Калі св. Матыльда прыняла святую Камунію ў інтэнцыі памерлых, ёй аб’явіўся Пан Езус і прамовіў:«Памаліся за іх „Ойча наш...“». Яна адразу ж зразумела, што павінна маліцца асаблівым чынам, а калі малілася, убачыла незлічоную колькасць душаў, якія ўзносіліся на Неба...
«Ойча наш, каторы ёсць у небе...»
Малю Цябе, Нябесны Ойча, прабач душам, церпячым у чыстцы, за тое, што Цябе, свайго Пана і Айца, які ласкава прыняў іх як сваіх дзяцей, не любілі і не шанавалі належным чынам, але праз грэх выгналі Цябе са сваіх сэрцаў, у якіх Ты хацеў пасяліцца назаўсёды. Як перапрашэнне за гэтыя правіны ахвярую Табе любоў і праслаўленне, якія Табе заўсёды аказваў падчас свайго зямнога жыцця Твой Адзінародны Сын. Ахвярую Табе таксама ўсе перапрашэнні і ўміласціўленне, праз якія Езус прасіў у Цябе прабачэння за грахі чалавецтва і адкупіў яго. Амэн.
«Свяціся Імя Тваё...»
З глыбіні сэрца прашу Цябе, о Найлепшы Ойча, прабач душам, церпячым у чыстцы, за тое, што не заўсёды яны ўшаноўвалі Тваё Найсвяцейшае Імя і вельмі часта ім злоўжывалі, а праз сваё грэшнае жыццё сталі нявартымі Хрыстовага Імя. Як узнагароду за гэтыя грахі, ахвярую Табе тое ўшанаванне, якое аказваў Твайму Імені Твой умілаваны Сын тут, на зямлі, праз сваю працу і балеснае кананне. Амэн.
«Прыйдзi Валадарства Тваё...»
Малю Цябе, о Найлепшы Ойча, прабач душам, церпячым у чыстцы, за тое, што не заўсёды ад усяго сэрца прагнулі і дбалі пра Тваё Валадарства, у якім адзіна важным ёсць сапраўдны супакой і вечная радасць. Як уміласціўленне за гэтую іх абыякавасць у пошуках дабра, ахвярую Табе святое прагненне Твайго Сына, які хацеў, каб і яны сталі ўдзельнікамі Яго Валадарства. Амэн.
«Будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi...»
Малю Цябе, о найлепшы Ойча, прабач душам, у чыстцы церпячым, за тое, што сваю волю не заўсёды хацелі падпарадкаваць Тваёй волі і не заўсёды стараліся яе выконваць, але часта жылі і паступалі згодна са сваёю ўласнай воляй. За гэтую іх непаслухмянасць ахвярую Табе цалкавітую лучнасць Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына з Тваёй найсвяцейшай воляй і тую найглыбейшую пакору, з якой Ён сам быў Табе паслухмяны аж да сваёй смерці на крыжы. Амэн.
«Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння...»
Малю Цябе, о найлепшы Ойча, прабач душам, у чыстцы церпячым, за тое, што Найсвяцейшы Сакрамэнт Алтара часта прымалі без гарачага прагнення, без глыбокага шанавання і любові, а можа, нават і нягодна, а таксама занядбоўвалі прыманне гэтага Сакрамэнту. За гэтыя іх грахі ахвярую Табе ўсю святасць і шанаванне Езуса Хрыста, Твайго Сына, а таксама Яго гарачую любоў, з якою Ён нам гэты найвялікшы скарб ахвяраваў. Амэн.
«І адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым...»
Молім Цябе, о найлепшы Ойча, даруй душам, у чыстцы церпячым, усе іх грахі і найперш вызвалі тыя душы, якія абцяжараныя сям’ю галоўнымі грахамі, а таксама тыя, якія не любілі сваіх ворагаў і не хацелі ім прабачыць. Як уміласціўленне за іх грахі ахвярую Табе гэтую малітву, поўную любові, якую за сваіх ворагаў узносіў на крыжы Твой умілаваны Сын. Амэн.
«І не ўводзь нас у спакусу...»
Малю Цябе, о найлепшы Ойча, прабач душам, у чыстцы церпячым, за тое, што часта не змагаліся са спакусамі і сваімі слабасцямі, але паддаваліся духу і пажадлівасці цела. За гэтыя іх грахі ахвярую Табе тую хвалебную перамогу Езуса Хрыста, праз якую Ён адкупіў увесь свет. Ахвярую Табе таксама Яго святое жыццё, Яго працу і цярпенні, Яго муку і смерць на крыжы. Амэн.
«Але збаў нас ад злога...»
... і ад усіх караў, а праз заслугі Твайго ўмілаванага Сына давядзі гэтыя душы і ўсіх нас да Валадарства вечнай радасці, якою Ты сам, Ойча, з’яўляешся. Амэн.
Ойча Спрадвечны, які з любові да людзей выдаў на смерць свайго Адзінароднага Сына, молім Цябе праз Яго кроў і заслугі, а таксама праз Яго прабітае Сэрца: змілуйся над усім светам і прабач усе грахі, якія чыняць людзі. Прымі пакорную ўзнагароду, якую Табе ахвяруюць выбраныя душы. Злучы іх з заслугамі Твайго Боскага Сына, каб іх учынкі мелі вялікі плён. Ойча Спрадвечны! Змілуйся над усімі душамі , пакуль яшчэ трывае час Тваёй міласэрнасці. Амэн.
Падрыхтавала Галіна Калевіч
Паводле: Rudolf Szaff er, Armia Najdroższej Krwi Jezusa Chrystusa.