Літанія падчас эпідэміі

У Каталіцкім Касцёле існуе вельмі старажытная традыцыя: падчас эпідэмій людзі моляцца літаніямі. Літанія — гэта шэраг заклікаў, як правіла, да святых альбо да розных тытулаў святога, падчас якіх людзі просяць аб заступніцтве. Літанія — гэта малітва-просьба.


Некаторыя літаніі чытаюцца ў касцёлах, а іншыя прызначаны толькі для прыватнага чытання. У Дырэкторыі па народнай пабожнасці (№ 235) гаворыцца: «Літаніі да святых утрымліваюць элементы, якія вынікаюць як з літургічнай традыцыі, так і з народнай пабожнасці. Яны — выражэнне ўпэўненасці Касцёла ў заступніцтве святых і досведзе зносін паміж Касцёлам Нябеснага Ерузалема і Касцёлам у яго зямным паломніцкім шляху». <…>

Некаторыя літаніі былі асабліва папулярныя падчас эпідэмій, напрыклад, літаніі да святых, якія, як вядома, моцныя заступнікі для хворых, а таксама духоўныя ратаўнікі ў выпадку стыхійных бедстваў. Часта літаніямі маліліся падчас працэсій як антыфонамі. Адной з найбольш папулярных літаній падчас чумы і эпідэміі была Літанія да ўсіх святых.

У гэты час пандэміі, тым больш, калі ўдзел у набажэнствах абмежаваны альбо немагчымы, мы можам заклікаць святых і маліцца літаніямі. Рэлігійныя традыцыі могуць падтрымаць нашу веру. Мы верым, што з'яўляемся часткаю супольнасці святых і што іх малітвы, іх заступніцтва дзейснае.

Прапануем вам літанію да некаторых святых, да якіх часта звярталіся падчас хваробаў і чумы. Гэтая літанія прызначана толькі для прыватнага чытання. Вы можаце дадаць у яе ўласных святых апекуноў. 

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас. 

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, — змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, — змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа, — змілуйся над намі. 

Святая Марыя, Маці Божая, — маліся за нас.
Святая Марыя, аздараўленне хворых,
Святая Марыя, Маці Божая Нястомнай Дапамогі,
Святая Марыя, Суцяшальніца засмучаных, 

Святы Юзэфе, абраннік Панны Марыі, — маліся за нас.
Святы Юзэфе, надзея хворых,
Святы Юзэфе, апякуне паміраючых,
Святы Юзэфе, пострах злых духаў, 

Святы Міхале, Святло і Надзея душаў у хвіліну смерці, — маліся за нас.
Святы Міхале, наша самая пэўная дапамога,
Святы Міхале, распарадчык нябесны,

Святы Рафал, Боскі лекар, — маліся за нас.
Святы Габрыэль, Божы пасланнік,
Анёл-ахоўнік, мой абаронца,
Усе святыя анёлы, — маліцеся за нас. 

Святы Георгій, доблесны мучанік Хрыстовы, — маліся за нас.
Святы Улас, руплівы біскуп і дабрадзей бедных,
Святы Эразм, магутны абаронца прыгнечаных,
Святы Панцеляймон, цудоўны ўзор дабрачыннасці,
Святы Віт, асаблівы абаронца цнатлівасці,
Святы Крыштаф, магутны заступнік у небяспецы,
Святы Дыянісій, ззяючае люстра веры і даверу,
Святы Кірыяк, пострах пекла,
Святы Акацый, карысны заступнік падчас смерці,
Святы Яўстафій, узор цярплівасці ў нягодах,
Святы Эгідый, пагарджальнік свету,
Святая Маргарыта з Антыёхіі, доблесная прыхільніца веры,
Святая Кацярына Александрыйская, непераможная абаронца веры і чысціні,
Святая Барбара, магутная заступніца паміраючых,
Усе Чатырнаццаць Святых Памочнікаў, — маліцеся за нас.

Святы Лука, заступнік медыкаў, — маліся за нас.
Святая Агата, заступніца медсёстраў,
Святы Марцін Дэ Порэс, апякун аховы здароўя,
Святы Рох, які вылечваеш хворых,
Святы Себасцьян, суцяшальнік паміраючых,
Святая Карона, заступніца ахвяраў чумы,
Святы Бэнэдыкт, абаронца тых, хто кліча яго,
Святы Карл Барамей, чыя самаадданасць падчас вялікай чумы заваявала сэрцы нават тваіх ворагаў,
Святы Грыгорый Вялікі, які сваімі малітвамі выпрасіў заканчэнне чумы,
Святы Алойзы Ганзага, які памёр у выніку клопату пра хворых,
Святая Разалія, праз заступніцтва якой скончылася чума,
Святы Казімір, вядомы шчодрасцю да хворых,
Святыя Косма і Дам'ян, святыя браты-медыкі, — маліцеся за нас.
Святы Каміл Леліскі, апякун хворых і медыцынскіх работнікаў, — маліся за нас.
Святы Ян Божы, апякун шпіталяў,
Святая Францішка Рымская, якая прысвяціла сябе хворым і бедным,
Святы Квірыній Нойскі, заступнік тых, хто цярпеў ад чумы,
Святы Антоній Вялікі, апякун падчас эпідэміі чумы,
Святы Эдвін Мучанік, апякун падчас пандэмій,
Святы Дам'ян з Малакая, міласэрны да хворых і ізгояў,
Святая Годэберта з Нуайона, якая цудам паклала канец чуме,
Святы Генры Морс, які даглядаў ахвяраў чумы,
Святая Марыяна Коўп, якая бачыла ў хворых твар Езуса,
Благаслаўлёны Францішак Ксаверый Зеелас, святы святар, які памёр, даглядаючы хворых,
Благаслаўлёны Энгельмар Унцайтыг, святар, які падчас эпідэміі тыфу ў Дахау дапамагаў хворым,
Усе святыя Божыя, — маліцеся за нас

Ад усяго злога, Пане, ратуй народ твой.
Ад усялякага граху,
Ад гневу твайго,
Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,
Ад пастак д'ябла,
Ад гневу, нянавісці і ўсялякай нядобразычлівасці,
Ад духу нячыстасці,
Ад маланак і буры,
Ад землятрусу,
Ад чумы, голаду і вайны,
Ад вечнай смерці, Пане, ратуй народ твой

Будзь міласэрным да нас, грэшных, — Пане, пачуй малітву нашу.
Каб Ты злітаваўся над намі,
Каб Ты прабачыў нас,
Каб Ты прывёў нас да сапраўднага пакаяння,
Каб вызваліў нашы душы ад вечнага праклёну, а таксама душы братоў нашых, сваякоў і дабрадзеяў,
Каб даў і захаваў плады зямлі,
Каб забяспечыў вечны супакой усім памерлым вернікам, — Пане, пачуй малітву нашу. 

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi. 

Молімся: Усемагутны вечны Божа, наш прытулак у кожнай небяспецы, да каго мы звяртаемся ў бядзе, з верай молім Цябе, паглядзі са спачуваннем на пакутуючых, дай вечны спакой памерлым, суцеш тых, хто ў жалобе, вылеч хворых, дай спакой паміраючым, сілы медыцынскім работнікам, мудрасць нашым кіраўнікам, каб разам мы маглі праслаўляць Тваё святое Імя. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн. 


Айцец Джэймс Гудвін
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней