Маці Божая, Апякунка Беларусі, дзякуючы за Тваю Мацярынскую апеку, давяраем Табе нашу Айчыну, нашу сучаснасць і будучыню. Няхай імкненне да супольнага дабра перамагае эгаізм і падзелы. Няхай усе, хто кіруе нашай краінай, бачаць у Табе пакорную Слугу Езуса Хрыста і вучацца служыць і распазнаваць патрэбы сваіх грамадзянаў, каб Беларусь магла стаць валадарствам любові, праўды, справядлівасці і супакою, дзе шануецца Імя Твайго Сына і годнасць кожнага чалавека.
Маці Адзінароднага Сына, які даў нам новую запаведзь любові як галоўны прынцып жыцця, выпрасі, каб мы сталі руплівымі будаўнікамі салідарнага свету, у якім вайну перамагае супакой, а цывілізацыю смерці — любоў да жыцця.
Няхай наш народ заўсёды будзе верным Богу — Валадару ўсяго свету.
Маці еднасці і супакою, умацоўвай супольнасць Касцёла Твайго Сына, дапамажы, каб усе хрысціяне моцаю Духа Святога сталіся адною сям’ёю сясцёр і братоў Езуса Хрыста, адзінага Збаўцы свету, — учора, сёння і навекі.
О ласкавая, о літасцівая, о наймілейшая Панна Марыя, прымі наш давер, умацоўвай яго ў нашых сэрцах і складзі перад Абліччам Бога, у Тройцы Святой Адзінага. Амэн.