Літанія на апошні дзень года
31.12.2022|Літаніі

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон,

Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

 

Ойча з неба, Божа,  — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, Адзіны Божа,

Ласкавы і міласэрны Божа,

 

Божа, які з праху стварыў нас на свой вобраз і падабенства, — дзякуем Табе за гэта.

Божа, які даў нам несмяротную душу,

Божа, які выбавіў нас ад вечнай згубы,

Божа, які, нягледзячы на нашыя грахі, заўсёды аказваеш нам міласэрнасць,

Божа, які даеш нам дождж і сонечнае надвор’е,

Божа, які корміш нас і падтрымліваеш у нас жыццё,

Божа, які пасылаеш нам святароў і настаўнікаў,

Божа, які сваёю дапамогаю вызваліў нас ад шматлікіх небяспекаў,

Божа, які пажадаў захаваць нас у спакоі і еднасці,

 

Мы, грэшныя, просім Цябе, — выслухай нас, Пане.

Просім Цябе, каб Ты пажадаў быць нашым дабрадзеем і ў наступным годзе,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў асвячаць і ўзмацняць Святога Айца сваёю мудрасцю,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў напоўніць апостальскай руплівасцю нашага мітрапаліта N, нашага біскупа N і ўсіх святароў,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў накіроўваць дзеянні ўсіх свецкіх ўладаў дзеля дабра тых, хто ім падданы,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў быць дапамогаю бацькам,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў адарыць усіх хрысціянаў духам еднасці і братняй любові,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў вярнуць блукаючых на дарогу праўды і дабра,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў быць Айцом бедных, самотных, удоваў і сіротаў,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў суцешыць засмучаных і прыгнечаным прыйсці на дапамогу,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў узмацніць хворых, а паміраючых — давесці да вечнага жыцця,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў адплаціць нябеснымі ласкамі дабрадзеям нашым за іх дары,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў захаваць нас ад заразы, голаду, агню і вайны,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў адхіліць ад нашых дамоў усялякія няшчасці,

Просім Цябе, каб Ты пажадаў пасля заканчэння нашага жыцця давесці нас да шчаслівай вечнасці,

 

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, даруй нам, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі, Пане.

 

Молімся: Ойча Міласэрнасці і Божа ўсялякага суцяшэння, дзякуем Табе праз Езуса Хрыста, Твайго Адзінароднага Сына, за тое, што праз сваю бацькоўскую дабрыню Ты пажадаў падарыць нам яшчэ адзін гэты год як магчымасць палепшыць нашае жыццё. Рашуча і шчыра пастанаўляем — калі нас яшчэ жывымі пажадаеш пакінуць,— служыць Табе ў наступным годзе з большай адданацю. Адары нас, Божа, Тваёю ласкаю, каб мы маглі выканаць гэтае пастанаўленне. Праз Хрыста, Пана нашага.

Усе: Амэн.


Надрукавана ў «Ave Maria» № 12, 2002 г.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней