Малітвы праз заступніцтва першамучаніка Стэфана

26 снежня Касцёл згадвае святога Стэфана, дыякана і першамучаніка, пра жыццё якога апавядаюць Дзеі Апосталаў. Дата нараджэння Стэфана невядомая. Па паходжанні ён быў габрэем-эліністам, навернутым у хрысціянства (прыехаў у Ерузалем з дыяспары і размаўляў на грэцкай мове). Ён быў адным з першых сямі дыяканаў, якіх апосталы выбралі для служэння бедным. Паводле Дзеяў Апосталаў, Стэфан, «муж поўны веры і Духа Святога», абвяшчаў Евангелле Хрыста, «чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу» (Дз 6, 8).


Габрэі абвінавацілі Стэфана ў святатацтве і парушэнні Майсеевага закону. Яго паставілі на суд перад Сінэдрыёнам, а ілжывымі сведкамі абралі празелітаў, якім Стэфан абвяшчаў Хрыста ўкрыжаванага. Стоячы перад найвышэйшаю габрэйскаю судоваю радаю, Стэфан звярнуў яе ўвагу на задуму Бога ў гісторыі Ізраэля, а таксама на смерць Збаўцы: «Каго з прарокаў не пераследавалі айцы вашыя? І забілі  тых, хто прадказваў прыйсце Справядлівага» (Дз 7, 52). Пасля гэтага дакору Стэфана вывелі за горад і ўкаменавалі. Будучы Апостал народаў, называны тады Саўлам, прысутнічаў падчас яго каменавання. Смерць першамучаніка распачала вялікі пераслед ерузалемскіх хрысціянаў.

Спачатку цела Стэфана было пахаванае ў Кафар-Гамале, і толькі ў V стагоддзі імператрыца Эўдоксія перанесла яго ў Ерузалем. Калі магіла св. Стэфана была адкрытая, паветра напоўнілася прыемным пахам і ў акрузе ад хваробаў і апантанасці аздаравілася шмат людзей. Рэліквіі святога перавезлі ў Канстанцінопаль, а потым — у Рым, дзе яны цяпер захоўваюцца ў базыліцы святога Лаўрэнція. Пра сваё цудоўнае аздараўленне праз заступніцтва першамучаніка згадвае ў сваіх лістах святы Грыгорый Турскі. Святы Стэфан ушаноўваецца Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквою.

Малітва да святога Стэфана

Усемагутны Божа! Згадваючы нараджэнне для неба святога першамучаніка Стэфана, які маліўся нават за сваіх пераследнікаў, дазволь нам браць яго за прыклад і навучы нас любіць сваіх непрыяцеляў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва да святога Стэфана, апекуна

Святы Стэфане, мой асаблівы апякуне! Маліся за мяне, каб я мог калісьці таксама праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу ў небе. Выпрасі для мяне сваю жывую веру, каб я мог глядзець на ўсіх людзей, рэчы і падзеі ў святле ўсемагутнага Бога. Маліся за мяне, каб па тваім прыкладзе, імкнучыся да вечнасці, я быў велікадушным, прымаючы як ахвяру часовыя выпрабаванні.

Акуні мяне ў агонь любові Езуса, каб я прагнуў Яго сакрамэнтаў і меў запал да распаўсюджвання Яго Валадарства. Праз тваё магутнае заступніцтва дапамажы мне годна выконваць свае абавязкі перад Богам, сабою і ўсім светам. Дапамажы мне захоўваць чысціню і мець моцны давер да Найсвяцешай Панны Марыі. Абараняй мяне ў гэты дзень і ў кожны дзень майго жыцця. Захавай мяне ад смяротнага граху. Выпрасі для мяне ласку шчаслівай смерці. Амэн.

Малітва да першамучаніка Стэфана

О вялікі святы Стэфане! Святое Пісанне гаворыць, што твой твар ззяў анёльскаю чысцінёю, калі ты сведчыў аб праўдзе Хрыстовай. Выпрасі ў Найсвяцейшай Тройцы для мяне і ўсіх маіх братоў і сясцёр ва ўсім свеце глыбокую прагу да праўды, якая сыходзіць з Сэрца Езуса, і любоў да мужнасці, каб вызнаваць гэтую праўду нават у часы цяжкасцяў, трывогаў і пераследу.

Няхай спакой духу, які ты меў падчас укаменавання, сыдзе і на ўсіх, хто жыве надзеяй на прыйсце Езуса Хрыста, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Малітва праз заступніцтва святога Стэфана

Святы Стэфане! Ты адважна абараняў праўду пра тое, што Езус Хрыстус — гэта адзіны Месія і Збаўца. Пад градам камянёў ты нават маліўся за сваіх пераследнікаў. Прашу твайго заступніцтва перад Богам, каб кожным сваім словам і ўчынкам я мог пацвярджаць веру ў Езуса і любіць усіх, нават сваіх непрыяцеляў. Праз Хрыста, Пана нашага і Збаўцу. Амэн.

Малітва праз заступніцтва першамучаніка святога Стэфана

Усемагутны Божа, як першамучанік твой Стэфан маліўся да Цябе за тых, хто яго забіваў, так і мы, схіліўшыся ў пакоры, просім Цябе: даруй усім, хто ненавідзіць і крыўдзіць нас, каб ніводны з іх не быў кінуты з-за нас на вечную пагібель, але дзякуючы Тваёй Божай ласцы атрымаў збаўленне.

Навучы нас, Пане, наследаваць святога Стэфана, які маліўся за сваіх ганіцеляў, і любіць нават сваіх ворагаў.

Літанія да святога Стэфана
(для прыватнага чытання)

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,           — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа,

Святы першамучанік Стэфане, — малiся за нас.
Святы Стэфане, які пакутаваў за
прапаведаванне імя Езуса Хрыста,
Святы Стэфане, які наследаваў
Езуса Хрыста ў вялікім праяўленні
літасці да непрыяцеляў,
Святы Стэфане, які падчас каменавання спасылаў на сваіх непрыяцеляў не іскры гневу, а промні любові, запальваючы
іх сэрцы, цвярдзейшыя за камяні,
якія яны кідалі,
Святы Стэфане, які, аддаўшы сваю душу Богу, плакаў па сваіх непрыяцелях і прасіў Пана не караць іх за гэты грэх,
Святы Стэфане, вялікі руплівец
пра Божую хвалу,
Святы Стэфане, самы цярплівы і адданы Богу,
Святы Стэфане, прыклад цнатлівасці
і чысціні,
Святы Стэфане, нябесная стойкасць
якога выклікала ва ўсіх захапленне,
Святы Стэфане, які ўчыніў шмат цудаў,
Святы Стэфане, які ў любові да Бога
не саступаў нават самім Апосталам,
Святы Стэфане, які многіх людзей навярнуў
у Хрыстовую веру,
Святы Стэфане, дзякуючы якому Касцёл атрымаў і працягвае атрымліваць
многа карысці,
Святы Стэфане, пра якога сказана,
што Дух Святы, напаўняючы яго душу,
заззяў і прапусціў промні праз яго цела,
Святы Стэфане, твар якога ззяў, як у анёла,
Святы Стэфане, узор цнатлівасці,
Святы Стэфане, напоўнены вераю
і Духам Святым,
Святы Стэфане, дарагі сэрцу Езуса,
— малiся за нас.

Молімся:

О праслаўлены святы, верны паслядоўнік пакутаў Езуса! Ты настолькі напоўнены духам дабрадзейнасці, клопату, любові і чысціні, што варты таго, каб заступацца за нас, бедных выгнаннікаў, перад Богам. Просім цябе, выпрасі для нас маленькую іскарку Божай любові, якая ажывіць нашыя сэрцы, каб сузіраць калісьці нашага Бога тварам у твар.

О святы Стэфане, выпрасі для нас ласку быць такімі ж высакароднымі людзьмі, святому пакліканню якіх патрэбна асаблівая дабрадзейнасць. Амэн.


Паводле: catholicharboroffaithandmorals.com;
pch24.pl;
miraclesfulfilled.blogspot.com

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней