Літанія падзякі
28.04.2021 | Літаніі

Кірые, элейсон,
         Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
         Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,
         – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
         – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
         – змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа,
         – змілуйся над намі. 

Божа, які выкарыстаў сваю ўсемагутнасць, мудрасць і дабрыню дзеля майго дабра,
         — змілуйся над намі.
Божа, які пасылаеш мне ўвесь час новых дабрадзеяў,
         — змілуйся над намі.
Божа, які не адмаўляеш мне ў сваёй дапамозе нават тады, калі я Цябе абражаю,
         —змілуйся над намі.

Ты стварыў мяне на свой вобраз і падабенства,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты стварыў мяне для звышнатуральнага жыцця,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты даў мне несмяротную душу,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты зрабіў яе здольнаю пазнаваць, любіць Цябе і валодаць ёю вечна,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты адарыў мяне здароўем цела,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты прызначыў мне ў абарону Анёла,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты да сённяшняга дня па-бацькоўску сілкуеш і ахоўваеш мяне,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты выбавіў мяне праз муку Твайго Сына з пякельнай няволі,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты паклікаў мяне да сапраўдных веравызнаўцаў Каталіцкага Касцёла,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты ўстанавіў сем святых сакрамэнтаў для майго збаўлення,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты не адкінуў і не асудзіў мяне пасля столькіх учыненых грахоў,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты засцярог мяне ад няшчасцяў цела і душы,
         — дзякую Табе, о Божа.
Ты благаславіў мае справы і працу,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе натуральныя і звышнатуральныя дары,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе духоўныя і цялесныя пакуты,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе бацькоўскія павучанні і пакаранні,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе дабрадзействы і ласкі, якіх да сённяшняга дня ніколі не атрымліваў,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе дабрадзействы, якія да гэтага часу не магу ацаніць,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе дары і дабрадзействы, якія, на жаль, былі выкарыстаныя ў дрэнных мэтах,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе ласкі і дабрадзействы, якія Ты ўдзяліў усім анёлам і святым,
         — дзякую Табе, о Божа.
За ўсе ласкі і дабрадзействы, якімі Ты адарыў людзей і ўсе стварэнні,
         — дзякую Табе, о Божа.
Разам з гэтымі словамі падзякі, якія Касцёл выказваў і будзе выказваць Табе на зямлі,
         — дзякую Табе, о Божа.
Разам з гэтымі словамі падзякі, якія Касцёл, трыумфуючы ў небе, узносіў і вечна будзе Табе ўзносіць,
         — дзякую Табе, о Божа.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
         – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
         – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
         – змілуйся над намі.

Ойча наш...

Молімся.
О Божа, які праявіў да мяне, самага нягоднага Твайго слугі, сваю бясконцую шчодрасць. Прашу Цябе праз найлітасцівейшую Тваю дабрыню, дадай да ласкаў і дабрадзейнасцяў, якімі Ты ўжо мяне адарыў, яшчэ і такія, якія я заўсёды мог бы добра пазнаваць, ацэньваць і выкарыстоўваць Табе на хвалу, для свайго збаўлення і на карысць маіх бліжніх, каб я быў вартым трапіць туды, дзе разам з Тваімі святымі мог бы праслаўляць Тваю бясконцую шчодрасць. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Надрукавана ў «Ave Maria» № 6, 2008 г.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней