Малітва да Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі

2 ліпеня -  Урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай.


Маці Божая Будслаўская! Апякунка Беларусі! З пакораю кленчым мы перад Тваім цудатворным абразом і просім, каб Ты заўсёды дапамагала нам у нашым жыцці, каб памятала, што мы выбралі Цябе Апякункаю нашай краіны, каб благаславіла нашыя сем’і і выпрошвала ў Пана Бога для ўсіх нас ласку трываласці ў веры і ў дабрыні. 

Маці Будслаўская, мы хочам запэўніць Цябе ў нашай моцнай веры. Прагнем жыць каштоўнасцямі нашых бацькоў і нашых прадзедаў. Просім Цябе, Апякунка Беларусі, аб пастаянным умацаванні нашай веры. Нашу малітву мы далучаем да шматлікіх малітваў папярэдніх пакаленняў перад Тваім цудоўным абразом.
Маці Касцёла! Мы просім аб Тваім заступніцтве ў Хрыста за ўсіх вернікаў паўсюднага Касцёла. Просім аб ласках для Святога Айца, каб ён сваёй глыбокай верай і вялікай душпастырскай актыўнасцю мог пашыраць і паглыбляць веру ў людскіх сэрцах. Памятай, Маці Божая, пра ўсіх біскупаў і святароў, якія жывуць і працуюць на Беларусі. Няхай прыкладам свайго жыцця і словам Божым яны і надалей умацоўваюць наш Касцёл.

Маці і Каралева наша! Благаславі нашу Бацькаўшчыну! Няхай усіх нас напоўніць дабро, што паходзіць з нашай веры. Учыні, каб усе мы адчувалі сябе братамі і сёстрамі, якія жывуць у спакоі, згодзе і любові ва ўласнай краіне.

Каралева сем’яў! Учыні, каб нашыя сем’і, па­збавіўшыся крыўды і непрыязнасці, умелі жыць пабожна. Няхай у нашых дамах запануюць радасць і шчасце, якія нараджаюцца праз захаванне Божых каштоўнасцяў.

Панна наймудрэйшая! Учыні, каб наша моладзь зразумела, што сапраўдная годнасць чалавека заключаецца ў хрысціянскіх прынцыпах маралі, што сапраўднае шчасце вынікае з лучнасці з Панам Богам і ўтаймавання сваіх часовых жаданняў і прыродных імпульсаў. Каралева Усіх Святых! Дапамажы, каб нашыя дзеці ўзрасталі ў святасці. Няхай бяруць добры прыклад з атмасферы дабрыні і шчырасці ў нашых сем’ях. Няхай у будучыні яны стануць пакаленнем людзей, моцных хрысціянскай верай.

Памнож, Маці Божая, нашыя сілы для трываласці ў веры. Дазволь нам яшчэ больш наблізіцца да Хрыста і да Цябе, каб мы маглі на ўсю глыбіню чэрпаць з плёну нашай веры.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней