Крыжовы шлях за Беларусь

Крыжовы шлях за Беларусь заўсёды актуальны. Таму пройдзем разам з Езусам на Галготу ў нашых касцёлах, капліцах і сем’ях, каб папрасіць прабачэння ў Бога за ўсе грахі нацыі і ўзнесці свае просьбы да Усемагутнага ў духу пакоры і любові.


Стацыя 1-я
Езус асуджаны на смерць

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Несправядлівы суд. Абвінавачванні беспадстаўныя і абсурдныя… Сёння разам з Табой, Езу, на гэтым судзе знаходзяцца ўсе несправядліва асуджаныя беларусы, якія таксама пытаюцца: «За што?» Дапамажы ім і кожнаму з нас, хто жыве на гэтай зямлі, не баяцца шукаць праўды, шукаць Цябе, нягледзячы на магчымы пераслед і абвінавачванні з боку грамадства.

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 2-я
Езус бярэ крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Крыж чалавека. Крыж народа… За сваю слаўную і гаротную гісторыю мы паспелі пранесці шмат крыжоў. Гэта войны, хваробы, заняпад культуры і мовы, час татальнага бязвер’я і адмаўлення ад Бога… Некаторыя з гэтых крыжоў мы нясем па сённяшні дзень. Але мы самі іх выбралі, калісьці даўно, у пэўны момант страціўшы ўласную годнасць, згубіўшы яе дзесьці на прасторах часу. Аднак толькі з Табою, Хрыстэ, магчыма годна пранесці гэтыя крыжы на нацыянальную Галготу, толькі звярнуўшыся ўсім сваім позіркам да Цябе магчыма вытрываць усе цяжкасці з годнасцю.

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 3-я
Езус падае першы раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Кожны ўпадак штосьці азначае. Калі ты ўпаў, значыць крокі твае не былі трывалымі, таму ты не здолеў своечасова ўтрымаць раўнавагу… Каб ісці, трэба мець трываласць, сталы падмурак. Каб нацыя жыла, патрэбна трывалая аснова. Дапамажы нам, Езу, зразумець, што гэтым падмуркам з’яўляешся Ты. Толькі з Табою мы можам перамагчы, толькі з Табою здолеем падняцца з ямы шматлікіх грахоў.

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 4-я
Езус сустракае сваю Маці

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Езу, несучы крыж, Ты сустракаеш сваю Маці. Адзін позірк, і ўжо становіцца лягчэй на гэтай цяжкай дарозе. Маці з’яўляецца для кожнага з нас першым чалавекам у жыцці, апораю і прытулкам… Як жа цяжка ўсведамляць, што так шмат жанчын у нашай краіне адмаўляецца ад гэтага вялікага дару мацярынства, добраахвотна або ў стане эфекту забіваючы сваіх ненароджаных дзяцей. Штогод каля 30 тысяч дзяцей становяцца ахвярамі абортаў. Гіне будучыня нацыі, льецца кроў нявінных… Прабач нам, Езу, за гэтыя злачынствы і ачысці нашую зямлю ад крыві…

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 5-я
Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Насіце бярвёны адно аднаго». Гэты заклік з Евангелля найбольш адлюстроўвае ўчынак Сымона Кірынэйца, які, нягледзячы на ўсю нязвыкласць і нечаканасць сітуацыі, панёс Твой крыж, Езу. І гэты крыж дапамог яму паглядзець на Цябе інакш, не як на злачынца, а як на Збаўцу. Гэты крыж, які ён нёс за іншага, дапамог і яму перамяніць сваё сэрца.
Дадай нам сілы, Хрыстэ, каб нават у цяжкіх сітуацыях жыцця мы былі здольнымі да салідарнасці. Да салідарнасці прыватнай, а таксама да салідарнасці нацыянальнай. Каб не маўчалі, калі патрэбна казаць і бараніць Тваю праўду, нават калі за гэта давядзецца цярпець, каб дапамагалі іншым і былі міласэрнымі, бо Ты, Пане, міласэрны…

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 6
Вераніка выцірае твар Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Вытры твар свой, распраў свае плечы і паглядзі ў люстэрка на самога сябе. Што ты там бачыш? Гэта не проста адлюстраванне, гэта вобраз Бога — непаўторны, самабытны, беларускі… Вельмі важна заўжды памятаць на гэтым жыццёвым Крыжовым шляху, што мы — Яго вобразы, створаныя на Яго падабенства. Кожны ўнікальны і непаўторны, кожны з’яўляецца дзіцем Божым. І Бог радуецца кожнаму ў яго ўнікальнасці. Таму не варта ўпадабняцца да кагосьці і граць ролі, варта быць сабою. Быць народам… Ведаць, хто мы і адкуль і кім насамрэч з’яўляемся… Гэта нялёгкі працэс — вярнуць тое, што было згублена… Але з Табою, Езу, усё магчыма!

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 7-я
Езус падае другі раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Кожнае падзенне — гэта шанец. Шанец, які мы можам выкарыстаць па-рознаму. Зрабіць высновы са свайго ўпадку і пастарацца больш не падаць, або так і застацца ляжаць, апусціўшы рукі і запэўніваючы ўсіх навокал, што падняцца немагчыма, ці вінаваціць у сваім падзенні ўсіх, акрамя сябе самога. Натхні нас, Ойча, паглядзець на сябе збоку і ўбачыць, чым мы кіруемся на працягу гісторыі нашай краіны. Дапамажы нам выправіць нашыя памылкі і разам з Табою будаваць новае жыццё.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 8-я
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых…» Гэтыя словы Езуса сёння гучаць з новай сілай. Варта задаць сабе пытанне: што мы пакінем пасля сябе ў гэтай краіне? Якую спадчыну перададзім сваім дзецям і ўнукам? Ці застанецца Беларусь сапраўды Беларуссю — са сваёй мовай, культурай і гісторыяй, з усведамленнем уласнай годнасці і пашанай да жыцця і годнасці іншага чалавека?
Ці зможам мы захаваць хрыціянскія каштоўнасці, каб нашыя дзеці мелі арыенцір у гэтым свеце і не паддаваліся ўплывам «суполак смерці», наркаманіі, сектанцтва і іншых небяспечных з’яваў сучаснасці?
Ойча, спашлі Свайго Духа на кожнага беларуса, каб мы змаглі мудра распараджацца тым, што ў нас ёсць, і захавалі нацыю ад вымірання.

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 9-я
Езус падае трэці раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

На шляху да праўды шмат перашкодаў. Таму не дзіўна, што Езус падае ў чарговы раз пад цяжарам крыжа. Гэтаксама і мы даволі часта падаем пад цяжарам сваіх грахоў…
Беларусь знаходзіцца на другім месцы ў свеце па колькасці разводаў і ўжыванні алкаголю на душу насельніцтва, на 2-м месцы па ўзроўні беднасці ў Еўропе, на 4-м — па колькасці суіцыдаў… Дапамажы нам, Хрыстэ, не ўпасці ў роспач ад нашых падзенняў, а выкарыстаць яго як сігнал для ўсеагульнага навяртання душы…

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая, Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 10-я
З Езуса здзіраюць адзенне

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Бадай што ў кожнага бывае той час у жыцці, калі трэба зняць маску і стаць сабою. Менавіта Езус дапамагае нам у гэтай справе, бо Ён любіць кожнага з нас такімі, якімі мы ёсць.
Скінуўшы «адзенне» грахоў, чалавек становіцца чыстым духоўна і набывае новае адзенне — адзенне праведнасці. Ойча, дадай кожнаму з нас мужнасці праўдзіва паўстаць перад самімі сабою і перад Табою, каб мы змаглі ўсёю краінаю распачаць новае жыццё.

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая, Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 11-я
Укрыжаванне Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго». Неверагодны боль ад цвікоў, што прабіваюць Тваё цела… Прабач нас, Хрыстэ, за тое, што ўкрыжоўваем Цябе крывёю тысяч ненароджаных дзяцей, забіваем Цябе ў сабе шматлікімі залежнасцямі, руйнуем сужэнствы, узводзім на п’едэстал іншых «багоў», давяраючы розным забабонам, чырвоным ніткам і магіі… За тое, што, імкнучыся да ўлады і лепшага жыцця, «ідзем па галовах» і множым падман. Прабач за татальную нечысціню і дашлюбныя зносіны, за блюзнерства і крывадушнасць, за ўсё, чым абражаем Цябе, Езу…

Ойча наш… Вітай Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая, Балесная, заступіся за нас!


Стацыя 12-я
Езус памірае на крыжы

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Вось і споўнілася воля Бога. Езус выканаў сваю місію, пранёсшы свой крыж да канца, стрываўшы да канца здзекі і кпіны… Ён памірае, каб мы маглі жыць.
Езу, дапамажы нам памерці для сваёй пыхі. Памерці, каб атрымаць вечнае жыццё. Каб вярнуць надзею і веру на лепшае жыццё ў нашай краіне. Памерці разам з Табою, каб стаць, нарэшце, сапраўдным народам.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая, Балесная, заступіся за нас!



Стацыя 13-я
Езуса здымаюць з крыжа

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Зраненае цела Збаўцы аддаюць Яго родным, каб змаглі пахаваць па звычаях ізраільскага народа.
Дзякуй, Божа, за Твайго Сына, за Яго муку і Кроў, за тое, што даў нам надзею на вечнае жыццё з Табою. Дзякуй таксама за кожнага з нас, за ўвесь наш народ і за тыя ласкі, якія Ты нам даеш кожны дзень. Нягледзячы на шматлікія крыжы і праблемы сучаснасці, мы давяраем Табе, Ойча, усю нашую краіну, увесь наш народ. Благаславі нас, аздараві і напоўні Тваёю праўдаю.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая, балесная, заступіся за нас!



Стацыя 14-я
Езуса кладуць у грабніцу

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Цела Езуса кладуць у грабніцу… Той момант у гісторыі чалавецтва, калі надыходзіць цішыня… Цішыня чакання ўваскрасення, цішыня, у якой кожны можа пачуць сваё сэрца. Што ў ім цяпер — смутак або радасць, крыўда або прабачэнне, зайздрасць або жаданне дабра іншаму? Перамены знешнія пачынаюцца з перамены ў нашых сэрцах, з разумення таго, што «я магу рабіць свет лепшым», «я магу рабіць Беларусь лепшаю», калі ў першую чаргу пастараюся стаць лепшым сам. Дзякуем Табе, Езу, за гэты Крыжовы шлях і поўнасцю аддаем Табе свае сэрцы. Напоўні іх адвагаю несці Цябе іншым і будзь Валадаром нашага жыцця, нашай Бацькаўшчыны. Бо толькі з Табою мы ўваскрэснем!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая, Балесная, заступіся за нас!


Разважанні падрыхтавала Марына Валасар
Ілюстрацыі:
Стацыі Крыжовага шляху, аўтар Андрусь Такінданг

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней