Прапануем вам разважанні Крыжовага шляху, заснаваныя на Святым Пісанні і «Дзённіку» святой сястры Фаўстыны. Спадзяемся, што яны дапамогуць вам годна перажыць Вялікі пост і лепш падрыхтавацца як да светлага свята Пасхі, так і да свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца ў першую нядзелю па Вялікадні.
Выбар тэкстаў падрыхтавала сястра М. Эльжбета Сепак ZMBM; пераклала з польскай мовы Крыстына Лялько.
Уступная малітва
Міласэрны Пане, Настаўнік мой, я хачу верна ісці за Табою, хачу Цябе ўсё больш дасканала наследаваць у маім жыцці, таму прашу, каб праз разважанне Тваёй мукі Ты ўдзяліў мне ласку больш глыбокага разумення таямніцаў духоўнага жыцця.
Марыя, Маці Міласэрнасці, заўсёды верная Хрысту, вядзі мяне слядамі балеснай мукі свайго Сына і ўпрасі для мяне патрэбныя ласкі плённага перажывання гэтага Крыжовага шляху. Ахвярую яго за (напр. святароў, манаскіх асобаў і ўсіх, хто імкнецца да духоўнай дасканаласці).
Стацыя І
Езус асуджаны на смерць
«А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго, і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў» (Мц 26, 59-60).
Езус: Не здзіўляйся таму, што іншы раз цябе бязвінна асуджаюць. Найперш Я з любові да цябе выпіў гэты келіх бязвінных цярпенняў (Дз. 289).
Калі Я знаходзіўся перад Ірадам, то выпрошваў для цябе ласку, каб ты ўмела ўзняцца над людскою пагардаю і верна ішла следам за Мною (Дз. 1164).
С. Фаўстына: Езу, мы ўражлівыя да слова, і адразу ж, уражлівыя, хочам адказаць і не звяртаем увагі, ці ёсць на тое воля Божая, каб мы гаварылі. Маўклівая душа моцная; ніякія цяжкасці ёй не зашкодзяць, калі яна вытрывае ў маўчанні. Маўклівая душа здольная на самае глыбокае паяднанне з Богам (Дз. 477).
Міласэрны Езу, дапамажы мне прыняць кожнае людское асуджэнне і не дазволь, каб я хоць калі-небудзь вынес асуджальны прысуд для Цябе і маіх бліжніх.
Стацыя ІІ
Езус бярэ крыж
«Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: “Вітай, кароль Юдэйскі!” І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: “Вось чалавек!” Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: “Укрыжуй, укрыжуй!”» (Ян 19, 1-3, 5-6).
Езус: Не бойся цярпенняў, Я з табою (Дз. 151). Чым больш ты палюбіш цярпенне, тым больш чыстаю будзе твая любоў да Мяне (Дз. 279).
С. Фаўстына: Дзякую Табе, Езу, за штодзённыя дробныя крыжыкі, за перашкоды ў маіх намерах, за цяжкасці супольнага жыцця, за дрэннае разуменне намераў, за прыніжэнне з боку іншых людзей, за насмешлівае абыходжанне з намі, за несправядлівыя абвінавачванні, за слабое здароўе і бяссілле, за адрачэнне ад сваёй волі, за прыніжэнне свайго «я», за неразуменне ва ўсім, за разбурэнне ўсіх планаў (Дз. 343).
Езу міласэрны, навучы мяне прымаць жыццёвыя цяжкасці, хваробу, кожнае цярпенне і з любоўю несці гэты штодзённы крыж.
Стацыя ІІІ
Езус падае першы раз
«Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуў на сваю дарогу, а Пан усклаў на Яго ўсе нашы правины. <…> Ён узяў на сябе грахі многіх, таму заступаецца за злачынцаў» (пар. Іс 53, 6. 12).
Езус: Міжвольныя правіны душаў не стрымліваюць Маёй любові да іх і не перашкаджаюць Мне яднацца з імі, але нават найменшыя дабравольныя правіны затрымліваюць Мае ласкі, і такія душы Я не магу абсыпаць сваімі дарамі (Дз. 1641).
С. Фаўстына: О мой Езу, як моцна я схільная да злога, і гэта змушае мяне пастаянна сачыць за сабою, але мяне нішто не палохае, я давяраю Божай ласцы, якая ёсць у вялікай колькасці ў найбольшай мізэрнасці (Дз. 606).
Міласэрны Пане, уберажы мяне ад кожнай, нават найменшай, дабравольнай і свядомай нявернасці.
Стацыя ІV
Езус сустракае сваю Маці
«Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч» (Лк 2, 34-35).
Езус: Хоць усе справы, якія здзяйсняюцца па Маёй волі, праходзяць праз вялікія цярпенні, але ты падумай, ці праходзіла хоць адна з іх праз большыя цяжкасці, чым непасрэдна Мая справа, справа Адкуплення. Ты не павінна занадта хвалявацца з-за перашкодаў (Дз. 1643).
С. Фаўстына: Тут я ўбачыла невыказна прыгожую Найсвяцейшую Панну, якая ад алтара наблізілася да майго кленчніка і, прытуліўшы мяне да сябе, сказала мне такія словы: «<…> Будзь адважная, не бойся ўяўных перашкодаў, а ўглядвайся ў муку Майго Сына і такім чынам ты пераможаш» (Дз. 449).
Марыя, Маці Міласэрнасці, будзь пры мне заўсёды, асабліва ў цярпенні, гэтак, як была на крыжовым шляху свайго Сына.
Стацыя V
Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
«Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на Яго крыж, каб нёс за Езусам» (Лк 23, 26).
Езус: Я дапускаю перашкоды дзеля таго, каб памножыць твае заслугі. Я ўзнагароджваю не за паспяховы вынік, а за цярплівасць і цяжкасці, перанесеныя дзеля Мяне (пар. Дз. 86).
С. Фаўстына: О мой Езу, Ты ўзнагароджваеш не за поспех у справах, а за шчырую волю і прыкладзеныя намаганні; таму я цалкам спакойная, нават калі ўсе мае пачынанні і высілкі будуць знішчаныя альбо ніколі не ажыццёўленыя. Калі я зраблю усё, што ў маіх сілах, астатняе залежыць не ад мяне (Дз. 952).
Езу, мой Пане, няхай кожная думка, слова, учынак будуць здзейснены выключна з любові да Цябе. Зрабі чыстымі мае намеры.
Стацыя VI
Вераніка выцірае твар Езуса
«Не меў Ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на Яго, і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, ад якого адварочваюць твар» (пар. Іс 53, 2-3).
Езус: Ведай, што ўсё дабро, якое ты ўчыніш якой-небудзь душы, Я прыму так, быццам ты ўчыніла гэта Мне (Дз. 1768).
С. Фаўстына: Я вучуся быць добраю ў Езуса, у Таго, хто ёсць самою дабрынёю, каб мець права быць названаю дачкою Айца Нябеснага (Дз. 669). Вялікая любоў малое ўмее ператвараць у вялікае, і толькі любоў надае нашым учынкам вартасць (Дз. 303).
Пане Езу, Настаўнік мой, учыні, каб мае вочы, рукі, вусны, сэрца… былі міласэрныя. Перамяняй мяне ў міласэрнасць.
Стацыя VIІ
Езус падае другі раз
«Ён узяў на Сябе немачы нашыя, Ён сам зносіў наш боль; а мы думалі, што ён асуджаны, пакараны Богам і прыніжаны» (пар. Іс 53, 4).
Езус: Прычына тваіх упадкаў у тым, што ты залішне разлічваеш сама на сябе і занадта мала абапіраешся на Мяне (Дз. 1488). Ведай, што сама па сабе ты нічога не можаш (Дз. 639). Нават Маіх ласкаў ты няздольная прыняць без Маёй асаблівай дапамогі (Дз. 738).
С. Фаўстына: Езу, не пакідай мяне адну... Пане, Ты ведаеш, якая я слабая, я — бездань убоства, я — сама мізэрнасць, і таму не будзе нічога дзіўнага, што, застаўшыся адна, я ўпаду (Дз. 1489). Таму Ты, Езу, павінен быць пастаянна са мною, як маці пры слабым дзіцяці, і нават больш за тое (Дз. 264).
Няхай падтрымлівае мяне Твая ласка, Пане, каб я не ўпадаў пастаянна ў тыя самыя аблуды; а калі ўпаду, дапамажы мне ўстаць і праслаўляць Тваю міласэрнасць.
Стацыя VIІІ
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
«Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: “Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе”» (Лк 23, 27-28).
Езус: О, якая прыемная Мне іх вялікая вера (Дз. 1420). Я жадаю, каб у вас было больш веры ў дадзены момант (Дз. 352).
С. Фаўстына: Я горача прашу Цябе, Пане, каб Ты пажадаў умацоўваць маю веру, каб я ў штодзённым шэрым жыцці кіравалася не людскім настроем, а духам. О, як усё цягне чалавека да зямлі, але жывая вера ўтрымлівае душу ў найвышэйшых сферах, а самалюбству вызначае адпаведнае для яго месца — гэта значыць апошняе (пар. Дз. 210).
Міласэрны Пане, дзякую Табе за святы хрост і ласку веры і зноў усклікаю: «Пане, памнож маю веру!»
Стацыя IХ
Езус падае трэці раз
«Здзекваліся з Яго, але Ён сам паддаўся і нават не адкрыў вуснаў сваіх. Як ягнё, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў сваіх. Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем» (пар. Іс 53, 7. 10).
Езус: Ведай, што найбольшаю перашкодаю да святасці з’яўляюцца прыгнечанасць і беспадстаўны неспакой, які адбірае ў цябе магчымасць практыкавацца ў цноце. <…> Я заўсёды гатовы табе прабачыць. Колькі разоў ты аб гэтым Мяне просіш, столькі разоў праслаўляеш Маю міласэрнасць (Дз. 1488).
С. Фаўстына: Езу мой, але, нягледзячы на Твае ласкі, я адчуваю і бачу сваю мізэрнасць. Я пачынаю дзень змаганнем і заканчваю яго змаганнем, ледзьве спраўлюся з адною цяжкасцю, на яе месцы ўзнікаюць дзесяць для пераадолення, але я не перажываю з-за гэтага, бо добра ведаю, што цяпер — час барацьбы, а не спакою (Дз. 606).
Міласэрны Пане, я аддаю Табе тое, што з’яўляецца толькі маёю ўласнасцю — свае грахі і людскую слабасць. Малю Цябе: няхай мая мізэрнасць патоне ў Тваёй неспасцігальнай міласэрнасці.
Стацыя Х
З Езуса здзіраюць адзенне
«Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. Таму сказалі адзін аднаму: “Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца”. Каб збылося сказанае ў Пісанні» (Ян 19, 23-24).
С. Фаўстына: Нечакана паўстаў перада мною Езус, пазбаўлены шатаў, з ранамі на ўсім целе, Яго вочы патаналі ў крыві і слязах, увесь твар знявечаны, пакрыты пляўкамі. Тады Пан мне сказаў:
Езус: Абранніца павінна быць падобная да свайго Абранніка.
С. Фаўстына: Я да глыбіні зразумела гэтыя словы. Тут няма месца для нейкіх сумненняў. Маё падабенства да Езуса павінна быць праз цярпенне і пакору (Дз. 268).
Езу ціхі і пакорны сэрцам, учыні сэрца маё да Твайго падобным.
Стацыя ХІ
Укрыжаванне Езуса
«Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: “Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!” Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: “Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. <…> Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго…”» (Мц 27, 39-43).
Езус: Вучаніца Мая, моцна любі тых, хто прычыняе табе цярпенне, рабі дабро тым, хто цябе ненавідзіць (Дз. 1628).
С. Фаўстына: О мой Езу, Ты ведаеш, якія патрэбны намаганні, каб шчыра і адкрыта кантактаваць з тымі, каго мы інтуітыўна пазбягаем, альбо з тымі, хто — свядома ці несвядома — прычыніў нам цярпенне; па-чалавечы гэта немагчыма. У такія хвіліны я стараюся больш, чым калі-небудзь, адкрыць у гэтым чалавеку Цябе, мой Езу, і дзеля Цябе раблю ўсё для гэтых людзей (пар. Дз. 766).
О Найчысцейшая Любоў, ва ўсёй паўнаце валадар у маім сэрцы і дапамажы мне выканаць як найвярней Тваю святую волю (Дз. 328).
Стацыя ХІІ
Езус памірае на крыжы
«І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. І Езус закрычаў моцным голасам: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой”. І, сказаўшы гэта, сканаў (Лк 23, 44. 46). Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 33-34).
Езус: Усё гэта для збаўлення душаў. Падумай, ... што ты робіш для іх збаўлення (Дз. 1184).
С. Фаўстына: І тут я ўбачыла Пана Езуса, прыбітага да крыжа. У той момант, калі Езус вісеў на ім, я ўбачыла цэлае мноства душаў, укрыжаваных так, як Езус. І ўбачыла трэцяе мноства душаў, і другое мноства душаў. Другое мноства не было прыбіта да крыжа, але душы моцна трымалі ў руках крыж; а трэцяе мноства душаў не было ані ўкрыжаванае, ані [не] трымала ў руках крыжа, але гэтыя душы цягнулі за сабою крыж і былі незадаволеныя. У той момант Езус сказаў мне:
Езус: Бачыш, гэтыя душы, якія падобныя да Мяне ў цярпеннях і прыніжэнні, будуць падобныя да Мяне і ў хвале, а тыя, якія менш падобныя да Мяне ў цярпенні і прыніжэнні, — тыя таксама і ў хвале будуць менш падобныя да Мяне (Дз. 446).
Езу, Збаўца мой, схавай мяне ў глыбіні свайго Сэрца, каб умацаваны Тваёю ласкаю, я мог быць падобным да Цябе ў любові да крыжа і ўдзельнічаць у Тваёй хвале.
Стацыя ХІІІ
Езуса здымаюць з крыжа
«Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў справядлівы”. І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго» (Лк 23, 47-49).
Езус: Найбольш мілая Мне тая душа, якая моцна верыць у Маю дабрыню і цалкам Мне даверылася; Я адорваю яе сваім даверам і даю ёй усё, аб чым яна просіць (Дз. 453).
С. Фаўстына: Прыбягаю да Тваёй міласэрнасці, Божа ласкавы і адзіна добры. Хоць мая мізэрнасць вялікая і правіны шматлікія, аднак я давяраю Тваёй міласэрнасці, таму што Ты — Бог міласэрнасці, і спрадвеку нечувана, і ні зямля, ні неба не памятаюць, каб душа, якая давярае Тваёй міласэрнасці, была падманутая (Дз. 1730).
Міласэрны Езу, штодзённа памнажай ува мне давер да Тваёй міласэрнасці, каб я заўсёды і ўсюды сведчыў пра Тваю бязмежную дабрыню і любоў.
Стацыя ХIV
Езуса кладуць у грабніцу
«Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі Яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання Юдэйскага паклалі Езуса» (Ян 19, 40-42).
Езус: Ты пакуль яшчэ не ў айчыне, а таму ідзі, умацаваная Маёю ласкаю, і змагайся за Маё валадарства ў людскіх душах, змагайся, як каралеўскае дзіця, і памятай, што дні выгнання хутка скончацца, а з імі — і магчымасць збіраць заслугі для неба. Я чакаю ад цябе … вялікай колькасці душаў, якія цэлую вечнасць будуць праслаўляць Маю міласэрнасць (Дз. 1489).
С. Фаўстына: Кожную душу, якую Ты мне даверыў, Езу, я буду імкнуцца падтрымліваць малітваю і ахвяраю, каб Твая ласка магла ў іх дзейнічаць. О вялікі прыхільнік душаў, Езу мой, дзякую Табе за вялікі давер, за тое, што Ты пажадаў аддаць гэтыя душы пад нашу апеку (Дз. 245).
Учыні, міласэрны Пане, каб ніводная з гэтых душаў, якія Ты мне даверыў, не згінула, і спазнала Тваю бясконцую міласэрнасць у вечнасці.
Малітва на заканчэнне Крыжовага шляху
Езу мой, надзея мая адзіная, дзякую Табе за тую кнігу, якую Ты разгарнуў перад вачыма маёй душы. Гэта кніга — Твая мука, прынятая з любові да мяне. З гэтай кнігі я навучылася любіць Бога і душы. У гэтай кнізе … сабраны незлічоныя скарбы. О Езу, як мала душаў разумее Цябе ў Тваім мучаніцтве любові. <…> Шчаслівая тая душа, якая зразумела любоў Сэрца Езуса (Дз. 304).