ты скіраваў да Неба». Якуб анямеў. «Выходзіць, хрысціянства ёсць нечым іншым, чым я ўяўляў», — падумаў ён спалохана. А Найсвяцейшая Маці пачала шаптаць яму на вуха: «Падумай спакойна, ці не ахвяроўваў сваёй малітвы, цярпення альбо пераадольвання спакусы за кагосьці іншага? Няўжо ніколі не падумаў аб тым, каб дапамагчы каму-небудзь дайсці да Неба?». Якуб стаяў перад тронам Бога і думаў. Меў для гэтага цэлую вечнасць. А Бог цярпліва чакаў.
Падрыхтавала Галіна Калевіч.
Паводле часопіса «Echo Medjugorja».