Крыжовы шлях для дзяцей. Шлях ласкі Божай

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. 

Уступная малітва 

Я папрашу ў Цябе спакою,
я не скаруся перад страхам —
о Пане Езу, за Табою
хачу ісці Крыжовым шляхам. 

Хачу ў душы я сёння мець
глыбокі сэнс Тваёй навукі.
Хачу адчуць і зразумець
Твае ўсе жу́дасныя мукі. 

Высокая цана збаўлення!
Ці заслужыў наш грэшны люд
Твайго вялікага цярпення,
Тваіх усіх зямных пакут? 

Увесь я ў думках, што ў палоне.
Хоць крышачку, хаця ледзь-ледзь
дапамажы мне, Езу, сёння,
Твае ўсе ласкі зразумець. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 1

Езус асуджаны на смерць 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

За што асуджаны Ты быў,
асуджаны, як нейкі вораг?
Ты шкадаваў, Ты так любіў,
Ты ратава́ў калекаў, хворых. 

Ты нашы душы ратава́ў,
бярог ад пекла і пакутаў...
З Сабою браў, з Сабою зваў,
ды не была Любоў пачута. 

У сэрцы сёння смутку шмат,
шчымлі́вая у сэрцы скруха.
Скажы, спалоханы Пілат,
чаму не тых людзей паслухаў? 

Прысуд дрыжачаю рукой
ты падпісаў — хай кат балюе...
Нявінны Езус, нада мной
Ты злітуйся — Цябе люблю я. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 2

Езус бярэ крыж

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Які вялікі, цяжкі крыж!
Пакуты ён нясе якія!
Няхай сабе ён цяжкі — ці ж
цяжэйшы за грахі людскія? 

Грахі заўжды цяжэй, люцей,
чым проста крыж драўляны нечы.
О Езу, ўсе грахі людзей
Ты узлажыў сабе на плечы. 

Ты ледзьве на нагах стаіш,
цяжа́р адчуўшы над сабою.
О Езу, свой уласны крыж
хачу я несці за Табою. 

Я абяцаю — я ж не хлус,
што з дапамогай Божай ласкі
я панясу вялікі груз
сваіх штодзённых абавязкаў. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 3

Езус падае пад крыжам 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Свайму бяссіллю даць як рады,
сцярпець пад крыўдаю чужой?
І я, бывала, часам падаў
і целам, і слабой душой. 

Несправядлівым свет здаваўся,
хоць і была віна мая.
Не толькі на сябе злаваўся —
на цэлы свет злаваўся я. 

Вялікі боль Ты, Езу, чуеш,
ды злосць Цябе не ўскалыхне́.
Ты супраць крыўды не бунтуеш,
бо церпіш Ты дзеля мяне. 

Ты дзеля нашага збаўлення
прыняў пакут чарговы круг.
Твае маўклівыя падзенні
мацуюць мой нястойкі дух. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 4

Езус сустракае Маці Балесную

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

І стаўся боль у нас суме́сным,
нам разам трэба слёзы ліць.
Але Табе, маёй Балеснай,
найбо́лей за усіх баліць. 

Для здзекаў страшных Сын узяты,
за людства мусіць несці Крыж.
Крычала б: «Сын невінаваты!».
Але паку́тліва маўчыш. 

Ты ў сэрцы га́сіш утрапе́нне,
хоць смуткам зойдзешся ўначы.
О Маці Боскага цярпення,
быць міласэрным навучы. 

Каб я жыццё не ба́віў ма́рна,
як Езус, — так людзей любіў.
Для іншых быў самаахвя́рным,
спага́длівым для іншых быў. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 5

Сымон Кірынэ́ец дапамагае Езусу несці крыж 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Сымоне, ўсцешся, акрылё́ны...
Які ты дужы, пакажы.
А Езус — глянь, які стамлё́ны...
Яму крыж несці памажы.

Хоць памагаеш з неахвотай,
не знаючы, што крыж той — дар...
І можа, думаеш упо́тай:
«Нашто ён мне — такі цяжар?». 

Ішоў бы з Сынам Чалавечым —
з Табой ішоў бы, Пан мой, Бог,
я з радасцю б падставіў плечы —
Табе б, о Езу мой, памог. 

Бацькі, сябры і проста людзі —
я абяцаць усім магу:
калі вам надта цяжка будзе —
абавязкова памагу! 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 6

Вераніка выцірае твар Езуса 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Уся аддаўшыся жальбе́,
ў любові да Цябе вялікай,
о Езу, збітага Цябе
пашкадавала Вераніка. 

Без мітусні і лішніх слоў
к Табе прыпала на хвілінку.
І з твару пыл, і пот, і кроў
старанна выцерла хусці́нкай. 

І гэты вось душы́ парыў
камусьці недарэ́чным здаўся,
бо навако́л натоўп віры́ў
і злосна над Табой смяяўся — 

самаздаво́лены сабой
і разгара́чаны ад крыку...
О Езу змардава́ны мой,
я так зраблю, як Вераніка. 

Бяда людзей — бяда мая,
няўдачы іх — мае няўдачы.
Усіх заўжды суцешу я,
хто моцна жу́рыцца і плача. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 7

Езус падае другі раз 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Жаўне́ры так Цябе дайма́юць,
а Ты сцярпець гатоў за нас.
Цябе ўжо сілы пакідаюць —
Ты падаеш чарговы раз. 

Тваім бяздушным паганя́тым
карці́ць Цябе ізноў збіваць.
Як хочацца тым жорсткім ка́там
хутчэй Цябе укрыжаваць.

Мой грэх — заўжды́ Табе абра́за,
перад Табою я ў даўгу́.
Грашу́ — і па́даю адразу,
а вось падняцца не магу. 

О Езу, дай жа мне уменне,
каб Тваю ласку не згубіць,
уберагчы́ся ад падзення
і добрым Тваім вучнем быць. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 8

Езус суцяшае ерузале́мскіх жанчын 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

І хоць для слёз былі прычыны —
Твой Крыж як сэрца не кране́?! —
казаў Ты спла́каным жанчынам:
«Дарма́ вы плачаце па Мне!». 

Сказаў, хоць быў на цэлым свеце
такі пакі́нуты ў той міг:
«Вы плачце па сабе і дзецях
сваіх — падумайце пра іх...». 

Я ж часта думкі меў пустыя
і толькі думаў пра сябе,
а побач гарава́лі тыя,
хто быў у смутку, у жальбе. 

Знайду я, веру непару́шна,
ад дабрыні знайду ключы.
О Езу, быць велікаду́шным
мяне Ты сёння навучы. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 9

Езус трэці раз падае пад крыжам 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Як хочацца мне крыкнуць: «Го́дзе!
Гэй, ка́ты, супыні́цца час!».
Твае ўжо сілы на зыходзе —
Ты па́даеш у трэці раз. 

Няўжо́ ў Цябе ўспамі́н не блі́сне:
«Шчаслівы час... куды ён збег?».
І крыж цяпер страшэнна цісне,
нібы́ людскі смяротны грэх. 

Не тры разы — я падаў болей,
мая віна ў душы́ гарчыць.
О Езу, загарту́й мне волю,
каб не асмеліўся грашыць. 

Не будзе да грахоў вяртання,
уце́хай стану для радні́...
Я знаю, крыж Твой лёгкі стане,
як будзем жыць у дабрыні. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 10

З Езуса здзіраюць адзенне 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Што робяць бессаро́мна ка́ты!
І гвалт ніяк не спы́няць свой.
Усе Твае святыя ша́ты
з Цябе здзіраюць, Езу мой. 

А Ты ні ў чым не вінаваты,
Цябе, мой Пане, шкода мне.
А тое, што зрываюць ша́ты, —
то робяць па маёй віне. 

Бо неаднойчы давяло́ся
мне прапусціць Тваю Імшу.
І колькі раз Табе прыносіў
не вельмі чыстую душу́. 

Даруй, што, можа, у нядзелю
не так паводзіў я сябе.
Хоць і стаяў я у касцеле,
а быў далёка ад Цябе. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 11

Укрыжаванне Езуса

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

О Езу мой, Збавіцель мой,
о Езу мой укрыжава́ны.
Паві́с Ты По́стаццю нямо́й,
а як баляць святыя раны!

Зноў над Табою чыняць здзек,
хоць і да кры́жа Ты прыку́ты.
Праўдзівы Бог і Чалавек,
апошнія бярэш паку́ты. 

Які Ты пераносіш боль,
мой Пан, Паку́тнік нечува́ны!
І ўсе грахі мае — як соль,
што на Твае́ трапляе раны. 

І Ты ўжо ды́хаеш ледзь-ледзь
і больш не просіш піць прынесці.
Так навучы мяне цярпець,
як давядзе́цца крыж свой несці. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 12

Езус памірае на крыжы́

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

І болей жыць не стала сілы.
Ты сіратой зрабіў зямлю...
Укрыжава́ны Езус мілы,
Ты знаеш, як Цябе люблю! 

Няўжо Цябе сягоння страціў?
Наво́шта Ты памёр ад ран?
Не ўмею так любіць, як Маці
ці як любіў апостал Ян. 

Каля Цябе стаяць да змогі,
маліцца з іншымі людзьмі
і цалаваць святыя ногі,
іх абмываючы слязьмі. 

Мог не такую мець Ты долю
і жыць без гэткага канца.
Але хацеў Ты спо́ўніць волю
Свайго любімага Айца. 

І я тут, на зямлі, не вечны,
уберагчы б душу сваю.
Хіну́ся да Цябе штовечар,
каб ласку атрымаць Тваю.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 13

Езус зняты з крыжа́

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Смерць расчыні́ла насцеж дзверы,
і смутак выйшаў на дазор.
А я зусім, зусім не веру,
што Ты, мой Божанька, памёр. 

І хоць Ты — боль вялікай стра́ты,
Ты — вечны, не часовы госць.
Ты сёння проста з кры́жа зня́ты.
Ты быў, але й цяпер Ты ёсць! 

Ты ёсць! Няхай не плачуць людзі,
адчуўшы горкі смак бяды́.
О Езу мой, Ты вечна будзеш,
Ты з намі будзеш назаўжды́. 

Для нас жывы́м Ты Хлебам станеш,
Цябе не хочам мы згубіць.
Ты з мёртвых ве́лічна паўста́неш,
каб нас у радасці любіць. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 14

Пан Езус пакла́дзены ў грабні́цу

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Навокал сонейка іскры́цца,
сінее неба пышны храм.
Ляжыш Ты, Езу, у грабні́цы —
самотна нам і горка нам. 

І хоць ёсць смутак расставання,
шчымлі́вы смутак небыцця́,
Ты — знак жывы змёртвыхпаўста́ння,
наш сімвал вечнага жыцця.

Ці трэба плакаць над паме́рлым —
лу́нае радасць над журбо́й.
Цябе палюбім і паверым —
і будзем вечна жыць з Табой. 

За тых, хто ўжо адбарані́цца
не змог ад смерці, рукі склаў —
штодзённа буду я маліцца,
каб Ты іх да Сябе узяў. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Малітва на заканчэнне 

Я зведаў жаль, я зведаў страх
і я паверыў у бяссмерце.
Крыжовы шлях, Крыжовы шлях,
цябе прайшоў я ўла́сным сэрцам. 

І хоць я ўсё ж застаўся цэлым
і я Тваіх не маю ран —
Твой боль увесь ула́сным целам
адчуў я, мой цярплі́вы Пан. 

Мы ўсе б тады маглі прапа́сці,
надзея б згі́нула мая
на вечнае людское шчасце,
калі б не Мука й Смерць Твая. 

Ты нам прынёс выратаванне,
нас ашчаслівіў Ты Адзін —
наш міласэрны, добры Пане,
самаахвярны Божы Сын.


Паводле: Крыжовы шлях. Разважанні для дзяцей.
Выдавецтва "Про Хрысто", Мінск, 2005 г.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней