Літанія да святога Казіміра
(для прыватнага чытання)
Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа, — змілуйся над намі.
Святая Марыя, — маліся за нас.
Святы Казімір,
Лілея цнатлівасці,
Палаючая паходня ў доме Божым,
Апякуне Беларусі, Літвы і Польшчы,
Узор для валадароў гэтага свету,
Люстра справядлівасці,
Лекар аслабелых,
Прыклад цярплівасці,
Той, хто не зважаў на ўласны каралеўскі сан,
Ушанавальнік Бога,
Паслядоўнік Хрыста,
Верны слуга Марыі,
Суцяшальнік засмучаных,
Той, хто прыносіць аздараўленне хворым,
Дапамога канаючым,
Крыніца дабрыні,
Распаўсюджвальнік святой веры,
Айцец убогіх і сіротаў,
Юнак беззаганны,
Прыклад пакоры і добразычлівасці,
Радасць і хвала Вільні,
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.
Маліся за нас, святы Казімір. Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Малітва: Божа, Ты адарыў святога Казіміра, каралевіча, які жыў пры каралеўскім двары і быў падвергнуты спакусам свету, ласкаю жыцця ў святасці, просім Цябе, каб праз яго заступніцтва мы навучыліся адрываць нашыя сэрцы ад часовых радасцяў і імкнуліся да вечных. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва да святога Казіміра
Святы Казімір, ты быў народжаны ў каралеўскай сям'і, але адрокся ад раскошы і свецкіх забаў, праводзячы жыццё ў надзвычайнай чыстасці і аскезе, чым заслужыў славу святога. Будзь для нас суцяшэннем і дапамогай ва ўсіх нашых патрэбах і выпрасі ласку захавання чыстасці душы і цела, каб мы асцерагаліся ўсялякага граху і заслужылі на ўдзел у хвале нябеснай. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва аб апецы
Святы Казімір, імя якога я нашу, мой літасцівы апякуне! Тваёй апецы, асабліва ў сённяшні дзень, я аддаюся і прашу, каб ты сваім заступніцтвам перад Богам падтрымліваў і ратаваў мяне ва ўсіх патрэбах маіх і каб вымаліў для мяне ласку вернага наследвання тваіх цнотаў.
Учыні, мой дарагі апякуне, каб захаваў я вернасць Богу, нягледзячы на ўсе нягоды зямнога жыцця, і заслужыў ласку шчаслівай смерці. Амэн.
Малітва ў дзень імянінаў (4 сакавіка)
Божа, сённяшні дзень для мяне не толькі прыемны і радасны, але таксама вельмі важны, бо з'яўляецца памяткай Тваіх бясцэнных дароў, якімі Ты адарыў мяне ў дзень святога хросту. З глыбіні сэрца складаю Табе падзяку за тое, што дазволіў мне дажыць да сённяшняга дня, які прыпамінае мне пра гэты самы дарагі скарб маёй душы.
Табе, Пане, абавязаны я жыццём маім, бо без Тваёй волі не было б мяне на зямлі. Але яшчэ больш абавязаны я Табе маім навяртаннем. Я ўдзячны Тваёй міласэрнасці за тое, што вызнаю сапраўдную веру. Прашу Цябе, Божа, удзялі мне ласку, каб цаніў я гэтае шчасце па-над усё і заўсёды паступаў так, як павінен паступаць хрысціянін; каб, прысвяціўшы Табе сваё сэрца, я захаваў яго ў чысціні і праз усё маё жыццё заставаўся верным Тваім слугою і сынам.
Пане, чым адплачу я Табе за ўсё, што Ты для мяне ўчыніў? Што аддам я Табе, Пане? Не маю нічога, што было б годнае Цябе. Таму прымі ў дар заслугі ўсіх Тваіх Святых, а асабліва майго святога апекуна Казіміра. Дзякуючы за ўсе Твае ласкі, шчыра перапрашаю Цябе за ўсе грахі мае і за няўдзячнасць маю і пакорна прашу Твайго благаслаўлення, дапамогі і літасці Тваёй, якія так патрэбны мне ў далейшым жыцці. Амэн.
Святы Казімір (успамін — 4 сакавіка)
Культ св. Казіміра шырока распаўсюджаны на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага — у Польшчы, Літве і Беларусі. Каралеўскі сын, які жыў і выхоўваўся ў палацы, дасягнуў такіх вышыняў святасці, якія аказаліся недасягальнымі для многіх мужоў Божых, што жылі адасоблена ў пустэльнях альбо ў кляштарах. Дзякуючы яго заступніцтву здзяйсняліся шматлікія цудоўныя аздараўленні, былі атрыманы перамогі ў бітвах.
Казімір — са стараслав. казі («нішчыць») і мір («слава») — «той, хто нішчыць славу ворага». Св. Казімір нарадзіўся З кастрычніка 1458 г. у Кракаве, у Вавельскім замку. Быў другім сынам караля Казіміра Ягелончыка і Альжбеты Ракушанкі, дачкі імператара Германіі Альбрэхта ІІ Габсбурга. Сам кароль і каралева былі надзвычай пабожнымі і давалі вельмі добры прыклад сваім дзецям. Кароль цвёрда прытрымліваўся правілаў маралі, заўсёды стрымліваў дадзенае слова і быў справядлівым, не ўжываў алкаголю — на пірах піў толькі ваду. Каралева вельмі шанавала Найсвяцейшую Маці, уласнымі рукамі яна шыла і вышывала літургічнае адзенне і абрусы на алтар, а таксама фінансава падтрымлівала кляштары і касцёлы.
Маці прысвячала шмат часу выхаванню дзяцей (6 сыноў і 7 дачок). Яна клапацілася аб тым, каб дзеці атрымалі належную адукацыю, выхоўвала ў іх чуласць да добрага і прыгожага. У той жа час каралеўскія дзеці выхоўваліся вельмі сурова. За ўсялякія правіны іх каралі бізуном. Летам яны насілі палатнянае адзенне, а зімой — кажушкі з казінай шкуры; такое ж адзенне ў тыя часы насілі і простыя людзі. На штодзень не мелі дзеці і нейкіх надзвычайных прысмакаў — яны елі звычайныя стравы і толькі ў святочныя дні ім дазваляўся сапраўдны пір. Спалі яны таксама не на мяккіх каралеўскіх ложках, а на цвёрдых ляжанках, уставалі вельмі рана, на забаву і адпачынак мелі вызначаны, даволі кароткі час. Казімір знаходзіўся пад клапатлівай апекаю маці да 19 гадоў, потым кароль запрасіў настаўнікам для сваіх сыноў гісторыка кс. Яна Длугаша, які так пісаў пра свайго выхаванца Казіміра: «Ён быў высакародным маладым чалавекам рэдкіх здольнасцяў, розуму і выключнай памяці». Кс. Ян Длугаш выхаваў Казіміра ў духу глыбокай рэлігійнасці і патрыятызму, акрамя гэтага навучыў яго лацінскай, нямецкай і літоўскай мовам.
І сапраўды, св. Казімір вызначаўся асабліваю чысцінёю духа і міласэрнасцю. Быў шчырым ушанавальнікам Эўхарыстыі і Найсвяцейшай Панны Марыі. Доўгія гадзіны ўдзень і ўначы ён праводзіў у малітве, стоячы на каленях нават перад зачыненымі дзвярыма святыні. Патаемна ад усіх практыкаваў цялесныя пакуты: апранаў валасяніцу і спаў на голай зямлі.
Нягледзячы на маладыя гады, юнака не прыцягвалі гучныя рыцарскія забавы. Калі кс. Ян Длугаш запытаў Казіміра, што прыносіць яму самую вялікую асалоду, той адказаў: «... малітва ў касцёле пры алтары, дзе я хацеў бы заставацца як мага даўжэй». Для св. Казіміра гэта было больш прыемным, чым паляванне, танцы ці іншыя забавы, характэрныя для таго часу.
Казімір ведаў, што вера без учынкаў мёртвая. Кіруючыся любоўю да бліжняга, ён ахвотна ішоў да бедных, раздаваў ім свае асабістыя зберажэнні, бараніў іх і заўсёды заступаўся за іх. Не зносіў, каб пры ім знаходзіліся махляры альбо кар'ерысты. Калі яму зрабілі заўвагу, што ён, каралевіч, не павінен прыніжаць, сябе да таго, каб служыць убогім, Казімір адказаў, што не можа ўчыніць нічога больш прыстойнага, як толькі служыць самому Хрысту ў жабраках. Гісторыкі пісалі пра Казіміра, што «ўдовы называлі яго сваім апекуном, сіроты — бацькам, а няшчасныя — суцяшальнікам».
Прыродныя здольнасці, набытая ўсебаковая адукацыя, здольнасць яднаць людзей — усе гэтыя якасці спрыялі таму, што маладога каралевіча паступова прыцягвалі да ўдзелу ў вырашэнні справаў па кіраванні краінай, а таксама звязаных з інтарэсамі дынастыі. Яго бацька, кароль Казімір ІV Ягелончык, бачыў у ім свайго наступніка. Малады Казімір не цураўся ўлады, але хацеў напоўніць яе духам Евангелля.
У 1471 г. старэйшы брат Казіміра стаў каралём Чэхіі. У гэты ж час у Венгрыі пачалося паўстанне супраць караля Мацея Корвіна і на венгерскі трон запрасілі Казіміра, які наследаваў яго па мацярынскай лініі (яго маці Альжбеце венгерскі трон дастаўся пасля смерці яе брата Уладыслава V, Паграбоўца), Казімір выязджае з невялікім атрадам у Венгрыю, дзе яму абяцана карона. Аднак выправа заканчваецца няўдачай: перад самай венгерскай сталіцай дарогу нечакана загарадзіў Мацей Корвін з 16-тысячным войскам, таму Казімір быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу.
У 1472 г. каралевіч разам з усёй сям'ёй здзейсніў пілігрымку ў Ясную Гуру, дзе перад цудадзейным абразом Маці Божай Чэнстахоўскай склаў шлюб вечнай чыстасці. Пасля гэтага каралевіч прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцці. Ён спадарожнічае бацьку ў паездках па краіне, прымае ўдзел у нарадах і нават застаецца падчас двухгадовага побыту бацькі на Літве ягоным намеснікам і кіруе краінай з замка Радомін. Св. Казімір умеў спалучаць дзяржаўныя абавязкі з глыбокім і насычаным духоўным жыццём. Паказаў сябе справядлівым уладаром, разважлівым і прадбачлівым кіраўніком, які клапоціцца пра бедных. Быў ашчадным, эфектыўна ліквідаваў разбойніцкія шайкі, пазбавіўся ад несумленных людзей пры каралеўскім двары. Казімір імпанаваў усім сваёю мудрасцю, справядлівасцю і дабрынёю. Калі б не яго заўчасная смерць, то, без сумніву, ён стаў бы адным з найбольш выдатных уладароў.
Тым часам суровы стыль жыцця падарваў яго сілы — Казімір захварэў на сухоты. Каб выратаваць яго, летам 1483 г. Казіміра адправілі ў Літву з надзеяй, што тутэйшы клімат яго аздаравіць. Аднак каралевічу не станавілася лепш, тады лекары прыйшлі да высновы, што палепшыць яго здароўе могуць інтымныя адносіны з жанчынай, аднак каралевіч рашуча адмовіўся ад гэтай прапановы, кажучы: «Лепш страчу сваё кароткае зямное жыццё тут, чым праз грэх не траплю ў вечнае райскае жыццё. Не ведаю іншага жыцця і іншага здароўя, як толькі ў Езусе Хрысце».
Калі яму стала крыху лепш, ён змог паехаць на Божае Нараджэнне да бацькоў у Гродна, каб разам святкаваць гэтае радаснае свята. У студзені 1484 г. кароль адправіўся на сейм у Люблін, але ў хуткім часе прыйшла вестка аб тым, што здароўе каралевіча пагоршылася, таму кароль вярнуўся і яшчэ застаў Казіміра жывым. У нядзелю 4 сакавіка 1484 г. у прысутнасці святароў і законнікаў, якія нястомна маліліся, у поўнай свядомасці, трымаючы ў руках крыж і медалік з выявай Маці Божай, каралевіч Казімір адышоў у вечнасць ва ўзросце 26 гадоў. Св. Казімір быў пахаваны ў віленскай катэдры св. Станіслава. У труну паклалі яго любімы гімн «Omni Dei dic Mariae».
Кананізаваны св. Казімір у 1604 г. Калі падчас кананізацыйнага працэсу (у 1602 г.) адчынілі труну каралевіча, то выявілася, што нягледзячы на вялікую вільготнасць у склепе, дзе нават цэгла наскрозь прамокла, праз 118 гадоў са дня смерці святога яго цела захавалася ў непарушным стане.
«У 1953 г. рэліквіі св. Казіміра былі перанесены ў віленскі касцёл св. Пятра і Паўла, а ў 1989 г. былі зноў вернуты ў катэдру. У 1950 г. св. Казімір абвешчаны галоўным апекуном Літвы. Ён таксама з'яўляецца апекуном моладзі, многіх дыяцэзій, у тым ліку Гродзенскай дыяцэзіі на Беларусі.
На абразах св. Казімір прадстаўлены ў каралеўскім адзенні, з лілеяй у руках (бо галоўнай цнотай для яго была чыстасць), альбо адлюстраваны сюжэт, калі ён стаіць на каленях перад дзвярыма касцёла. Прадстаўляюць св. Казіміра таксама са скруткам у руках, на якім напісаны словы лацінскага гімна «Omni Dei dic Mariae» («На хвалу Маці Божай»).
У некаторых мясцовасцях захавалася даўняя традыцыя пасвячаць у дзень св. Казіміра лекавыя травы. У Віленскай дыяцэзіі да гэтага часу захаваўся звычай прадаваць у дзень св. Казіміра (Казюкаса) прыгожа аздобленыя вербачкі, абаранкі, пернікі.
Паводле: «Святы Казімір. Жыццё. Дзейнасць. Малітвы»,
«Про Хрысто», 2003 г. (Серыя «Святыя і благаслаўлёныя»)