Угледземся ў крыж

Разважанні Крыжовага шляху Збаўцы нашага Езуса Хрыста, падрыхтаваныя арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Крыжовы шлях — гэта быццам звычайнае набажэнства, якіх шмат, але яно зусім іншае. Гэта ўспамін пра падзеі, якія адбыліся дзве тысячы гадоў таму, успамін пра цярпенні Езуса Хрыста.

Усё гэта ўжо так даўно было, і ці ёсць сэнс памятаць аб тых далёкіх гістарычных падзеях? Ці сапраўды ўсё гэта ўжо было і больш не паўторыцца?
Кожны глядзеў на крыжовы шлях Езуса па-рознаму… Адны — вачамі Яго вучняў, другія — вачамі Марыі, хтосьці — вачамі натоўпу ці рымскіх жаўнераў. Які б ні быў гэты погляд, ён узбагачае нас у пазнанні цэласнасці. Хто ведае, можа, сённяшні пункт гледжання будзе нашым поглядам?

І стацыя. Езус асуджаны на смерць

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Стацыя справядлівасці

Шмат людзей ужо асуджаных, адных яшчэ толькі судзяць, іншыя чакаюць суду. Адны заслугоўваюць пакарання, другія — не. А што наконт нашых асабістых, прыватных меркаванняў, якія здараюцца ў нашым жыцці? Езус кажа: «Не судзіце — і вас не будуць судзіць». Якая ж іронія ў гэтых словах Хрыста! Судзяць таго, хто не асудзіў нават грэшную жанчыну!..

Памолімся за ўсіх, несправядліва асуджаных.

Ойча наш...
Змілуйся над намі, Пане.


II стацыя. Езус бярэ крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ…

Стацыя пакоры

Шмат людзей бунтуецца, калі ім даводзіцца сутыкнуцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Часта бывае так, што гэтыя цяжкасці непрапарцыянальна малыя ў параўнанні з бунтам, які ўчыняе чалавек. Езус, нічога не кажучы, узяў крыж і пайшоў... Ён меў поўнае права пратэставаць, патрабаваць апеляцыі, каб перагледзець прысуд, што заўгодна. Аднак Ён маўчыць і пакорліва бярэ свой крыж. Ён адзіны, які маўчаў сярод крыклівага натоўпу.

Памолімся за тых людзей, хто пакорна ўспрымае ўсе няўзгоды і жыццёвыя складанасці.

Вітай Марыя…
Змілуйся над намі, Пане.


III стацыя. Езус падае першы раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Станцыя трываласці

Чаму мы назвалі гэтую стацыю «Стацыяй трываласці?» Езус падае з-за слабасці! Менавіта з-за слабасці Ён ляжыць, прыдушаны цяжарам крыжа! Гэта праўда. Але Езус пераадолеў гэтую слабасць, калі ўстаў. Колькі разоў мы, змагаючыся з залежнасцямі альбо проста ставячы сабе нейкія патрабаванні, падалі? А колькі разоў перамагалі ў барацьбе з гэтымі залежнасцямі? Колькі разоў выконвалі свае абяцанні? Адным словам, колькі разоў падымаліся пасля гэтых падзенняў? І трэцяе пытанне, здаецца, самае галоўнае: ці роўная колькасць нашых падзенняў колькасці нашых паўстанняў?

Памолімся за тых, хто ўпаў і не хоча ўстаць, а магчыма, ужо больш не можа падняцца.

Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому...
Змілуйся над намі, Пане.


IV стацыя. Езус сустракае сваю Маці

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя бацькоўства

«Шануй айца твайго і маці тваю», — вучыў Майсей ля падножжа гары Сінай, калі перадаваў Дэкалог ад Бога ізраэльцянам. Шануй... Гэта азначае больш, чым проста павага. Гэта больш, чым быць паслухмяным бацькам. Гэта больш, чым ва ўспамін усіх памерлых наведаць іх магілу і запаліць свечку. Нешта больш... Гэта бязмежная любоў да тых, хто перадаў нам Божы дар жыцця і ахвярна нам служыў, падобна як Марыя служыла Езусу падчас Яго зямнога жыцця, асабліва падчас крыжовага шляху.

Памолімся за нашых бацькоў.

Ойча наш...
Змілуйся над намі, Пане.


V стацыя. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя сціпласці

Сымон бараніўся столькі, колькі мог, каб толькі не несці крыж. Ён пытаў самога сябе: «Чаму я? Можа, нейкі добраахвотнік знойдзецца? Навошта мне гэта?» На шчасце, у яго было дастаткова пакоры, каб прыняць гэты знак сораму і дапамагчы асуджанаму. Паводле традыцыі, ён дапамагаў Езусу несці крыж аж да Галготы.

Памолімся за ганарлівых людзей. Езу, ціхі і пакорны сэрцам, зрабі нашыя сэрцы да твайго падобнымі.

Вітай Марыя…
Змілуйся над намі, Пане.


VI стацыя. Вераніка выцірае твар Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя адвагі

Апосталы паўцякалі. Людзі, якія некалькі дзён таму радасна сустракалі Езуса, што ўязджаў у Ерузалем, з воклічамі: «Гасанна Сыну Давіда», цяпер крычалі: «Укрыжуй Яго! Укрыжуй!» Пілат умывае рукі. Жаўнеры насміхаюцца, а фарысеі і кніжнікі радуюцца, бо праз імгненне яны пазбавяцца ад нязручнага чалавека, які абвінавачваў іх у крывадушнасці. Толькі жанчына па імені Вераніка змагла вырвацца з натоўпу, толькі яна адважылася праявіць жаль і аказаць дапамогу. Якім мужным трэба быць, каб сказаць «не», калі ўсе крычаць «так!» Гэтым адважным чалавекам становіцца не мужчына, а сціплая жанчына. Слабая асоба, якая прабілася праз ачапленне моцных жаўнераў. Вось чаго можна дасягнуць, калі мы сапраўды хочам.

Памолімся за адважных людзей і тых, хто змагаецца за справядлівасць.

Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому…
Змілуйся над намі, Пане.


VII стацыя. Езус падае другі раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя настойлівасці

Чаму так? Вераніка, Сымон і нават Марыя падтрымліваюць Цябе, Езу, сваёй прысутнасцю, а Ты падаеш, і ўжо другі раз? Магчыма, таму, што нават іх прысутнасць не гарантуе ідэальнага жыцця. Магчыма, таму, што нам увесь час пагражае падзенне, нават калі мы блізка да Бога, бо злы дух не спіць, а ўвесь час спакушае. Мы будзем падаць, і гэтаму няма рады, бо мы грэшныя. Памятайма, што наша Вераніка, наш Сымон і Найсвяцейшая Панна Марыя з намі, каб дапамагчы нам устаць, калі ізноў упадзем.

Памолімся за нетрывалых у сваіх пастановах людзей, каб кожны з іх знайшоў сваю Вераніку і свайго Сымона і ніколі не забываў пра Марыю, якая дапаможа ўстаць.

Ойча наш…
Змілуйся над намі, Пане.


VIII стацыя. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя выняцця бервяна з вока

Жанчыны плачуць над лёсам Езуса, ды і самі яны знаходзяцца не ў лепшым становішчы. Езус ім гэта паказвае. Ён вымае з іх вока бервяно. Аднак жанчыны працягваюць плакаць. Толькі ці ўсё яшчэ па Езусе ці, можа, ужо плачуць па сабе, усведамляючы, што толькі што асудзілі Хрыста на смерць?

Памолімся за міласэрных людзей і за вочы без шчэпак і бярвёнаў.

Вітай Марыя…
Змілуйся над намі, Пане.


IX стацыя. Езус падае трэці раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя надзеі

Гэта ўжо канец. Ніхто не ўстане пасля такога падзення. Вераніка, Сымон і нават прысутнасць Маці Марыі не дапамогуць. Тым больш самому нічога не ўдасца зрабіць.

Праславім Езуса Хрыста, бо Ён устаў і пасля трэцяга падзення! Дзякуючы гэтаму нават дно мае свой сэнс! Ёсць надзея, якая ў Хрысце!

Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому...
Змілуйся над намі, Пане.


Х стацыя. З Езуса здзіраюць адзенне

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя праўды

Голы, распрануты Езус. Голая праўда. Гэтыя словы можна ўспрымаць літаральна, бо Ён сказаў пра сябе: «Я дарога, драўда і жыццё». Езус ніколі і нічога не хаваў ад людзей, нават свайго цела. У рэшце рэшт, ён увесь час адкрыта казаў сваім вучням, што будзе адкінуты, зганьбаваны, укрыжаваны і забіты ... А мы? Колькі разоў мы хлусім, падманваем, перайначваем, «выбельваем»... Колькі разоў нешта хаваем ад нашых блізкіх, у час як павінныказаць «так — так, не — не».

Памолімся за сумленнасць і прамалінейнасць нашых сэрцаў.

Ойча наш…
Змілуйся над намі, Пане.


ХІ стацыя. Укрыжаванне Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя паслухмянасці

Хрыстус мог запярэчыць свайму Нябеснаму Айцу. У Аліўным садзе Ён быў нават блізкі да гэтага, але, на шчасце, адазваўся словамі малітвы, якой вучыў іншых: «Няхай будзе Твая воля». Дакладна! На небе вядомы толькі адзін выпадак непадпарадкавання, калі Люцыфер сказаў Богу: «Я не буду служыць Табе». Сын Божы, аднак, заставаўся паслухмяным Айцу да смерці і да крыжа. Жахліва падумаць, што было б, калі б Езус не паслухаў свайго Айца...

Памолімся за непакорлівых і непаслухмяных.

Вітай Марыя...
Змілуйся над намі, Пане.


ХІІ стацыя. Езус памірае на крыжы

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя перамогі і таямніцы

Езус вучыць, што, для таго каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз вузкую браму. Праз вузкую браму можна прайсці толькі паасобку, адзін за адным. Хто б мог падумаць, што гэтай брамай будзе смерць. Кожны калісьці памрэ, але кожны можа прыняць дар збаўлення. Трэба толькі хацець...

Памолімся за ўсіх памерлых.

Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому...
Змілуйся над намі, Пане.


ХІІІ стацыя. Езуса здымаюць з крыжа

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя незакончанай справы

Евангеліст Ян піша, што апошнім словам Езуса на крыжы было слова «здзейснілася». Ён памёр на крыжы, і Яго трэба было пахаваць, зняўшы з крыжа. Набліжаецца Вялікдзень. Трое асуджаных, якія вісяць на крыжы каля горада, дзе пануе «святочная ліхаманка», — не вельмі пажаданае відовішча для ўладаў... Менавіта таму яны паспешна знялі Яго з крыжа.

Памолімся за ўсіх няверуючых, каб яны знайшлі час паразважаць аб сваім уласным жыцці і прыняць ласку збаўлення.

Ойча наш...
Змілуйся над намі, Пане.


XIV стацыя. Езуса кладуць у грабніцу

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...

Стацыя ўваскрасення

Мы верым у тое, што Езус памёр, што Яго паклалі ў магілу і што Ён уваскрос! У гэтым няма ніякіх сумневаў, згодныя евангелісты, а святы апостал Павел нават піша, што калі б не было ўваскрасэння Езуса, то і наша вера не мела б сэнсу.

Таму вызнаем нашу веру: Веру ў Адзінага Бога...
Змілуйся над намі, Пане.


Стацыі справядлівасці, пакоры, трываласці, бацькоўства, сціпласці, адвагі, настойлівасці, выняцця бервяна з вока, надзеі, праўды, паслухмянасці, перамогі і таямніцы, незавершанай справы і ўваскрасення — гэта стацыі, якія не толькі распавядаюць пра шлях, якім Хрыстус нас збавіў. Гэта таксама праўда, якая паказвае наша жыццё, якое, нягледзячы на складанасці, прыгожае і радаснае, бо мы збаўленыя, і таму наша жыццё, якім бф складаным яно ні было, мае сэнс. Ці верым мы ў гэта? Ад адказу залежыць наша будучыня і вечнасць. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней