Разважанні Крыжовага шляху

Уступная малітва

Езу журботны! Разам з Маці Тваёй, якая раздзяліла з любым Сынам апошні зямны шлях, пройдзем і мы па Тваім шляху на Галготу. Просім, каб разважанні над Тваімі страшнымі пакутамі напоўнілі нашыя сэрцы ўдзячнасцю за прынесеную Табой ахвяру, а таксама шчырым жалем за ўчыненыя грахі.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Людскі натоўп, які рассцілаў перад Езусам пальмавыя галінкі і натхнёна вітаў «Гасанна!», усяго праз некалькі дзён злосна крычаў: «Укрыжуй!» I гэтыя людзі лічылі сябе веруючымі, вельмі пабожнымі…

Хто з нас так, як Збаўца, змог бы прыняць смерць дзеля іншага? А хто, не зважаючы на атачэнне, хаця б чыніць знак крыжа перад ежай альбо пасля яе ў публічным месцы? Ці ў многіх хопіць адвагі адкрыта і цвёрда вызнаць сваю веру ў такой сітуацыі, калі ўсе высмейваюць Бога і веруючых? Ці заўсёды нашае жыццё грунтуецца на Божых запаведзях? Ці часта мы ахвяруем уласным камфортам і сумніўнымі свецкімі каштоўнасцямі дзеля справаў і ўчынкаў на хвалу Божую?

Збаўца, несправядліва асуджаны! Прабач за нашую недасканалую веру. Умацуй нас сваёй ахвярнасцю!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 2. Езус бярэ крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Скатаваны, ледзь жывы, Езус пакорна прымае крыж на свае скрываўленыя плечы. Не пратэстуе, бо ведае: гэта крыж людскіх грахоў і толькі праз яго чалавек зможа атрымаць збаўленне.
А як кожны з нас рэагуе на крыж свайго жыцця? У праблемах і цяжкасцях мы найчасцей пачынаем узмоцнена маліцца, ахвяруем святыя Імшы, часцей наведваем святыні. Выяўляецца, што для гэтых справаў лёгка можна знайсці сілы і магчымасці, сродкі і час. Па якой жа прычыне іх не стае, калі нашае жыццё спакойнае, размеранае і ўладкаванае? «Як трывога, дык да Бога», — на вялікі жаль, дадзенае выказванне датычыць амаль кожнага. І тады мы найчасцей адрасуем Пану адно і тое ж пытанне: «За што?» А можа, варта скіраваць свае думкі ў іншае рэчышча і задумацца: «Дзеля чаго?»

Езу пакорны! Навучы і нас Тваёй ціхай пакоры.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 3. Езус падае першы раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Збаўца, знясілены і знявечаны, не вытрымлівае цяжару крыжа і падае. Нягледзячы на пакуты, Ён падымаецца і працягвае свой шлях на Галготу.

Кожны з нас падае ў жыцці. Самае крыўднае для нас саміх ды самае балючае для Езуса тое, што нярэдка мы падаем на адным і тым жа месцы. У канфесіянале мы шкадуем за свае грахі і абяцаем выправіцца, але наколькі шчырыя нашы абяцанні? Мы лічым сябе пабожнымі, аднак усё роўна працягваем грашыць. П’янства, брыдкаслоўе, знявагі і асуджэнне іншага, распуста, лянота, пагарда да Божых запаведзяў — кожны з нас мае свае заганы. Хіба ў нас няма сілаў пазбавіцца ад іх? А можа, прычына ў нежаданні і празмерным спадзяванні на Божую міласэрнасць? Нават калі мы грашым, Пан Бог любіць кожнага з нас, а мы злоўжываем Яго любоўю…

Езу найцярплівейшы! Забяры нашу чалавечую слабасць і нашыя заганы. Умацуй нас сваёй любоўю і прабачэннем.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці.

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Жудасны лёс Сына прыйшла раздзяліць Яго Маці. Панна Марыя яшчэ з часоў маленства Езуса ведала, што Яе сэрца праб’е меч балесці. У Яе бязмоўным позірку хаваўся боль, які немагчыма выказаць аніякімі словамі, немагчыма перадаць аніякім плачам. Багародзіца прыйшла суправаджаць Сына, каб у еднасці з Ім ісці да неба.

З моманту звеставання Марыя поўнасцю прыняла Божую волю і не наракала на выпрабаванні. Падчас Крыжовага шляху Божая Маці пакутвала разам з Езусам так, як пакутуе любая маці, бачачы боль і цярпенне свайго дзіцяці або здзек з яго. Усё ж была адна акалічнасць, якая давала сілы годна вытрываць разам з Сынам пякельныя мукі — гэта ўпэўненасць у тым, што пасля смерці абавязкова будзе ўваскрасенне. Нават у такім жахлівым цярпенні Марыя не страціла абсалютнага даверу да Пана Бога і чарговы раз з вялікаю пакораю прыняла Яго волю.

Маці балесная! Навучы нас аддаваць у Божыя рукі нават самыя цяжкія жыццёвыя сітуацыі і поўнасцю давяраць Богу.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Мілы наш Збаўца! Дапамога Сымона Кірынэйца хоць трошкі палегчыла Твае пакуты, хоць ён зрабіў гэта пад прымусам — у ягоныя планы зусім не ўваходзіла дапамога Незнаёмцу, асуджанаму на ўкрыжаванне. Стражнікі сілай усклалі на плечы Сымона крыж Езуса…

Кожны з нас неаднойчы сустракаўся з тымі, каго цяжар жыццёвага крыжа прыціснуў да самай зямлі. Толькі ці заўсёды, не вагаючыся ні на хвілінку, мы паспяшаемся ім дапамагчы? Мы лічым сябе добрымі, спагадлівымі, але часам такое меркаванне пра саміх сябе — вынік самалюбавання і захаплення сабой. Ці дапаможам мы, напрыклад, падняцца бруднаму і запэцканаму алкаголіку, які страціў чалавечы воблік? Найчасцей мы знойдзем для сябе пераканаўчае апраўданне: ён сам дайшоў да такога жыцця. Але ж мы, хрысціяне, ведаем, што такія людзі — таксама Божыя дзеці.

Божа, Ойча ўбогіх! Адары нас ахвярнасцю, каб мы спяшаліся на дапамогу кожнаму, хто мае ў ёй патрэбу, і не зважалі ні на якія акалічнасці.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Пана Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

З Цябе, Езу, смяяўся і здзекаваўся натоўп людзей, абыякавасць і адсутнасць спачування ў якіх перарастала ў бесчалавечную нянавісць. І толькі адна жанчына, слабая і безабаронная, знайшла ў сабе сілы абцерці пот і кроў з Твайго твару, Езу.

Ці маем мы хоць кроплю такой адвагі? Ці змаглі б мы стаць на абарону таго, каго публічна зневажаюць і прыніжаюць, каго незаслужана абвінавачваюць альбо караюць? На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, падчас кожнай гістарычнай эпохі бываюць часы, калі людзям так не хапае смеласці Веранікі… Вельмі нямногія вартыя такога шчодрага падарунка, які атрымала Вераніка ад Езуса, — Яго нерукатворнага аблічча.

Езу, мужнасць мучанікаў! Забяры ад нас абыякавасць да лёсу тых, хто церпіць. Напаўняй нашыя сэрцы спагадай і ахвярнасцю.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 7. Езус падае другі раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Усё менш і менш сілаў застаецца ў Езуса, і Ён зноў падае. Прыдарожныя камяні і пыл чарговы раз афарбоўваюцца крывёю. Стражнікі бізунамі змушаюць Яго зноў падняцца і прадоўжыць Твой апошні, такі пакутлівы зямны шлях... Чаму людзі вакол Езуса страцілі спрадвечныя чалавечыя каштоўнасці, спагаду, ласку, любоў?..

Цяжар усіх нашых правінаў Збаўца ўзяў на свае плечы, а мы чынім адны і тыя ж грахі, наносячы Хрысту ўсё новыя раны. Нягледзячы ні на што, Езус любіць нас. А мы ці любім Яго? Чаму мы, рэгулярна наведваючы набажэнствы, слухаючы Божае слова і глыбокія казанні святароў, не становімся лепшымі, не пазбаўляемся сваіх заганаў. Калі б мы мелі хоць макавае зярнятка той любові, якой адорвае нас Хрыстус, то нашае жыццё і ўчынкі былі б іншымі…

Езу, прабач! Прабач і не пакідай нас, як Ты і абяцаў, аж да сканчэння свету.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

«Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 28), — менавіта такія словы пачулі жанчыны, якія ішлі за Хрыстом і плакалі. Здавалася б, дзіўныя словы з вуснаў Збаўцы. Але дзіўныя яны толькі на першы погляд. Сын Божы зусім не патрабуе ад нас слёз, асабліва няшчырых. Хрыстус прагне нашай сапраўднай, а не фальшывай веры, напоўненых любоўю сэрцаў, адкрытых на Яго ціхі і неназойлівы стук, прагне шчырага, а не паказнога жалю за грахі падчас споведзі.

Вось і зараз, удзельнічаючы ў набажэнстве Крыжовага шляху, наколькі глыбокія і шчырыя суперажыванні Збаўцу мы адчуваем? Дзеля чаго мы тут? Ці сапраўды мы імкнемся не толькі розумам, але і сэрцам зразумець глыбокі сэнс падзеі, што адбылася дзве тысячы гадоў таму? А можа, робім гэта дзеля таго, каб павысіць свой аўтарытэт у вачах святароў ды вернікаў, альбо таму, што проста «так належыць» рабіць падчас Вялікага посту? Паспрабуем быць шчырымі і праўдзівымі хаця б перад самімі сабой і не падаманваць саміх сябе.

Езу, Ты любіш нас. Дапамажы нам не загубіць свае душы няшчырасцю і адсутнасцю любові.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 9. Езус падае трэці раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Божы Сын не вытрымлівае і зноў падае пад цяжарам нашых грахоў. Праз сваю слабасць Езус імкнецца падтрымаць нас на шляху да Божага Валадарства.

Кожны з нас — слабы і недасканалы чалавек з цяжарам правінаў за плячыма. Падчас споведзі Збаўца дае нам магчымасць перакласці гэты цяжар на Яго плечы. Аднак мы настолькі прывязаныя да сваіх заганаў, што чынім іх на працягу ўсяго жыцця, і робім гэта свядома!

Набажэнствы Крыжовага шляху найчасцей наведваюць тыя, хто рэгулярна ходзіць у касцёл і вельмі пабожны ў вачах іншых людзей. Чаму ж тады нам, каго Пан Бог надзяліў дарам розуму, даводзіцца спавядацца ў адным і тым жа?..

Езу міласэрны! Умацуй нашыя розумы, каб мы не наносілі Табе новых ранаў аднымі і тымі ж грахамі.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 10. З Езуса здіраюць адзенне

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Езу, бздушным катам мала таго, што Ты церпіш фізічны боль, і яны, каб яшчэ болей прынізіць Цябе, здзіраюць з Цябе адзенне. Аднак сваім ганебным учынкам яны прыніжаюць менавіта сябе.

Уклаўшы ў кожнага чалавека часцінку сябе, Пан Бог зрабіў нашыя целы маленькімі святынямі. Ці адносімся мы да свайго цела з належнай пашанай? Ці заўсёды і ўсюды мы прыстойна сябе паводзім, маем належны знешні выгляд, не шкодзім свайму целу лянотай, няправільным харчаваннем, дрэннымі звычкамі, пагоняй за модаю.

Кожны з нас дасканала ведае аголеную праўду свайго жыцця і, магчыма, за пэўныя моманты перажывае сорам і дакоры сумлення. Кола жыцця нельга адкруціць у адваротны бок. Застаецца толькі маліцца…

Езу беззаганны! Не судзі нас і ўмацуй! Адары чысцінёй думак, паводзін і абарані ад граху нячыстасці.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Езу найцярплівейшы! Ты адчуваў нясцерпны боль, калі ў Твае святыя рукі і ногі забівалі цвікі. Але нават у такім стане, да апошняга ўздыху, Ты працягваў маліцца: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). Ты маліўся за сваіх катаў.

Ці сугучнае нашае жыццё, нашыя думкі і ўчынкі з жыццём Хрыста? Нават падчас споведзі мы імкнемся апраўдаць сябе не толькі ў вачах святара, але і перад самімі сабой. Прычыны нашых грахоў мы бачым у пэўных абставінах, у заганах іншых людзей, у іх паводзінах і ўчынках. Як жа няпроста ў першую чаргу змяніцца самому, а не патрабаваць зменаў ад іншага! Толькі асабістае духоўнае ўзрастанне набліжае нас да Хрыста. Паспрабуем жа сумленна паглядзець на свае правіны і не шукаць іх прычынаў у навакольным свеце і іншых людзях.

Езу ўкрыжаваны! Навучы нас любіць бліжняга так, як Ты. Адкрый нам вочы на нашы асабістыя заганы.

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 12. Езус памірае на крыжы

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Сталася… Бачачы, што Ты ўжо нежывы, каты яшчэ прабілі Твой бок дзідай... Кожны з нас у пэўным сэнсе баіцца смерці. Так, мы верым у несмяротнасць душы і вечнае жыццё. Мы супакойваем сябе і іншых, хто стаіць перад абліччам смерці альбо страціў блізкага, што пасля зямной пілігрымкі жыццё не заканчваецца. Тым не менш, амаль заўсёды адыход чалавека ў вечнасць мы ўспрымаем балюча. Нам цяжка абсалютна і поўнасцю давяраць Пану Богу.

Ніхто не ведае свой апошні дзень. Найчасцей мы спадзяемся, што ў бліжэйшы час з намі такое не здарыцца, таму яшчэ не надышоў час падводзіць жыццёвыя вынікі. Аднак дзе гарантыя таго, что ўжо заўтра альбо нават сёння нам не давядзецца прамовіць: «Ойча, у Твае рукі аддаю дух Мой» (Лк 23, 46)? З якім «багажом» мы паўстанем перад Панам?..

Езу Хрыстэ! Дапамажы нам быць годнымі Тваёй ахвяры! Мы прагнем падчас свайго апошняга ўздыху пачуць ад Цябе словы: «Сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43).

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

У вялікай скрусе, але адначасова ціха і пакорна Маці Божая схілілася над Целам любага Сына. Моўчкі, без ляманту і галашэння. Бязмоўны боль Марыі, якая абдымала знявечанае Цела адзінага Сына, разрываў мацярынскае сэрца, але Яна працягвала верыць ва ўваскрасенне.

На жаль, у сучасным свеце нярэдка здараецца так, што менавіта маці выносяць смяротны прысуд свайму яшчэ не народажанаму дзіцяці. Часам урачы пераконваюць жанчыну ўчыніць такое злачынства ў адносінах да безабароннай істоты, палохаючы наяўнасцю паталогій альбо небяспекаю смерці падчас цяжарнасці. Бывае, што маці ўчыняе забойства па асабістай ініцыятыве альбо пад уплывам меркаванняў блізкіх людзей. Беднасць, адсутнасць сям’і альбо жылля, занадта малады ці занадта сталы ўзрост, дрэнны стан здароўя і яшчэ мноства прычынаў жанчыны могуць палічыць важкімі для перарывання цяжарнасці. Аднак ніводная прычына не мае апраўдання ў вачах Бога. Забойства ненароджанага дзіцяці — цяжкі грэх.

Пане Езу! Маці Божая! Паспрыяйце таму, каб кожны з нас меў сілы і мудрасць у любой сітуацыі прыняць Божую волю з пакорай: «Вось я, слуга Панская…»

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Пане Езу, Тваё Цела знялі з крыжа, паклалі ў грабніцу, і закрылі яе цяжкім каменем. Але галоўны акорд гэтай, здавалася б, трагічнай і лёсавызначальнай падзеі яшчэ не прагучаў. Зусім хутка, на досвітку велікоднай раніцы, мы пачуем яго з вуснаў анёла, якога ўбачылі жанчыны каля адсунутага каменя каля ўваходу ў грабніцу. Жыццё атрымала перамогу праз Тваю, Збаўца, смерць і Тваё ўваскрасенне!

Якімі будуць апошнія імгненні жыцця на гэтай зямлі кожнага з нас? Ці зможам мы без пакутлівых сумненняў і панічнага страху пераступіць парог вечнасці? Ці напоўняцца нашыя сэрцы радасцю ад прадчування сустрэчы з Панам?

Мы занадта прывязаныя да зямнога жыцця і матэрыяльных дабротаў, недастаткова дбаем аб назапашванні духоўных каштоўнасцяў, якія будуць мець вартасць там, у вечнасці. Магчыма, мы думаем, што шмат чынім дзеля збаўлення сваіх душаў: рэгулярна ходзім у касцёл, спавядаемся і прымаем святую Камунію, молімся… Аднак ці часта мы ўспамінаем словы са Святога Пісання: «З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць» (Лк 12, 48)?

Езу ўваскрослы! Умацуй нас сваім уваскрасеннем падчас апошняй хвіліны нашага жыцця!

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Тэкст разважанняў падрыхтавала Марыя Мяжэвіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней