Крыжовы шлях ненароджаных

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. 

Уступная малітва

«Забойства ненароджаных дзяцей ва ўлон­ні маці з’яўляецца самай балючай ранай Касцёла і ўсяго чалавецтва, — пад­крэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ. — (...) Момант, калі маці носіць зачатае чалавечае жыццё, зачатае дзіця, з’яўляецца момантам святым і недатыкальным.

А калі гэтая святасць парушаецца, калі забойства ненароджанага дзіцяці робіцца звычаем грамадства, калі гэта становіцца агульным правілам, то такі падыход да гэ­тай святыні наносіць вялікую шкоду жыццю людзей і грамадства».

Паспрабуем уявіць, як выглядае кры­жовы шлях маленькіх, безабаронных ча­лавечых істотаў, якім бацькі не дазволілі ўбачыць гэты свет.

Езуса, таксама яшчэ Дзі­цем, хацеў забіць Ірад: «Тады Ірад, уба­чыўшы, што мудрацы з яго пасмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых... Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: «Голас у Раме чутны, плач і рыданне і лямант вялікі; Рахэль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма» (гл. Мц 2, 16-18).

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 1. Прысуд 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Сёння мая мама даведалася, што ўжо больш за месяц я жыву ў яе пад сэрцам. На жаль, яна не ўзрадавалася мне. Сказала страшныя словы: «Не хачу гэтага дзіцяці! Няма яму месца ў нашым доме».

Езус, Ты таксама пачуў такі прысуд і прыняў яго моўчкі. А я нават не ўмею гаварыць.

Мама, тата! Я маўчу, хоць і ведаю пра ваш прысуд. Моўчкі пытаюся ў вас: чаму і за што? Бо я ж не прасіўся на гэты свет. Ці, можа, любоў — гэта толькі забава і нейкая дзіўная гульня?

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 2. Прыняцце крыжа 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Як цяжка жыць, калі ўжо вынесены прысуд! Усё ўва мне крычыць і пратэстуе. Хачу жыць, хачу расці! А вы не даеце мне такой магчымасці. Перакрэсліваеце Божыя планы адносна мяне.

Ведаць, што ідзеш на смерць заўчасна, узяць такі цяжкі крыж, калі яшчэ так мала сіл, — гэта страшэнна балюча. Мама! Тата! Ці ведаеце вы, што крыж, які вы мне даеце, несправядлівы і пераўзыходзіць мае сілы?

Езу, Ты таксама нёс свой крыж несправядліва. Ты ўзяў яго з вялікай любові да ўсяго чалавецтва. Я таксама хачу любіць і хачу, каб мяне любілі.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 3. Першае падзенне 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Мой крыж, Езу, як і Твой, вельмі цяжкі. Ён звыш маіх такіх  кволых намаганняў і сілы. Нічога дзіўнага, што я падаю, не вытрымліваю. Самыя блізкія адмовіліся ад мяне. Яны не любяць і не чакаюць мяне.

Езу! Ты таксама быў самотны са сваім крыжам. Таксама падаў, але падымаўся і ішоў наперад. Адчуваю, што і я маю ў сабе столькі моцы і жыццёвай сілы. Па­спрабую падняцца, каб ісці далей, каб жыць і расці. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 4. Сустрэча з маці 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Мая мама... Ці ж маю я маці? Яна сустрака­ецца са мной, бо носіць мяне ў сваім улонні. Ува мне цячэ яе кроў, і гэта яна мяне сілкуе
і дае сілы для жыцця. Мама, чаму ты корміш мяне цыгарэтным дымам і алкаголем? Чаму сустрэчы з табою такія балючыя?

Маці Божая, Ты таксама сустрэла свайго Сына, і вашая сустрэча была напоўненая болем і цярпеннем. Езу, толькі Твая Маці ўмее сапраўды любіць. Яна любіць таксама і мяне, бо з’яўляецца і маёй Маці. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 5. Дапамога ў нясенні крыжа 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Сымон быў добрым чалавекам. Аднак ён неахвотна згадзіўся дапамагчы Табе, Езу, несці крыж. Толькі потым ён зразумеў таямніцу крыжа.

Нехта сказаў маёй маці, што аборт — гэта вельмі небяспечная аперацыя, што яна павінна добра падумаць над гэтым рашэннем. Мама пачала сумнявацца ў сваім намеры, але не з-за любові да мяне, а таму, што баялася за сябе.

Мама, калі б ты ведала, як моцна дапамагла мне гэтая твая добрая, хоць і эгаістычная думка. Ты несвядома дапамагла мне
ў маім цярпенні. 

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 6. Вераніка 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Маленькая, непрыкметная, але смелая
і міласэрная жанчына. Падбегла з чыстай хусцінкай і выцерла Твой твар, Езу. Крыху аблегчыла Твае пакуты.

Мая маці расказала сяброўцы пра сваю таямніцу. Сяброўка ўзрадавалася, ужо хацела яе павіншаваць і пажадаць шчаслівых родаў. Але раптам даведалася, што мне не давядзецца нарадзіцца. Яе радасць змянілася смуткам. Спрабавала ўгаварыць маму, спрабавала выратаваць мяне.

Мне гэта прынесла велізарную палёгку — выцерла мой твар незнаёмая мужная Ве­ра­ніка. Дзякуй табе за гэта, адважная Вераніка.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 7. Другое падзенне 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Добрая дарадчыца маёй маці адышла.
На маіх маленькіх плячах застаўся толькі крыж, ён стаў яшчэ больш цяжкі. І хоць я развіваюся, расту, з кожным днём так моцна мяняюся, усё роўна не магу даць рады
гэтаму крыжу, які расце разам са мною.

Ён прыгнятае мяне, і я зноў падаю. О Езу, дапамажы мне падняцца. Я хачу жыць! Дапамажы таксама і маёй маці.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 8. Размова з жанчынамі 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Шмат ёсць добрых жанчын, такіх, якія плачуць над маім лёсам і над лёсам маіх брацікаў і сястрычак. Яны плачуць над намі, але часцей за ўсё нічога не робяць, каб змя­ніць наш лёс. Грэшаць, паддаўшыся нядбайнасці, а маглі б дапамагчы, пакуль яшчэ не позна.

Езу, Ты вучыў ерузалемскіх жанчын, каб яны плакалі над сабою, над сваімі дзецьмі
і над сваімі грахамі.

Спагадлівыя жанчыны! На вашую дапамогу і на ваш пратэст спадзяюцца ненаро­джаныя дзеці. Узгадайце, як адважна прасіла жонка Пілата, перасцерагаючы яго ад абвяшчэння несправядлівага прысуду: «Не рабі нічога Справядліваму таму, бо я сёння ў сне многа цярпела дзеля Яго» (гл. Мц 27, 19).

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 9. Трэцяе падзенне 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Мой крыж робіцца велізарным. Ён становіцца ўсё большым з-за ўсведамлення блізкай жорсткай смерці. Гэтая думка прыводзіць у стан шоку, амаль смяротнага. Я пе­ражываю страшэнную роспач.

Езу, толькі Ты адзін ведаеш, што робіцца ў маім сэрцы. Ты ў трэцім падзенні перажываў клінічную смерць. Ты адзін разумееш мой стан. Ты, Пане, даў людзям вольную волю, а яны, выкарыстоўваючы яе, злоўжываюць Божым дарам.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 10. Агаленне 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Я хутка развіваюся. Усё ўва мне крычыць, бо я вельмі хачу жыць.

Мама, калі б ты толькі ведала, як моцна я гэтага жадаю, калі б ты хацела мяне ўбачыць, калі б хоць крыху мяне любіла, тады ты змагла б дачакацца і перажыць невымоўную радасць — маё нараджэнне. Бацькі, чаму вы не хочаце дачакацца дня майго нараджэння?

Езу, на Цябе, аголенага, глядзяць забойцы.

Нават урачы могуць зрабіцца нашымі забойцамі, бо нашым маці не хапае любові.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 11. Прыбіванне да крыжа 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Надышла мая апошняя гадзіна. Маці прыйшла да ўрача, каб забіць мяне. Урач узяў вострыя інструменты, якімі раз за разам наносіць мне раны. Ад першай раны я яшчэ не паміраю, толькі страшэнна пакутую. Я не скарджуся, хоць мне вельмі баліць. Мама, ці ж ты не бачыш маёй крыві? Не, ты не хочаш глядзець на кроў. Вострыя інструменты ўсё больш раздзіраюць маё цела.

Езу, у гэтых муках толькі Ты можаш мяне зразумець. На Галгофе цвікамі прыбівалі Твае рукі і ногі да крыжа. Як Ты гэта вытрываў? Дай мне сілы ў маёй жахлівай агоніі.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 12. Смерць 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Бывай, мама, тваё рашэнне зрабілася для мяне крыжам, на якім я паміраю. І хоць ты мяне забіваеш, усё роўна ты — мая маці, хоць і такая бяздушная. А ведаеш, чаму? Таму што ў цябе няма любові.

Пад крыжам Езуса таксама стаяла Яго Маці. Яна любіла і суперажывала, бо ведала — Бог праз крыж адкупіў свет.

Маё цярпенне і смерць могуць цябе асу­дзіць. Але я малюся за тых, хто забіў мяне. «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (гл. Лк 23, 34).

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 13. Зняцце з крыжа 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Езу, пасля зняцця з крыжа Цябе паклалі на калені да Маці. Яна глядзела на Цябе,
на Твае раны, памірала ў сваім сэрцы і разам з Табою збаўляла свет і ўсіх нас.

Мая маці не хоча глядзець на мяне, на маё цела, парванае на кавалкі і выкінутае
ў сметніцу. Маці адчула палёгку, яна пазба­вілася цяжару, але ў яе засталіся дакоры сумлення.

Маці Божая, Ты — мая Маці. Прашу Цябе, вазьмі і маё цела ў свае беззаганныя рукі. Складзі яго для ўваскрасення.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі! 

Стацыя 14. Пахаванне 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Тваё цела, Езу Хрыстэ, паклалі ў новую грабніцу. Мая труна — гэта сметнік альбо каналізацыя. Але гэта наша агульная грабніца, бо ўва мне забілі і Цябе, Езу. Бо Ты сказаў: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (гл. Мц 25, 40).

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 15. Уваскрасенне 

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты! 

Езу, на трэці дзень Ты ўваскрос, як і абвяшчаў: «Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі чалавечыя; і заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне» (гл. Мц 17, 22-23).

Езу ўваскрослы, прабач, што нагадваю Табе словы, якія Ты прамовіў каля грабніцы Лазара, калі Марта сустрэла Цябе па­прокам: «Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой» (гл. Ян 11, 21). Скажы маёй маці, як Ты тады сказаў Марце: «Увас­крэсне брат твой» (гл. Ян 11, 23).

Бацькі мае, чаму вы не паверылі словам Пана Езуса? «Спадзеючыся на Бога, што будзе ўваскрашэнне мёртвых, праведных і ня­праведных, чаго і самі яны чакаюць» (гл. Дз 24, 15).

Каб атрымаць адпуст, памолімся ў інтэнцыі Святога Айца:

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...


Паводле: Крыжовы шлях. Разважанні для моладзі.
Выдавецтва "Про Хрысто", Мінск, 2005 г.

Ілюстрацыі: Yongsung Kim

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней