Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год В (22.11.2015)
«Пілат зноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Езуса, і сказаў Яму: “Ці Ты кароль Юдэйскі?” Езус адказаў: “Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?” Пілат адказаў: “Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што ты зрабіў?” Езус адказаў: “Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль”. Пілат сказаў Яму: “Дык Ты кароль?” Езус адказаў: “Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас”». (Ян 18, 33–37).
«Валадарства Маё не з гэтага свету»
«Валадарства Маё не з гэтага свету» — кажа Пан Езус Пілату, які, як вядома, быў язычнікам. А ў жыцці старажытных язычнікаў не было выразнага падзелу на сакральнае і свецкае — гэтыя сферы былі вельмі моцна ўзаемапранікальныя, рэлігія была дзяржаўнай справай. Таму і нежаданне хрысціянаў удзельнічаць у язычніцкім кульце ў Рымскай імперыі ўспрымалася як нелаяльнасць да пануючага дзяржаўнага ладу з усімі наступствамі, што з гэтага вынікаюць. З іншага боку, язычнікам зусім не перашкаджала, што нехта лічыць Езуса з Назарэту Богам. Яшчэ адзін бог, як адзін з многіх, без праблем упісаўся б у політэістычны светапогляд, лагічным вынікам якога было і прыпісванне боскасці некаторым людзям — імператарам. Таму, у скрайнім выпадку, язычнік Пілат мог падазраваць габрэйскага прапаведніка ва ўзурпатарскіх намерах, у чым і імкнуліся пераканаць яго юдэі. Аднак адказ Езуса, як і ўсё Яго чалавечае жыццё, адназначна сцвярджае: не патрэбная зямная ўлада Таму, хто з натуры мае большую ўладу, чым усе абсалютныя валадары, якіх можна параўнаць хіба што да прыбіральшчыкаў у Гаспадарскім доме. Ці ж будзе Гаспадар прэтэндаваць на ўладу над мётламі і анучамі, з дапамогай якіх прыбіральшчыкі павінны падтрымліваць парадак, які існуе? Але гора таму прыбіральшчыку, які свавольна пачне ўсталёўваць свае «парадкі»!
«Валадарства Маё не з гэтага свету» — нагадвае Пан Езус тым хрысціянам, якія не бачаць розніцы паміж сакральным і свецкім, але, у адрозненне ад язычніцкага сімбіёзу, дзе свецкае ўсё ж падпарадкоўвалася вышэйшым моцам, напаўняюць духам лаіцызму не толькі штодзённасць, але і святыні, і літургію; акты пакланення адзінаму сапраўднаму Богу зводзяць да пакланення чалавеку і яго ўзвышэння.
Калі рэчы безумоўна важныя: здароўе, дабрабыт, сацыяльныя ці дабрачынныя справы, ставяцца на першы план, закрываючы сабою канчатковую мэту чалавечага жыцця, — Божае Валадарства, — чалавек губляе арыенцір, забываецца, што ўсё гэта — толькі сродкі. А калі сродак становіцца мэтаю, ён не толькі траціць сваю вартасць, але і прыводзіць да ўпадку. Чалавек, які на месца Абсалютнага Дабра ставіць дабро меншае, пазбаўляе сябе той Паўнаты, для якой прызначаны…
Але Пан Езус не хоча, каб мы заставаліся прыбіральшчыкамі ў Яго Доме. Ён прагне зрабіць нас сваімі суўладальнікамі. Аднак гэта магчыма толькі для таго, хто імкнецца ва ўсім захоўваць парадак, усталяваны Гаспадром, хто не будзе перайначваць яго, каб дагадзіць зменліваму духу гэтага свету, наіўна думаючы, што чыстае і святое падобна да анучы, якую трэба забрудзіць і знішчыць, каб ачысціць бруднае і грэшнае… Сакральнае больш нагадвае святочную вопратку, у якой (або якой) не мыюць падлогу, але берагуць яе для ўдзелу ў вечным святкаванні ў Валадарстве, што не з гэтага свету.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP