Літанія прысвячэння сябе Маці Божай Фацімскай
13.05.2020|Літаніі

Паводле Яна Паўла II — Фаціма, 13 мая 1991 г.


Маці Адкупіцеля,
Зорка мора, да неба сцежка найпрасцейшая,
Ты — пераходная брама да вечнага раю...
Цябе мы просім, май ласку падтрымаць народ,
які падае,
які ў грахах сваіх патанае,
які прагне з іх паўстаць.
Сёння, сабраныя каля Цябе,
Маці Хрыста і Маці Касцёла,
яшчэ раз звяртаемся да Цябе,
каб падзякаваць за ўсё,
што Ты ўчыніла на працягу гэтых цяжкіх гадоў
для Касцёла, для кожнага з нас
і ўсяго чалавецтва.

Паўтараем: дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці Хрыстова і Маці Касцёла!
Сёння мы сабраліся тут, каб падзякаваць за тое,
што Ты заўсёды нас выслухоўвала,
што была для нас Маці.
               Дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці Місійнага Касцёла,
які ідзе зямным шляхам у трэцяе
тысячагоддзе хрысціянства,
дзякуем Табе за Тваю вандроўку з намі.
               Дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці людзей,
дзякуем Табе за нястомную апеку,
якая дазволіла нам пазбегнуць катастрофаў
і непазбежных спусташэнняў, пасадзейнічала
прагрэсу і дасягненню сучасных
здабыткаў навукі.
               Дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці народаў,
дзякуем Табе за нечаканыя перамены,
якія вярнулі веру ў будучыню
народам, што занадта доўга знаходзіліся
пад прыгнётам і прыніжэннем.
Дзякуем Табе, Фацімская Пані.
               Дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці жыцця,
дзякуем Табе за шматлікія знакі, якія сведчаць
пра тое, што Ты з намі, што Ты ахоўваеш нас
ад зла і ад моцы смерці.
               Дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці жыцця,
дзякуем Табе за тое, што Ты
13 мая 1981 года асаблівым чынам была
побач з Янам Паўлам іі, які адчуваў
Тваю прысутнасць і апеку.
               Дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці кожнага чалавека,
Ты змагаешся за жыццё, якое не ведае смерці,
дзякуем Табе, што Ты падтрымліваеш нас
у гэтым змаганні.
               Дзякуем Табе, Фацімская Пані.

Маці чалавецтва, адкупленага крывёю Хрыста,
               пакажы, што Ты — Маці.
— Маці дасканалай любові, пакажы, што Ты — Маці.
— Маці Надзеі і Спакою, пакажы, што Ты — Маці.
— Святая Маці Адкупіцеля, пакажы, што Ты — Маці.
— Няспынна паказвай, што Ты — Маці ўсіх, бо свет у Табе патрэбу мае, пакажы, што Ты — Маці. (...)

Маці ўбогіх,
               пакажы, што Ты — Маці.
— Таго, хто памірае ад голаду, пакажы, што Ты — Маці.
— таго, хто смяротна хворы, пакажы, што Ты — Маці.
— таго, каго напаткалі зло і несправядлівасць, пакажы, што Ты — Маці.
— таго, хто не знаходзіць працы, пакажы, што Ты — Маці.
— таго, хто бяздомны і каму няма дзе прытуліцца, пакажы, што Ты — Маці.
— таго, хто зносіць прыгнёт, каго эксплуатуюць, пакажы, што Ты — Маці.
— таго, хто здалёк ад Бога ў роспачы і дарэмна шукае суцяшэння, пакажы, што Ты — Маці.
— усіх тых, хто абараняе жыццё, якое з’яўляецца адлюстраваннем Божай любові, дапамажы бараніць яго заўсёды — ад зачацця да натуральнай смерці, пакажы, што Ты — Маці.

Пастанаўляем ісці з Табою за Хрыстом, Адкупіцелем чалавека,
               дапамажы нам, Марыя!
— Няхай нас не абцяжарвае стома, дапамажы нам, Марыя!
— няхай праца не замаруджвае нашыя крокі, дапамажы нам, Марыя!
— няхай перашкоды не заглушаюць нашай адвагі, а смутак — радасці сэрца, дапамажы нам, Марыя!

Молімся: Марыя, дай свету Хрыста, які з’яўляецца нашым спакоем. Няхай народы не дзеляць ужо нянавісць і жаданне помсты. Няхай жа свет не паддасца міражам ілжывага дабрабыту, які забівае годнасць асобы і пастаянна падвяргае рызыцы ўсё стварэнне. Дбай, Марыя, пра нашую вандроўку і ўчыні, каб мы ў небе, поўныя радасці, сузіралі Твайго Сына. Амэн.

Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай

Беззаганная Маці Бога, Твой Сын хацеў, каб мы прынялі Цябе як Маці і каб Ты навучыла нас ісці следам за Ім. Ён жадаў, каб Ты падтрымлівала нас сваёю матчынаю апекаю. Твайму Беззаганнаму Сэрцу аддаём усё нашае жыццё, нашую радасць і смутак. Няхай нашае жыццё стане гімнам праслаўлення Бога.

Прысвячаем Табе сем’і нашага краю. Няхай яны стануць падобнымі да Тваёй сям’і ў Назарэце, каб усе адчувалі і спазнавалі ў іх любоў Бога.

Тваёй апецы аддаём увесь Касцёл, асабліва яго пастыраў. Выпрасі нам у cвайго Сына ласку любові да Касцёла, які так часта на працягу гісторыі праходзіў праз выпрабаванні. Аддаём Табе дзяцей і моладзь нашай краіны. Выпрасі для нашага народу шматлікія пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Выпрасі таксама святасць для сужэнцаў.

Даручаем Табе хворых і церпячых. Будзь з намі, калі слабее наша надзея. Заступіся за нас, каб мы станавіліся ўсё больш сумленнымі людзьмі. Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем нашую сучаснасць і будучыню.

 

Цэтлікі: Маці Божая

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней