Сакрамэнт пакаяння (споведзі). Малітвы

Малітва аб духу пакоры
(Малітва св. Вінцэнта Палоцці)

Найсвяцейшая Панна Марыя, Божая Маці і Прытулак усіх гаротных грэшнікаў! Праз бясконцую міласэрнасць Божую, праз бясконцыя заслугі Езуса Хрыста і праз заслугі ўсяго нябеснага войска май ласку пераняць цярпенні з Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якія Ён зносіў на працягу ўсяго жыцця, і якія прывялі да канання і крывавага поту ў Аліўным садзе, і дапамажы нашым сэрцам і сэрцам усіх людзей прыняць іх. Дзеля Хрыстовых цярпенняў хочам вырачыся ўсіх грахоў, аплакваць іх і цярпець за іх. Мы ахвяруем таксама Кроў Езуса Хрыста як падзяку, быццам Ты ўжо вымаліла для нас ласку, якой мы ў Цябе прасілі. Амэн.

Малітва аб ласцы скрухі

Усемагутны і ласкавы Божа, Ты для сасмяглага люду даў са скалы крыніцу вады жывой, абудзі ў маім зацвярдзелым сэрцы слёзы скрухі, каб я мог аплакваць свае грахі і заслужыў у Тваёй міласэрнасці прабачэнне.

Прашу Цябе, Пане Божа, зірні ласкава на маё маленне, якое я ўзношу да Цябе, і абудзі з маіх вачэй струмені слёз, каб мог згасіць імі полымя кары, якую я заслужыў сваімі грахамі.

Пане Божа, дай майму сэрцу ласку Духа Святога, і няхай яна дапаможа мне слязьмі скрухі змыць плямы сваіх грахоў і праз Тваю дабрыню дасягнуць жаданага прабачэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва аб адпушчэнні грахоў

Усемагутны, вечны Божа, Твая шчодрасць перавышае заслугі і прагненні ўсіх, хто ўзносіць да Цябе свае малітвы; праяві да мяне Тваю міласэрнасць, адпусці грахі, якія непакояць маё сумленне, і ўдзялі мне таксама тое, пра што я не асмельваюся прасіць.

Прашу Цябе, Пане, адпусці мае правіны і ў міласэрнасці Тваёй вызвалі мяне з няволі граху, у якую я трапіў праз сваю слабасць.

Выслухай ласкава, прашу Цябе, Пане, маю малітву, вызвалі мяне з путаў граху і абарані ад усялякіх нягодаў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

З малітоўніка «Pokój wam»,
ks. Tomasz Bielski SAC, Pallottinum, 1991 г.

Малітвы перад споведдзю

Малітва да Духа Святога,
Найсвяцейшай Панны Марыі,
святога апекуна і Анёла Ахоўніка

Прыйдзі, Духу Святы, асвяці мой розум, каб убачыў я грахі свае; абудзі волю і сэрца маё, каб я шчыра за грахі гэтыя шкадаваў і адважна ў іх прызнаўся. Дай мне сілу сапраўды з іх выправіцца.

Святая Марыя, Маці Божая, прытулак грэшнікаў, заступіся за мяне.

Святы апякуне мой, і ты, Анёле Ахоўніку, выпрасіце мне ласку добрай споведзі. Амэн.

Малітва да Езуса Хрыста

Прымі споведзь маю, найлітасцівейшы і найласкавейшы Пане Езу Хрыстэ, адзіная надзея на збаўленне душы маёй. Дай мне, прашу, скруху сэрца і слёзы раскаяння, каб удзень і ўначы аплакваў я ўсе занядбанні мае з пакораю і чысцінёю сэрца. Пане, Божа мой, прымі малітвы мае. Збаўца свету, добры Езу, які аддаў сябе на смерць крыжовую, каб збавіць грэшнікаў, зірні на мяне, няшчаснага грэшніка, што кліча імя Тваё, і не зважай на зло маё. А калі я дапусціў тое, за што асудзіць мяне можаш, Ты не забывай таго, за што збаўляеш.

Пашкадуй жа мяне, о Збаўца мой, і змілуйся над грэшнаю душою маёю. Вызвалі яе ад путаў і загаі раны.

Спашлі, найлітасцівейшы Пане, праз заслугі Беззаганнай заўсёды Панны Марыі, Маці Тваёй, і святых Тваіх святло і праўду ў душу маю, каб асвяцілі яны ўсе недахопы мае, з якіх трэба мне спавядацца, і схілялі мяне шчыра і са скрухаю сэрца ў іх пакаяцца. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Акт жалю

Ойча міласэрнасці, чым адплаціў я Табе за любоў Тваю? Грахамі, занядбаннем, няўдзячнасцю. Усім сэрцам шкадую за ўсе грахі, якімі абразіў Цябе, майго Стварыцеля і Адкупіцеля. Шкадую, што зняважыў Цябе, Дабро Найвышэйшае і найбольш годнае любові. Шкадую, што змарнаваў заслугі мукі майго Збаўцы і зняважыў Кроў Яго, за мяне пралітую. Шкадую, што абразіў справядлівасць Тваю, Пане, і заслужыў слушную кару

Ойча, зграшыў я супраць неба і супраць Цябе. Не варты я называцца дзіцем Тваім. Адчуваю агіду да ўсіх грахоў маіх і адварочваюся ад іх. Цвёрда пастанаўляю пры дапамозе ласкі Тваёй унікаць усіх грахоў і ўсіх абставінаў, якія вядуць да іх.

Найсвяцейшая Панна, святы Анёле Ахоўнік мой і святыя апекуны мае, упрасіце мне ў Бога прабачэнне ўсіх грахоў маіх. Амэн.

Малітва пакаяння

Божа, Ойча Нябесны, я зграшыў супраць Цябе і бліжняга. Ты адзіны можаш адпусціць мае грахі. Ты спаслаў свайго Сына Езуса Хрыста, каб Ён узяў на сябе правіны свету і навярнуў да Цябе грэшнікаў.

Пане, Езу Хрыстэ, прывядзі мяне са шляху блуканняў на шлях праўды і жыцця. Вызнаю грахі мае і каюся ў іх, бо яны адлучылі мяне ад Цябе.

Пане, даруй мне і спашлі Духа Твайго, каб спазнаў я любоў Тваю і з удзячнасцю адказаў на яе. Амэн.

Малітва пасля споведзі

Божа мой, дзякую Табе за Тваю вялікую дабрыню, за прабачэнне грахоў, за ласкі, якія Ты мне ўдзяліў. Ты ўмацаваў мяне для змагання з грахом. Прагну заўсёды памятаць, якую цану заплаціў Хрыстус за гэтыя ласкі, і пастанаўляю больш не грашыць.

Учыні, Пане, каб, зведаўшы Тваю міласэрнасць, я сведчыў у свеце пра Тваю любоў. Прашу Цябе, Пане, няхай няспынна ўзрастае мая добразычлівасць, дабрыня, паслужлівасць і чуласць да патрэбаў іншых людзей. Кіруй мною на маім жыццёвым шляху дзеля хвалы імя Твайго, каб, выканаўшы сваё заданне на зямлі, я мог паяднацца з Табою назаўсёды. Амэн.

З малітоўніка «Ойча наш»,
Мінск, «Про Хрысто», 2014.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней