Малітва аб сямі дарах Духа Святога
Дух Найсвяцейшы, Суцяшыцель, які асвячаеш душы нашыя! Дай мне дар мудрасці, каб асягнуў я і палюбіў спрадвечную Праўду і ніколі не аддаваў перавагі багаццям гэтага свету перад вечнымі.
Асвяці мяне дарам розуму, каб спасціг, наколькі дазваляе недасканаласць людская, абвешчаныя Табою праўды веры.
Асвяці мяне дарам рады, каб быў разважлівым пры небяспецы жыцця на зямлі і здзяйсняў волю Божую.
Дай мне дар мужнасці, каб перамагаў спакусы ворага і пераносіў магчымы пераслед.
Адары ўмеласцю, каб пераканаўся я ў сваёй нязначнасці і ў велічы спраў, Табою створаных. Каб усё адносіў да Бога паводле пачуццяў Сэрца Езуса і пагарджаў марнасцю гэтага свету.
Дай мне дар пабожнасці, каб прывіў у сабе любоў да разважання ў малітве і ў тым, што адносіцца да службы Божай.
Дай мне дар боязі Божай, каб старанна ўхіляўся ад усяго, што магло б пакрыўдзіць Цябе, каб баяўся граху больш, чым смерці, і гэта толькі з-за любові да Цябе.
Да гэтых усіх дароў, о Духу Святы, дай дар пакаяння, каб аплакваў грахі свае і мог задаволіць Божую справядлівасць.
Напоўні, Духу Святы, сэрца маё Божай любоўю, ласкаю і вытрымкаю, каб жыў я па-хрысціянску і памёр смерцю праведнаю. Амэн.
Асабістае прысвячэнне Духу Святому
Дух Святы, Дух Божы, Дух Святла і Любові! Табе прысвячаю мой розум, маё сэрца, маю волю і ўсяго сябе. Учыні, каб мой розум заўсёды з ахвотаю прымаў натхненні, якія паходзяць ад Цябе, і вучэнне святога Касцёла, якім Ты беспамылкова кіруеш; каб сэрца маё заўсёды палала любоўю да Бога і бліжняга, а воля мая заўсёды адпавядала Божай волі; каб усё маё жыццё было верным наследаваннем жыцця і цнотаў нашага Пана і Збаўцы, Езуса Хрыста, якому з Богам Айцом і з Табою няхай заўсёды будзе пашана і хвала. Амэн.
Малітва да Духа Святога
Божа ўсемагутны, у сакрамэнце канфірмацыі Ты ўліў у нашыя сэрцы свайго Духа як гарантыю нашай будучай хвалы ў Табе. Мы — Яго ўласнасць, таму ўчыні, каб мы ўмацаваліся ў Яго моцы.
Духу Святы, Духу ўмеласці, навучы нас глядзець на ўсё створанае ў Тваім святле, каб мы пазналі прамінальнасць зямных рэчаў і ўсю сваю надзею ўскладалі на Бога.
Духу Святы, Духу рады, калі ў нас з’яўляюцца памылковыя думкі, падкажы, што нам трэба рабіць, а чаго пазбягаць, калі трэба гаварыць, а калі маўчаць. Навучы нас справядлівасці і накіроўвай да справаў любові і міласэрнасці.
Духу Святы, Духу боязі Божай, абудзі ў нас агіду да любога граху, сцеражы ад спакусаў, дапамажы ўтаймоўваць свае жаданні. Адары нас ласкаю адчуваць сябе дзецьмі перад Айцом Найвышэйшым, захавай ад усялякай пыхі і дзёрзкасці.
Духу Святы, Духу пабожнасці, у Табе мы ўсклікаем: «Абба, Ойча!» Распалі
ў нас прагу любові да Бога, абудзі руплівасць да справаў Ягоных, учыні, каб мы ўсім сэрцам прысвяцілі сябе служэнню Яму.
Духу Святы, Духу мужнасці, навучы нас святой, хрысціянскай адвазе, каб мы не баяліся брацца за вялікія Божыя справы, каб дзеля Яго зносілі крыж
і выпрабаванні, а ў небяспецы цалкам давяраліся Яму.
Духу Святы, Духу розуму, навучы нас пранікаць у глыбіні Божай праўды, дай сталасць і паўнату веры, дапамажы пазнаваць веліч Бога, якая пераўзыходзіць усялякае наша ўяўленне.
Духу Святы, Духу мудрасці, вядзі нас да дасканаласці. Ты дазваляеш нам пазнаць, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі. Дазволь нам зразумець веліч Божай любові і нашага паклікання, радасць і суцяшэнне, якія з гэтага паходзяць, каб калісьці стаць перад Богам тварам у твар і пазнаць Яго так, як мы самі пазнаныя. Амэн.
Малітва за святы Касцёл
Духу Святы, Стварыцелю, прыйдзі ласкава на дапамогу ўсяму каталіцкаму Касцёлу ў змаганні супраць нападкаў непрыяцеляў. Умацуй яго і падтрымлівай сваёю сілаю з вышыняў. Аднаві дух слугаў Тваіх, якіх Ты намасціў сваёю любоўю і ласкаю, каб у Табе праслаўлялі Айца і Сына Яго Адзінароднага, Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва аб духу еднасці
Найсвяцейшы Духу Божы, на заранку Касцёла Ты меў ласку бачным чынам сысці на Апосталаў і вернікаў, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць іх у веры. Горача прашу Цябе: будзь таксама заўсёды з намі, напаўняй нас сваімі дарамі, пралівай на нас святло сваё ў сумненнях нашых, суцяшай нас у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі паводле мудрасці сваёй, яднай нас узаемнаю хрысціянскаю любоўю, каб жылі мы ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і праслаўлялі Цябе на векі вечныя. Амэн.
Дары Духа Святога
1. Мудрасць.
2. Розум.
3. Рада.
4. Мужнасць.
5. Умеласць.
6. Пабожнасць.
7. Боязь Божая.
Плады Духа Святога
1. Любоў.
2. Радасць.
3. Спакой.
4. Доўгацярплівасць.
5. Спагадлівасць.
6. Дабрыня.
7. Велікадушнасць.
8. Вернасць.
9. Лагоднасць.
10. Сціпласць.
11. Умеркаванасць.
12. Чыстасць.
Грахі супраць Духа Святога
1. Грашыць, празмерна спадзеючыся
на Божую міласэрнасць.
2. Роспач альбо сумненне ў Божай
ласцы.
3. Супраціўляцца спазнанай праўдзе
веры.
4. Зайздросціць бліжняму, які мае
Божую ласку.
5. Закамянеласць у грахах.
6. Адкладаць пакаянне аж да смерці.
Гімн Духу Святому
Veni, Creator
Veni, Сreator Spiritus,
mentes tuorum visita;
imple superna gratia,
quae tu creasti, pectora.
Qui diceris Paraclitus,
Аltissimi donum Dei,
fons vivus, ignis, caritas
et spiritalis unctio.
Tu septiformis munere,
Digitus paternae dexterae,
tu rite promissum Patris
sermone ditans guttura.
Accende lumen sensibus,
infunde amorem cordibus,
infirma nostri corporis
virtute firmans perpeti.
Hostem repellas longius
pacemque dones protinus;
ductore sic te praevio
vitemus omne noxium.
Per te sciamus da Patrem
noscamus atque Filium,
teque utriusque Spiritum
credamus omni tempore.
Deo Patri sit gloria,
et Filio, quia mortuis
surrexit, ac Paraclito,
in saeculorum saecula. Amen.
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы
(Veni, Creator)
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.