Малітва бацькоў за дзяцей
Божа, у Тройцы Адзіны! Па сваёй волі і ласцы Ты даверыў нам дзяцей, якія належаць Табе. Просім за іх, каб Ты заўсёды апекаваўся імі.
Айцец Нябесны, сцеражы жыццё нашых дзяцей, захоўвай іх здаровымі, абараняй ад дрэнных прыгодаў, каб яны падрасталі на Тваю хвалу і на радасць нам.
Сыне Божы, Езу Хрыстэ! Сцеражы веру нашых дзяцей і адары ласкаю вернасці Табе, не дазволь ім заблытацца ў жыцці.
Духу Святы, Божа! Асвятлі нашым дзецям шлях у іх абавязках і пакажы, як яны могуць служыць Богу і бліжнім. Дай ім сілы перамагаць спакусы і цяжкасці.
Божа, падтрымай нас, бацькоў, каб сваімі парадамі мы маглі дастукацца да іх сэрцаў, а словы нашыя каб пацвярджаліся добрым жыццёвым прыкладам. Дапамажы нам быць уважлівымі да нашых дзяцей і шукаць для іх толькі дабра. Абудзі і падтрымай у нас дух веры і вядзі нас і нашых дзяцей да сябе, каб у вечнасці мы маглі разам сузіраць Цябе, Бога ў Тройцы Адзінага. Амэн.
Малітва аб дапамозе ў выбары жыццёвай дарогі дзіцяці
Пане Божа, Ты дасканала ведаеш пра тое, што будзе лепш для нашага дзіцяці. Ты ведаеш, што прынесла б яму ў жыцці сапраўдную рэалізацыю і шчасце. Таму мы просім Цябе, каб Ты дапамог яму зрабіць важны выбар сваёй жыццёвай дарогі, каб гэты выбар адпавядаў Тваёй волі.
Асвяці яго розум і сэрца святлом Духа Святога, каб ён верна распазнаваў знакі і падказкі, якія Ты яму даеш, і каб не спрабаваў будаваць жыццё па-свойму і, што яшчэ горш, — не адышоў ад Цябе.
Пастаў каля яго Анёла Ахоўніка, каб ён сцярог яго ад дрэнных рашэнняў, якія могуць прывесці да заблытанага жыцця і згубы.
Анёле Ахоўнік нашага дзіцяці! Дапамажы яму правільна распазнаваць знакі, якія дае яму Бог. Няхай з Тваёю дапамогаю ён заўсёды ідзе ўслед за Божым пакліканнем і ніколі не адкідвае яго. Амэн.
Малітва за хворае дзіця
Пане Езу, калі Ты хадзіў па зямлі, Ты заўсёды адгукаўся на просьбы клапатлівых бацькоў і аздараўляў іх хворых дзяцей. Паглядзі на нашае дзіця і на яго цярпенне, дакраніся да яго сваёю рукою, каб да яго вярнуліся сілы і здароўе і каб яно магло з радасцю пражываць сваё дзяцінства. Да таго часу, пакуль нашае дзіця хворае, дапамажы яму цярпліва і мужна пераносіць усе немачы і пакуты, а нам, бацькам, дапамажы мудра і адважна падтрымліваць яго. Пасылай на наш шлях мудрых і адданых дактароў, а таксама добрых і зычлівых людзей, якія могуць дапамагчы нашаму дзіцяці знесці цяжар хваробы і хутчэй стаць здаровым.
Нашая Маці Марыя! Ты ведаеш, што значыць глядзець на пакуты свайго дзіцяці. Выпрасі для нас ласку цярплівага перажывання гэтага цяжкага часу і навучы нас мудра падтрымліваць нашае хворае дзіця. Маліся за яго аздараўленне і мужнасць у пераадоленні цярпенняў. Амэн.
Малітвы праз заступніцтва святой Монікі
Святая Моніка з’яўляецца прыкладам цярплівай і трывалай малітвы за дзіця і за мужа. Яна жыла ў ІV ст. і была маці святога Аўгустына. Св. Моніка на працягу доўгіх гадоў малілася за свайго сына, які згубіўся на жыццёвым шляху, і прасіла Бога аб яго навяртанні. Малітвы жанчыны былі пачутыя, і Аўгустын у будучыні стаў вялікім святым, доктарам Касцёла. Праз заступніцтва святой Монікі хрысціянскія жонкі і маці моляцца да Бога з просьбаю ўратаваць душы сваіх дзяцей і мужоў.
Малітва аб навяртанні дзіцяці
Звяртаюся да цябе, св. Моніка, дасканалы прыклад пачутай малітвы за дзіця, і прашу дапамогі і парады. У твае любячыя рукі аддаю сваё дзіця (дзяцей) ... , каб праз тваё пераможнае заступніцтва яно (-ы) магло (-і) атрымаць ласку шчырага і сапраўднага навяртання да Хрыста, нашага Пана. Таксама пакорна цябе прашу, каб ты выпрасіла ў Пана духа такой самай трывалай і нястомнай малітвы, якім Ён надзяліў цябе. Прашу аб усім гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва жонкі і маці
Божа, Ты ўбачыў шчырыя слёзы і просьбы св. Монікі і адказаў на яе малітвы навяртаннем яе мужа і сына. Надзялі мяне Тваёю ласкаю, каб я змагла маліцца да Цябе з такім жа шчырым запалам і так, як яна, выпрасіла збаўленне для сваёй душы і для душаў тых маіх блізкіх, за якіх я нясу адказнасць. Праз Хрыста, Пана нашага, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога. Амэн.
Малітва аб трываласці і дапамозе для хрысціянскіх маці
Святая Моніка, прыклад маці! Ты старанна змагалася за свайго заблукалага сына Аўгустына без пагрозаў, узносячы толькі свае малітоўныя заклікі да неба. Заступайся за мяне і за ўсіх сучасных маці, каб мы змаглі вучыць нашых дзяцей збліжацца з Богам. Навучы нас быць побач з нашымі дзецьмі, нават з тымі марнатраўнымі сынамі і дочкамі, якія згубіліся ў гэтым жыцці. Амэн.
З малітоўніка «Wszystkie nasze dzienne sprawy.
Modlitewnik dla rodzin», Katowice, 2009.
Малітва за дарослых дзяцей
Ты дазволіў мне, Пане, шчасліва гадаваць маіх дзяцей. Яны ўжо дарослыя і могуць абысціся без маёй апекі і старанняў. Мой Божа, хоць дзецям мая дапамога ўжо не так патрэбная, як раней, усё ж я хвалююся за іх болей, чым калі яны былі маленькія, таму што хачу для іх толькі дабра.
Пане, я баюся, бо не ведаю, ці змогуць мае дарослыя дзеці пад ціскам гэтага свету адкінуць ад сябе зло. Пане, я баюся, бо яны ідуць ужо сваёю дарогаю, і я не ведаю, куды яна іх прывядзе, што яны знойдуць на ёй, з чым яны сустрэнуцца.
Божа, пакіруй іх шляхамі, бо я ўжо не магу ісці перад імі. Пакажы ім мэту іх жыцця і шчасліва вядзі іх да яе. Стрымлівай іх прагненні. Навучы іх быць задаволенымі тым, што яны атрымаюць уласнаю сумленнаю працаю.
Асвяці іх унутраны запал, утаймуй парывы сэрца, згубныя для іх супакою і шчасця. Дапамажы ім згаджацца з Тваёю воляю, нават калі яна будзе супярэчыць іх жаданням. Сцеражы іх ад балючых расчараванняў, здрады і пераследу, але перш за ўсё сцеражы іх, Пане, ад страты веры і любові да Цябе, якую калісьці я пастаралася (-ўся) пасяліць у іх дзіцячыя сэрцы. Абарані ад расчаравання ў Тваім існаванні і Тваёй моцы, ад пагарды ўсім святым.
Дай ім жыццё можа і сціплае, але спакойнае і светлае. Захавай ад нястачы, нягодаў, няўдачаў і цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, якія разбіваюць сэрца, адбіраюць сілы і могуць падарваць давер да Тваёй міласэрнасці або нават збіць са шляху цнотаў. Дапамажы ім пад сваім дахам радавацца сямейнаму шчасцю, а іх дом няхай абмінаюць хваробы, людзі са злымі намерамі і ўсё, што прыносіць слёзы.
Благаславі іх працу і пачынанні. Дапамагай у цяжкасцях і барацьбе на жыццёвым шляху. Суцяшай у горы, падымай ва ўпадках. Дапамажы ім здабыць добрае імя сярод людзей, павагу і сяброўства. Няхай на працягу ўсяго жыцця яны будуць пабожнымі, шляхетнымі, праведнымі. Няхай не знойдзецца чалавека з крыўдаю на маіх дзяцей. Няхай ніякая віна ні перад кім не затрымлівае Тваіх ласкаў да іх. Пане, будзь побач з імі і з іх сем’ямі, заўсёды благаслаўляй іх — прашу Цябе аб гэтым праз заслугі Пана нашага Езуса Хрыста. Амэн.
Паводле: wobroniewiaryitradycji.wordpress.com