Малітвы да Маці Божай Балеснай

Успамін — 15 верасня.

Малітва да Маці Божай Балеснай

О дарагая Панна Марыя! Праз меч пакутаў, які пранізаў Тваю душу, калі Ты бачыла свайго наймілейшага Сына, узнятага на крыжы, аголенага, прыбітага да ганебнага слупа, пакрытага ранамі і шнарамі, выпрасі для нас ласку, каб нашыя сэрцы таксама былі пранізаныя мячом жалю за грахі і параненыя вастрыём Божай любові, о святая Панна!

Праз гэтыя невымоўныя цярпенні, перанесеныя Табою без нараканняў, калі Ты стаяла пад крыжам і чула, як Твой Сын даручыў Цябе святому Яну, ускрыкнуў і аддаў свой дух у рукі Бога Айца, падтрымай нас на схіле нашага жыцця. Калі вусны нашыя ўжо не змогуць клікаць Цябе на дапамогу, калі вочы нашыя не будуць бачыць святла, а вушы перастануць чуць усе водгукі свету, калі нас пакінуць усе сілы, успомні тады, о найміласэрнейшая Маці, пра тыя малітвы, якія мы ўзносім да Бога праз Тваё заступніцтва, даручаючы іх Тваёй дабрыні! Падтрымай нас у хвіліну вялікай небяспекі і май ласку прывесці нашыя душы да Твайго Боскага Сына, каб праз Тваё заступніцтва Ён захаваў іх ад усялякага цярпення і вывеў да вечнага адпачынку ў Нябеснай Айчыне.

О найчысцейшая Панна! Праз цяжкія ўздыхі, якія вырваліся з Тваіх грудзей, напоўненых болем, калі Ты, прымаючы на свае рукі дарагога Сына, знятага з крыжа, углядалася ў Яго цела — горача любімае і пакрытае ранамі, і ў Яго Аблічча — такое незвычайна прыгожае і так знявечанае смерцю, учыні, просім Цябе, каб мы аплаквалі свае грахі і нашае пакаянне аздаравіла раны грэшнікаў; каб у тую хвіліну, калі смерць зробіць нашае цела агідным для людзей, нашая душа, ззяючая прыгажосцю, заслужыла быць прынятаю ў абдымкі наймілейшага Езуса, Сына Твайго і Пана нашага. Амэн.

Св. Бонавэнтура

Літанія да Маці Божай Балеснай
(складзеная Піем VII)

Кірые, элейсон,
            Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
            Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,
           — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
           — змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
           — змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа,
           — змілуйся над намі.
Святая Марыя,             — маліся за нас Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамі,
Маці ўкрыжаваная,
Маці балесная,
Маці сплаканая,
Маці засмучаная,
Маці пакінутая,
Маці гаротная,
Маці, пазбаўленая Сына,
Маці, пранізаная мячом,
Маці, прыгнечаная пакутаю,
Маці, поўная горычы,
Маці, Сэрцам прыбітая да крыжа,
Маці найсмутнейшая,
Крыніца слёз,
Агмень усіх мукаў,
Прыклад цярплівасці,
Цвярдыня трываласці,
Крыніца бяспекі,
Сховань пакінутых,
Шчыт прыгнечаных,
Навяртальніца няверных,
Падтрымка для ўбогіх,
Аздараўленне хворых,
Умацаванне слабых,
Гавань для тонучых,
Утаймаванне ў навальніцу,
Прытулак засмучаных,
Пострах шатанаў,
    што расстаўляюць пасткі,
Скарб для верных,
Вока прарокаў,
Дапаможца апосталаў,
Карона мучанікаў,
Святло веравызнаўцаў,
Жамчужына паннаў,
Суцяшэнне ўдоваў і сіротаў,
Радасць усіх святых,
Баранку Божы,
    які бярэш на сябе грахі свету,
                     — даруй нам, Пане.
Баранку Божы,
    які бярэш на сябе грахі свету,
                     — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы,
    які бярэш на сябе грахі свету,
                     — змілуйся над намі.
Хрыстэ, пачуй нас,
                     Хрыстэ, выслухай нас.
Кірые, элейсон,
                     Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Узглянь на нас, вызвалі нас, выбаў нас ад усялякіх няшчасцяў праз моц Езуса Хрыста. Амэн.

Найсвяцейшая Панна, упішы свае раны ў маё сэрца, і я буду чытаць у іх боль і любоў; боль — каб зносіць дзеля Цябе ўсялякае цярпенне, а любоў — каб пагарджаць усялякаю іншаю любоўю дзеля Цябе.

Молімся: Пане Езу Хрыстэ, просім Цябе, няхай цяпер і ў хвіліну нашай смерці заступіцца за нас перад Тваёй міласэрнасцю Найсвяцейшая Панна Марыя, Твая Маці, прачыстую душу якой пранізаў меч пакутаў у час Тваёй мукі. Які жывеш і валадарыш з Айцом і Духам Святым на векі вечныя. Амэн.


Гл. таксама:

«Балесныя аб’яўленні» Маці Божай

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней