У Каталіцкім Касцёле важная падзея: распачаўся Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці пад дэвізам «Міласэрныя, як Айцец». Упершыню Святыя Дзверы, Брамы Міласэрнасці, адчыніліся не толькі ў чатырох рымскіх базыліках, але і ў касцёлах ва ўсім свеце.
У Беларусі афіцыйна Год Міласэрнасці распачаўся ўрачыстасцямі ў 3 нядзелю Адвэнта, нядзелю Gaudete — закліку да радасці. У кожнай дыяцэзіі Беларусі ў вызначаных святынях адчыніліся Брамы Міласэрнасці. Падчас святой Імшы у адной з іх, мінскай архікатэдры імя НПМ, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, заклікаў вернікаў карыстацца з гэтай вялікай ласкі. Прайшоўшы праз дзверы міласэрнасці, кожны можа атрымаць адпуст, калі выканае неабходныя ўмовы: прыме ўдзел у святой Імшы, будзе ў стане асвячальнай ласкі, памоліцца ў інтэнцыях Папы. «Прайсці праз гэтыя Брамы — прайсці праз пакаянне, праз прабачэнне, каб з асаблівай руплівасцю несці ўчынкі міласэрнасці ва ўсе сферы грамадства».
Гэты год сапраўды важны для нас, бо «сучасны свет адчувае вялікую патрэбу ў міласэрнасці, спачуванні і прабачэнні. Свет павінен адкрыць праўду аб тым, што ў ім існуе міласэрнасць, што Бог — гэта не караючы дэспат, але міласэрны Айцец», як слушна адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр засклікаў вернікаў асаблівым чынам перажыць гэты надзвычайны час: «Юбілейны Год павінен нас змяніць, бо вакол шмат тых, якім мы павінны міласэрнасць. Можа, мы пытаемся: “А чаму я павінен дараваць таму, хто мне ўчыніў зло?” Адказ адзін: “Бо такі ёсць Бог. Ён з’яўляецца міласэрнасцю, якая большая за грэх”. Таму дарога хрысціяніна — гэта дарога міласэрнасці. Гэту праўду мы павінны адкрыць і ёю жыць падчас Года Міласэрнасці».
{gallery}2015-12-2{/gallery}
У Беларусі Брамы Міласэрнасці адчыніліся ў наступных святынях:
У Віцебскай дыяцэзіі — гэта катэдральны касцёл парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску і касцёл парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе — дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў.
У Гродзенскай дыяцэзіі — гэта катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне; парафіяльны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе; санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў у в. Тракелі і санктуарый Маці Божай Шкаплернай у в. Гудагай і санктуарый Езуса Журботнага ў г. п. Рось.
У Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі — гэта Архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску; конкатэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве і нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.
У Пінскай дыяцэзіі — гэта катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску; касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах; касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце і касцёл Нараджэння Маці Божай у Гомелі.
Юлія Шэдзько
Фота Міколы Новікава