Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса [аўдыё]
19.06.2020 | Літаніі

У кульце Сэрца Езуса веруючы чалавек мацней і глыбей успрымае таямніцу ўцелаўлення, праз якую Слова сталася салідарным з людзьмі, каб даць сведчанне таго, што Айцец іх шукае (з паслання святога Яна Паўла ІІ да стагоддзя прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса).


Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Кірые, элейсон,
       Хрыстэ, элейсон,  Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
       Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,
       – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
       – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
       – змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа,
       – змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці
Духам Святым створанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, са Словам Божым
істотна з’яднанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, святыня Бога,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
палымнеючае вогнішча міласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
справядлівасці і любові скарбніца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усіх цнотаў глыбіня бяздонная,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усялякай хвалы найдастойнейшае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім усе скарбы
мудрасці і ўмеласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
упадабанне Айца Нябеснага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
цярплівае і вялікай міласэрнасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх,
хто да Цябе звяртаецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, крыніца жыцця
    і святасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
уміласціўленне за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
злачынствамі нашымі змучанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
паслухмянае ажно да смерці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дзідай прабітае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
крыніца ўсялякага суцяшэння,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жыццё і ўваскрашэнне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
супакой і паяднанне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жывая ахвяра за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, збаўленне тых,
хто на Цябе спадзяецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, надзея тых,
хто ў Табе памірае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, радасць усіх святых,
       – змілуйся над намі.

Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – даруй нам, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – змілуйся над намі.

С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,
Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

Молімся:
 Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.
Н.: Амэн.

Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.

Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.

С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.

Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.

С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.

Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.

 

Акт асабістага прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

Я (імя), аддаю і прысвячаю сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса Хрыста — сябе самую (самога) і маё жыццё, мае ўчынкі, працу і цярпенні, каб з гэтага моманту шанаваць, любіць і праслаўляць гэтае Сэрца.

Цвёрда пастанаўляю належаць Яму цалкам і ўсё рабіць з любові да Яго, усім сэрцам адмаўляючыся ад усяго, што Яму магло б не падабацца.

Цябе, о Найсвяцейшае Сэрца, я выбіраю адзінаю сваёю любоўю, абаронцам майго жыцця, гарантыяй майго збаўлення, лекам на маю слабасць, выпраўленнем усіх памылак майго жыцця і прытулкам у хвіліну смерці маёй.

О Сэрца Езуса, поўнае дабрыні, будзь маім апраўданнем перад Богам Айцом і адхілі ад мяне Яго справядлівы гнеў.

О Сэрца, поўнае любові, на Цябе ўскла­даю ўсю маю надзею, бо з-за маёй схільнасці да зла я ўсяго баюся, але ва ўсім спадзяюся на дабрыню Тваю.

Знішчы ўва мне ўсё, што можа Табе не падабацца ці перашкаджаць Табе. Няхай Твая чыстая любоў пранікне ў маё сэрца так глыбока, каб  я ніколі не забыла (не забыў) пра Цябе, і каб ніколі Ты не адкінуў мяне, — прашу Цябе аб гэтым праз дабрыню Тваю.

Няхай імя маё будзе запісана ў Табе, бо я прагну, каб найбольшым шчасцем маім і радасцю было жыць і паміраць як Твой (Твая) верны (верная) слуга. Амэн.


Ілюстрацыя: Carl Dietrich "Sacred Heart" 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней