Дарослыя абыходзяць касцёл і пры гэтым чатырнаццаць разоў спыняюцца, як на трамвайных прыпынках. Па дарозе яны думаюць, што ідуць за Езусам. Дзеці таксама пойдуць гэтым шляхам, але затрымаюцца яшчэ на пятнаццатым прыпынку.
Прыпынак першы
Людзі не хацелі, каб Пан Езус хадзіў па зямлі, каб бачыў сваю Матулю, сяброў, кожную каляровую птушку, вясёлага шэрага восліка, каб навучаў рэлігіі.
Ён быў нявінны. Некаторыя людзі не хацелі, каб Ён жыў. Думалі пра тое, каб знішчыць Яго як святло, задзьмуць, як самую высокую свечку на ялінцы.
Кожны раз, калі ты падманваеш, робіш нешта нядобрае, дакучаеш, думаеш пра кагосьці з такой злосцю, што цябе ажно трасе — тады становішся падобны да тых, хто не хацеў, каб Пан Езус хадзіў па зямлі.
Прыпынак другі
Пан Езус бярэ крыж. Ён не баяўся яго несці.
Не баяўся таго, што цяжкае, часам — балючае.
Адзін хлопчык хацеў толькі скакаць ад радасці, нюхаць ружы, трымаць на руках калматага сабаку, аб’ядацца вішнямі, купацца ў рэчках цёмных і светлых, свісцець на галубоў.
Трэба яшчэ браць на сябе тое, што цяжкае — дапамагаць маме несці сетку з пакупкамі, вучыць урокі, нават калі здаецца, што кожны ўрок цяжкі, як крыж.
Знайсці для кагосьці добрае слова, якое заўсёды ляжыць побач.
Прыпынак трэці
Пан Езус упаў, але не скардзіўся, што Яму балюча, не хацеў яшчэ больш ўсіх засмучаць.
Калі падчас канікулаў мы спатыкнемся аб камень ці паб’емся, то крычым ад болю так, быццам нехта з нас здзірае скуру. Некаторыя аднак адразу падымаюцца і кажуць: «Мне ўжо не баліць, пакуль жаніцца — загаіцца»; а іншыя крычаць бесперапынку, што ім балюча. Калі ўпадзеш – спрабуй падняцца адразу. Тады будзе не так балюча.
Прыпынак чацвёрты
Пан Езус ішоў за горад. Злыя людзі хацелі Яго забіць. Яны глядзелі на ўсё як на сумную забаву ў парку. Пры дарозе стаяла Яго Маці з заплаканым тварам. Яна не магла Яму дапамагчы.
Калі ты быў маленькі, прытуляўся да матулі, бег да яе, калі нешта табе балела.
Калі ты будзеш вялікі, пераканаешся, што часам бывае вельмі балюча, але тады і матуля не дапаможа — мусіш сам умець цярпець. Умець сустрэцца з тым, што балюча, самнасам.
Прыпынак пяты
Хто дапамагае Езусу несці крыж? Невядомы нікому чалавек, Кірынэец. Ён з’явіўся, каб дапамагчы і знікнуць у прыцемках. Горш за ўсё не сустрэць нікога, калі табе цяжка. Ты таксама дапаможаш Езусу, калі не будзеш увесь час наракаць.
Прыпынак шосты
Мы не ведаем, як выглядала Вераніка, якая выбегла з натоўпу, каб абцерці хусткай твар Езуса. Можа, была нізкага росту, можа, высокага, можа, яна мела на галаве бант, як чырвоны грабеньчык у пеўніка. Яна была не толькі добрая, але і адважная. Не баялася дапамагчы Таму, на Каго ўсе агрызаліся, як нягоднікі ў класе.
Добры чалавек павінен быць адначасова адважным, бо інакш будзе як сапраўдны мямля.
Прыпынак сёмы
Часам хтосьці падае, бо занадта баіцца, і таму можа паваліцца. Не бойся — і будзеш ісці далей.
Прыпынак восьмы
Пан Езус цярпеў і, напэўна, адчуваў сябе як птушка, абскубаная з пер’я, але, хоць Яму было балюча, Ён суцяшаў іншых.
Калі ў цябе ёсць нейкія праблемы, табе штосьці баліць, падумай: можа, іншым яшчэ мацней баляць зубы, можа, камусьці холадна, бо лопнула труба цэнтральнага ацяплення, можа, у бабулі зваліліся акуляры, і яна амаль нічога не бачыць.
Калі ты падумаеш, што камусьці баліць яшчэ мацней, адбудзецца цуд: твой боль здасца слабейшым і не настолькі важным.
Прыпынак дзявяты
Часам хтосьці падае, бо спяшаецца.
Пан Езус упаў, бо ў Яго быў вельмі цяжкі крыж, і Ён не вытрываў.
А ты часам моцны, як жарэбчык, але куляешся таму, што занадта спяшаешся.
Прыпынак дзясяты
Пана Езуса абакралі. Забралі ў Яго абсалютна ўсё.
Што ты прынясеш Яму, каб Ён не быў голы, каб Яму не было холадна? Калі ты падзелішся з кімсьці хворым ці бедным сваім яблыкам, сняданнем, кніжкай, калі памолішся за яго, пальеш кветкі, каб не засохлі, пачысціш сцежку ад снегу, каб цёця не згубіла ў ім галёшы — гэта тое самае, нібы ты самога Пана Езуса атуліў цёплым світарам, коўдраю, непрамакальным плашчом, які не прапускае ваду, нават калі ідзе дождж.
Прыпынак адзінаццаты
Як моцна балелі Езусу рукі і ногі!
Колькі болю ў нашым целе… Калі мы ўколемся, апячомся гарбатай, паб’емся... Калі кот нас падрапае, гусь ушчыкне, дакучае зламаны пазногаць. Цяжка не плакаць, калі балюча, але мы вучымся мужна пераносіць усялякі боль.
Прыпынак дванаццаты
Аднаму хлопцу прыснілася, што гаспадар, які падмятаў падворак у аранжавым фартуху, памёр. Хлопец пачаў плакаць у сне, але, калі раніцаю прачнуўся, наблізіўся да вакна, забраўся на столік і убачыў гаспадара. Той зусім не памёр. Зрэшты, людзі глядзяць на пахаванні з аркестрам і без аркестра, аднак не вераць, што некалі прыйдзе смерць.
Але Пан Езус сапраўды памёр, і тады стала так цёмна, быццам увесь свет плакаў.
Прыпынак трынаццаты
Пана Езуса знялі з крыжа. Пры гэтым былі тыя, хто Яго любіў. Была Божая Маці з вачамі, чырвонымі ад слёз.
Усе плакалі, але ведалі, што Езусу ўжо нічога не баліць, што Ён адышоў да свайго Айца.
Прыпынак чатырнаццаты
Пан Езус ляжаў у магіле. Магіла была цёмная. Заваленая каменем. І на свеце было цёмна.
На нашых могілках ёсць вавёркі, але там іх не было. На нашых могілках пырхаюць вераб’і, часам яны скачуць на тоненькіх ножках па цяжкіх надмагіллях. Але там не было вераб’ёў. Усё было чужым.
А цяпер — пятнаццаты прыпынак...
Мы ўсе ведаем, што на трэці дзень Пан Езус адсунуў цяжкі камень і выйшаў з магілы. Жаўнеры, якія стаялі на варце, пападалі са страху.
Адбыўся найвялікшы цуд. Пан Езус прыходзіць да нас утоены, але жывы.
Мы ўсміхаемся, несучы асвечаную ежу ў кошычках. Весела б’юць званы. Дзеці і дарослыя ўсё яшчэ кленчаць у канфесіяналах, спавядаюцца, шкадуюць, што былі такімі неразумнымі і засумняваліся ў Пане Езусе.
Раненька кожны певень з радасцю спявае адразу на чатырох платах.
Пераклад з польскай мовы Вольгі Севярынец