Маёвае набажэнства з «Ave Maria» [аўдыё]. Частка 3

Дарагія чытачы, прапануем вам трэцюю частку маёвага набажэнства, складзенага з разважанняў на асобныя дні, спяванай Ларэтанскай літаніі, а таксама прапануем малітвы аб спыненні эпідэміі каранавіруса.


Малітва Анёла з Фацімы

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе.

Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы

О Найсвяцейшая Тройца — Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў.

 

Разважанні на розныя дні маёвага набажэнства

Маці ласкі Божай, маліся за нас!

Галоўнае значэнне гэтага тытулу Марыі ў тым, што Яна стала Маці найцудоўнейшай ласкі, дадзенай гэтаму свету, — стала Маці Пана Езуса. Яна прынесла ў свет не багацце ласкаў, атрыманых ад Бога, а самога Даўцу ўсіх ласкаў. І кожны, хто прыходзіць да Яе і шукае з Ёю сяброўства, сустракаецца з Хрыстом  — крыніцаю Божай ласкі.

Слова «ласка», «харыс», па-габрэйску азначае «дар», а па-грэцку — «грацыя», што азначае «прыгожая, незвычайная». Марыя, поўная ласкі, у поўні адораная ласкаю і сама адорвае ёю, бо ласка напаўняе Яе. Марыя ведае, што ўсё, што Яна мае, Яна атрымала ў дар. Вельмі важна, каб людзі вучыліся гэтаму ў Марыі. Часта мы прыпісваем сабе шмат здольнасцяў і заслугаў, шукаем прызнання і пахвалы, а Марыя ведала, што абсалютна ўсё ў Ёй — дар Божы. Другое значэнне грэцкага слова «грацыя» — напаўненне ласкаю, гэта значыць здольнасць прыняць усё, што даецца звыш. Мы часта бываем непрыгожымі, бо самі спрабуем упрыгожыцца, мала давяраючы Богу. Марыя напоўнілася і прыбралася ласкаю, бо прыняла ад Бога ўсё, што Ён пажадаў даць Ёй. Варта ў гэтым браць Яе за прыклад.

Маці беззаганная, маліся за нас!

Што азначае беззаганнасць? Гэта адсутнасць граху. Гэты заклік літаніі звязаны з дагматам аб Беззаганным Зачацці Дзевы Марыі.

Марыя — чалавек, якога ніколі не крануў грэх: Яна нарадзілася без граху і ніколі не ўчыніла граху, што не азначае, што Яна не мела спакусаў і не рабіла высілкаў, супраціўляючыся злу.

Марыя прабывае ў райскім стане шчасця, падтрымліваючы нескажоную сувязь з Богам, слухаючы Яго. Таму мы гаворым пра беззаганнасць Марыі. Як гэта тлумачыць Касцёл? Марыя была адораная ласкаю беззаганнасці дзеля заслугаў Хрыста, дзеля ахвяры, якую Ён учыніў для збаўлення чалавецтва. Дзеля таго, каб Пан Езус, прыйшоўшы ў свет, быў ва ўсім падобны да нас, апроч граху, Бог падрыхтаваў для гэтага прыйсця месца, дзе граху не было — падрыхтаваў Марыю. Таму Марыя ад пачатку жыцця была адораная беззаганнасцю — не для Яе самой, але гэтаю беззаганнасцю Яна павінна была паслужыць Збаўцу.

Бог ведае, што патрэбна чалавеку для найбольшага шчасця ў ягоным жыцці, таму і адорвае яго ўсім неабходным. Так Ён падрыхтаваў і адарыў ласкамі Марыю. Важна разумець, што нас Ён таксама адарыў так, каб дапамагчы нам стаць шчаслівымі. І рэалізаваць гэтыя дары і здольнасці можна тысячамі спосабаў, гэта ўжо залежыць ад нас саміх.

Тытул Марыі «Беззаганная» — азначае, што Бог падрыхтаваў Яе, адарыўшы незвычайнымі дарамі, каб праз Яе дасягнуць незвычайнай мэты. Ён як бы апярэдзіў сваёю любоўю ўсё, што павінна было адбыцца ў будучыні, бо сам Бог існуе па-за часам. Задача кожнага з нас — няспынна шукаць і адкрываць у сабе Божыя дары, гэтак жа, як зрабіла Марыя. Яна, як і Езус, усё сваё жыццё вучылася трываць у беззаганнасці, захоўваць і развіваць у сабе гэты дар. І па Яе прыкладзе і разам з Ёю варта вучыцца казаць «не» граху — усяму, што перашкаджае спаўненню Божых намераў адносна нас.

Панна, хвалы годная, маліся за нас!

Гэты заклік літаніі нагадвае нам, што можна, а нават патрэбна, аддаваць пашану Марыі. У гімне Magnificat Найсвяцейшая Панна Марыя сказала пра сябе «цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні» (Лк 1, 48). А калі святая Альжбета прывітала Яе заклікам «благаслаўлёная Ты між жанчынамі» (Лк 1, 42), Марыя прыняла гэтыя словы, якія вылучаюць Яе сярод усіх жанчынаў свету. Тут мы бачым у Марыі дзве прыкметы, якія на першы погляд здаюцца нам вельмі спрэчнымі: Марыя найпакорнейшая, якая ў Евангеллі нібы прыхаваная за Езусам Хрыстом, і адначасова Марыя, якая цалкам свядома прымае словы хвалы і благаслаўленні ўсіх пакаленняў. Насамрэч тут няма ніякай супярэчнасці, бо Марыя змяшчае ў сабе сапраўдную пакору, якая не з’яўляецца пыхаю, і адначасова дазваляе разумець і ў поўнай меры цаніць вартаснасць сваёй асобы.

Нас стварыў Бог, а значыць унутры нас шмат дабра, нават калі яно схавана за слабасцямі ці грахом. Зразумела, што не трэба ўзвышаць сябе, заўважаючы толькі добрае, але нельга ўпадаць і ў іншую скрайнасць, думаючы, што я нічога не варты, ні на што не здольны. Гэта няпраўда. Трэба навучыцца раздзяляць тое, што ўва мне добрае, а што — злое. Трэба знайсці і назваць гэтую праўду пра самога сябе. Разважаючы пра гэты заклік да Марыі — «хвалы годная» — мы павінны ўсвядоміць, што і ўнутры нас ёсць тое, што сапраўды годна хвалы. 

Люстра справядлівасці, маліся за нас!

Люстра адлюстроўвае нашае аблічча і дапамагае ўбачыць тое, чаго мы не ў стане самі заўважыць. У якім сэнсе Марыя з’яўляецца люстрам справядлівасці? Па-першае, можна сказаць, што Пан Бог сам быў для Яе люстрам, бо менавіта ад Бога Яна вучылася ўсёй праўдзе пра сябе і пра свет. Для таго, каб пазнаць праўдзівы, а не скажоны свет, нам патрэбна люстра. Для Марыі такім люстрам быў Бог. Ва ўсім, што Яна рабіла, Яна найперш глядзела на Бога. Напрыклад, для таго, каб убачыць сваю вартаснасць, зразумець сваё пакліканне і перажыць розныя цяжкасці, Марыя ўслухвалася ў Божыя словы. Найсвяцейшая Панна Марыя ўглядалася ў Бога, як у люстэрка, і таму стала настолькі падобнай да Яго, што сама стала таксама люстрам. У Марыі адлюстроўваецца ўся праўда, якая ёсць у Пану Богу.

Па-другое, калі мы паглядзім на Марыю, як у люстра, то ўбачым, як на самой справе выглядае рэчаіснасць. Справядлівасць — гэта згода з законам, а гэта азначае рэчаіснасць, якая згаджаецца з Божым планам. Багародзіца стала найбольш дасканалым адлюстраваннем Божай справядлівасці. Умілаваная Богам, Яна паказвае нам найбольшую праўду пра Бога адносна чалавека, якога Ён бясконца любіць. Марыя была выбраная для вялікіх справаў, таму ў Ёй, як у люстры, мы можам убачыць праўду, што Бог выбірае кожнага чалавека для незвычайных рэчаў. Беззаганна зачатая на працягу свайго жыцця не ўчыніла ніводнага граху і адлюстроўвае ў сабе дасканалы вобраз, як павінен выглядаць свабодны ад граху і ўсялякага зла чалавек. Марыя нястомна будавала ў сабе адносіны з Богам і ўвесь час шукала Яго словы, таму ў Ёй мы дакладна можам убачыць, якім чынам чалавек можа будаваць свае адносіны з Богам. Марыя так прайшла свой зямны шлях і спадабалася Богу, што была ўзятая на неба з душою і целам, і такая ёсць Божая праўда. Марыя — люстра справядлівасці, бо з’яўляецца найбольш дасканалым адлюстраваннем рэчаіснасці, якую запланаваў Бог. Яна — адлюстраванне таго, што ёсць у самім Богу.

Маці Стварыцеля, маліся за нас!

Што азначае гэты тытул Марыі? У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла менавіта на гэтую тэму чытаем: «Сапраўды, Каго Яна зачала як чалавека ад Духа Святога і Хто сапраўды стаў Яе Сынам паводле цела — гэта не хто іншы, як спрадвечны Сын Айца, другая Асоба Найсвяцейшай Тройцы. Касцёл вызнае, што Марыя сапраўды з’яўляецца Маці Божай» (гл. ККК, 495). Можна сказаць, што Панна Марыя з’яўляецца дзіцем Бога, а таксама можна сказаць, што Бог з’яўляецца Яе дзіцем. Гэтая найвялікшая таямніца, недасягальная для нашага чалавечага розуму…

Але што ж мы можам убачыць у гэтым закліку для сябе? Звернем увагу на наш статус як стварэнняў Божых. Нягледзячы на тое, што мы з’яўляемся толькі людзьмі, Бог надзяліў нас уладаю ствараць, фармаваць, змяняцца. Мы можам быць такімі «стварыцелямі» у адносінах да сваіх дзяцей, сужэнцаў, сяброў, працы, якую выконваем. Нягледзячы на тое, што мы нічога не маем і ўсё паходзіць ад Бога, Ён нам даў так шмат, што мы можам быць падобнымі да Яго як да Стварыцеля.

Святыня Духа Святога, маліся за нас!

Каб лепш зразумець гэты заклік, давайце звернемся да больш дакладнага перакладу з лаціны, які гучыць як «начынне Духа Святога». Марыя названая начыннем, у якое быў «уліты» Дух Святы. Мы называем Яе так, бо Яна была створаная і сфармаваная Духам Святым. Тэалогія вучыць, што менавіта Дух Святы ў Насвяцейшай Тройцы з’яўляецца крыніцаю разнастайнасці, што менавіта дзякуючы Яго дарам, Яго дзейнасці ўнутры нас, мы маем такія, а не іншыя рысы характару, што менавіта Ён адорвае нас нашай індывідуальнасцю.

Марыя была незвычайнаю выбранаю жанчынаю, таму што дазволіла Духу Святому цалкам напоўніць сябе. Таму і нам, каб цалкам раскрыць тое, што Бог заклаў у нас, патрэбны Дух Святы. Толькі Ён можа зрабіць з нас тых, кім мы павінны стаць па задуме Божай.

Давайце ўспомнім сцэну Звеставання, калі анёл расказвае Марыі, як Яна зачне Сына Божага. Па-чалавечы гэта немагчыма. Але Дух Святы не толькі раскрывае ў Марыі тое, кім Яна ёсць. Дух Святы таксама робіць у Ёй нешта большае. Ён узвышае Яе да чагосьці, што абсалютна пераўзыходзіць Яе сілы, Яе разуменне. Дзякуючы таму, што Марыя дазволіла напоўніць сябе Духам Святым, Яна выканала асаблівую Божую місію. Гэта дакладна той шлях, які Дух Святы хоча прайсці з кожным з нас. Мы столькі маем імкненняў, ідэяў, а з другога боку таксама і праблемаў, з якімі сваімі чалавечымі сіламі не можам справіцца. І менавіта тут мы павінны пакорна згадзіцца даць месца дзеянню Духа Святога, бо Ён здольны зрабіць у нас тое, з чым мы як стварэнні справіцца не можам.

Што ж дапамагло Марыі адкрыцца на дзеянне Духа Святога? Магчыма, вы звярталі ўвагу, што на абразах, прысвечаных Звеставанню, Марыя часта паказана з Псалтырам у руках. Канешне, гэта толькі вобраз, бо ў тыя часы яшчэ не было кніг Святога Пісання ў шырокім карыстанні. Але ў гэтым вобразе закладзены  важны сэнс: Марыя моліцца Божым словам. Менавіта прабыванне з Божым словам дапамагло Ёй адкрыцца на Духа Святога. Мы павінны памятаць, што найбольш простым, найбольш поўным, найбольш дасканалым шляхам, каб адкрыцца на Духа Святога, з’яўляецца менавіта Божае слова. Калі б мы больш разважалі над ім, прабывалі з ім, маліліся ім, тады Дух Святы меў бы магчымасць прыйсці да нас з тымі цудоўнымі ідэямі, якія Ён для нас мае. Слова Божае — гэта брама, ў якой мы сустракаемся з Духам Святым. Марыя, якая жыла словам Божым і, як чытаем у Бібліі, разважала яго ў сваім сэрцы, стварыла прастору для прыняцця Духа Святога. 

Падрыхтавалі Юлія Шэдзько, Кацярына Дурко і Дар’я Ахламёнак
паводле цыклу відэалекцый «Miriam» айца Адама Шустака OP

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская)

Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, – змiлуйся над намi.

Святая Марыя, – малiся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамi,
Мацi Хрыстова,
Мацi Касцёла,
Мацi ласкi Божай,
Маці Міласэрнасці,
Маці прачыстая,
Мацi беззаганная,
Мацi непарушная,
Маці нявінная,
Мацi наймiлейшая,
Мацi найцудоўнейшая,
Мацi добрай рады,
Мацi Стварыцеля,
Мацi Збавiцеля,
Панна наймудрэйшая,
Панна, хвалы годная,
Панна праслаўлёная,
Панна магутная,
Панна ласкавая,
Панна верная,
Люстра справядлiвасцi,
Сталiца мудрасцi,
Прычына нашай радасцi,
Святыня духоўная,
Святыня хвалебная,
Святыня слаўная пабожнасцi,
Ружа містычная,
Вежа Давiдава,
Вежа з косцi слановай,
Залаты доме,
Каўчэг Запавету,
Брама нябесная,
Зорка ранiшняя,
Аздараўленне хворых,
Прытулак грэшных,
Суцяшальнiца засмучаных,
Успамога хрысціянаў,
Каралева анёлаў,
Каралева патрыярхаў,
Каралева прарокаў,
Каралева Апосталаў,
Каралева мучанiкаў,
Каралева веравызнаўцаў,
Каралева паннаў,
Каралева ўсiх святых,
Каралева, без граху першароднага зачатая,
Каралева ўнебаўзятая,
Каралева Ружанца святога,
Каралева сем’яў,
Каралева супакою, – малiся за нас.

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi.

С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.

Тваёй абароне

Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.

О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.

Малiтва св. Бэрнарда

Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн. 

 

Малітва аб спыненні эпідэміі каранавіруса

Ойча Спрадвечны, з даверам просім Цябе, учыні, каб гэтая небяспечная хвароба перастала знішчаць людзей, май ласку як мага хутчэй спыніць эпідэмію. Просім Цябе аб аздараўленні для хворых і супакоі для жыхароў мясцовасцяў, у якія прыйшла эпідэмія. Божа, прымі ў сваё Валадарства тых, хто памёр ад гэтай хваробы, і суцеш іх сем’і. Падтрымай і абарані медыцынскіх работнікаў, якія лечаць хворых, натхняй і благаславі ўсіх, хто змагаецца з вірусам. Пане Езу, Лекар нашых душаў і целаў, мы адчуваем сябе бездапаможнымі ў гэтай сітуацыі сусветнай небяспекі, але цалкам давяраем Табе і просім, каб Ты адарыў нас супакоем і здароўем. Маці Божая, ахоўвай нас, апякуйся намі і вядзі нас у любові да Твайго Сына, Езуса Хрыста. Амэн.


Ілюстрацыя: ikonografia.pl

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней