Набажэнства аб аздараўленні і вызваленні праз заступніцтва св. арханёла Міхала

Пане і Божа наш! Адзіны Адкупіцель чалавецтва. Хоць мы няспынна мусім весці бяскроўную барацьбу з сіламі цемры, Ты сам у Эўхарыстыі прыносіш нам аздараўленне і вызваленне ад моцы злога. Просім Цябе, учыні, каб мы змаглі адрачыся ад злога духа і ўсяго, што трымае ў няволі нас, нашых блізкіх і наш народ.


Пане Езу, Ты сказаў: «Прыйдзіце да мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28); «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым» (Мц 9, 12). Просім Цябе аб Тваёй міласэрнасці, аб аздараўленні нашых хворых душаў і целаў. Для Цябе, Езу, няма нічога немагчымага. Ты сказаў: «…Калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі» (Ян 8, 36). Ты прынёс нам новую свабоду ў Духу Святым, Ты ведаеш, што нас мучыць, што нам ба­ліць, што нас скоўвае, знявольвае, непакоіць і засмучае. Ты ведаеш пра нашыя залежнасці і грэшныя звычкі. Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ўзяў на сябе нашыя хваробы і нашыя слабасці. Ты — Валадар міласэрнасці. Паглядзі на нас і на тых, каго мы прыносім да Цябе ў сваіх сэрцах. Мы верым у магутнае заступніцтва святога арханёла Міхала, які заўсёды побач з Табою. Князю нябесны, маліся з намі і за нас у гэты час ласкі. Пане Езу, Збаўца, пашлі Духа Святога ў нашае мінулае і ў дзень сённяшні, у нашыя пачуцці, страхі, у глыбіню нашых сэрцаў. Вызвалі, аздараві, суцеш і ўмацуй нас. Пане, той, каго Ты любіш, хварэе. Прыйдзі, Пане! Верым, спадзяемся і просім:

— Аб збаўленні ад духа бязбожнасці, немачы, сумнення і безнадзейнасці.
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала, пакорна і даверліва молім, Цябе просім, — выслухай нас, Пане!

— За людзей, зняволеных духам страху, роспачы, дэпрэсіі і думкамі аб самагубстве.
— За людзей, якія маюць залежнасць ад наркотыкаў, лекаў, алкаголю і тытуню.
— За людзей, залежных ад азарту, парнаграфіі і ўсялякіх праяваў нячыстасці цела і сэрца.
— За людзей, залежных ад тэлебачання, інтэрнэту, тэлефона, камп’ютарных гульняў.
— За зняволеных духам працагалізму і празмернай актыўнасці за кошт духоўнага і сямейнага жыцця.
— За людзей, якія вераць у забабоны, прымхі, астралогію, магію, яснабачанні, варажбу і гараскопы.
— За зняволеных духам акультызму, сектанцтва, спірытызму і фальшывага містыцызму.
— За зняволеных нянавісцю, помслівасцю, непрабачэннем, нязгодаю і азлобле­насцю.
— За людзей, якія паддаюцца духу хлусні, ашуканства, крывадушнасці і несправядлівасці.
— За апанаваных духам пыхі, зайздрасці, ганарыстасці, эгаізму і высакамернасці сэрца.
— За зняволеных прагаю грошай і матэрыяльных дабротаў.
— Аб вызваленні людзей, якія паддаюцца духу злосці, ляноты, гневу, неўмеркаванасці ў ежы і піцці.
— За зняволеных грахамі зламоўнасці: абмоваў, ашуканства, плёткаў, фальшывых падазрэнняў і асуджэння.
— Аб свабодзе сэрца для нашых блізкіх: для мужоў, жонак, дзяцей, братоў і сясцёр, усіх нашых сваякоў.
— Аб свабодзе сэрца для святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх людзей, якія прысвяцілі сябе Богу.
— За членаў нашай парафіі, нашых малітоўных групаў і супольнасцяў.
— Аб вызваленні ад дзеяння злога духа для ворагаў Хрыста, Касцёла і Божага закону — для ўсіх тых, хто пашырае язычніцкую культуру.
— За нашых непрыяцеляў, за людзей, якія балюча ранілі нас і пакрыўдзілі.
— Аб аздараўленні нашых душаў і целаў ад духоўных, псіхічных і фізічных хваробаў.

Пане Езу, найлепшы Лекар! Ты аздараўляў хворых, суцяшаў засмучаных і ўваскрашаў памерлых. Просім Цябе праз заступніцтва святога арханёла Міхала, удзялі нам тыя ласкі, аб якіх мы з пакораю молім. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.


Паводле: Modlitewnik Anielski /
Zgromadzenie Świętego
Michała Archanioła. — Marki, 2013

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней