Дарагія чытачы, цяпер, калі нашая Бацькаўшчына і наш беларускі народ мае вялікую патрэбу ў Божай прысутнасці, у малітве, прапануем вашай увазе набажэнства перапрашэння, якое дапаможа ў вашых малітвах за беларусаў, жывых і памерлых, асабліва цяпер, напярэдадні дня ўсіх памерлых вернікаў і актавы малітвы за памерлых.
Набажэнства перапрашэння
Уваскрослы Хрыстэ, у гэтай малітве просім у Цябе прабачэння за зло і грахі, якія ўчыніў наш беларускі народ. Становімся перад Табою на калені ў праслаўленні і пакоры. Падчас гэтай малітвы прагнем дакрануцца да кожнай раны, якую мы самі і папярэднія пакаленні нанеслі Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу і Касцёлу ў нашай Айчыне.
Можна прачытаць урывак са Святога Пісання: Дан 9, 3–20.
Перапрашэнне за знявагу святыняў
С.: Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: «Напісана: „Дом Мой — гэта дом малітвы“, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў» (Лк 19, 45–46).
Міласэрны Езу, просім прабачэння за грахі, учыненыя нашымі продкамі ў эпоху ваяўнічага атэізму. Асаблівым чынам хочам перапрасіць Цябе за знявагу і знішчэнне месцаў Твайго культу на тэрыторыі нашай Айчыны. Прабач нас за тое, што наш народ дапусціў гэтае зло.
Пасля кожнага закліку адказваем: Езу Міласэрны, змілуйся над намі,
— за ўсе замкнёныя святыні,
Н.: Езу Міласэрны, змілуйся над намі,
- за касцёлы і капліцы, ператвораныя ў склады, фабрыкі і заводы, спартыўныя залі, кінатэатры і канцэртныя залі,
- за разбураныя касцёлы,
- за пакінутыя і занядбаныя святыні, якія стаяць у руінах,
- за знявагу нашых парафіяльных святыняў,
- за знявагу і знішчэнне могілкаў,
- за знявагу святых абразоў,
- за знявагу Найсвяцейшага Сакрамэнту,
- за людзей, якія знішчылі святыні,
- за заахвочванне да знішчэння касцёлаў,
- за перашкоды ў будаўніцтве касцёлаў,
- за знішчэнне крыжоў і прыдарожных каплічак, прысвечаных Марыі,
- за святароў і свецкіх людзей, забітых і зняволеных за абарону Касцёла,
- за пераслед і ліквідацыю манаскіх супольнасцяў,
- за недахоп адвагі ў вызнанні і абароне веры,
- за праклінанне Касцёла і яго вызнаўцаў,
- за шкоду, учыненую Касцёлу пры выкарыстанні магіі і акультных практыкаў,
- за нягоднае пахаванне памерлых,
- за атэізм і адыход ад веры,
- за кожнае зло, учыненае для таго, каб знішчаць веру ў сэрцах людзей.
У хвіліну цішыні ўспомнім людзей, якія спрычыніліся да знішчэння Касцёла. Магчыма, гэта нашы знаёмыя, блізкія ці мы самі. У глыбіні сэрцаў прабачым ім і самім сабе.
(Хвіліна цішыні.)
Н.: Ойча наш…
С.: Молімся за памерлых, якія пры жыцці выцерпелі выпрабаванні з-за пераследу веры, а таксама за тых, хто пераследаваў хрысціянаў.
Н.: Вечны адпачынак…
Спеў-суплікацыя: Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (паўтараецца тройчы).
Можна прачытаць урывак са Святога Пісання: Пс 51, 3–13.
Перапрашэнне за духоўных асобаў
С.: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго» (Лк 9, 23–24).
Езу, Адзіны і Найвышэйшы Святар, на Тваю любоў мы адказвалі Табе занядбаннем, маўчаннем і няўдзячнасцю. Прабач нам, Пане, прабач за нашу абыякавасць, за ігнараванне Цябе, за знявагі, якімі абражаюць Цябе людзі, пакліканыя да служэння Табе і кіравання Божым народам. Прабач нас за грахі ў адносінах да духоўных асобаў.
Пасля кожнага закліку адказваем: Даруй, Пане, даруй свайму народу, бо навекі міласэрнасць Твая,
— за недахоп належнага клопату пра святыні і парафіі,
Н.: Даруй, Пане, даруй свайму народу, бо навекі міласэрнасць Твая,
- за руцінную малітву,
- за недахоп любові да вернікаў,
- за руцінную малітву,
- за недахоп любові да вернікаў,
- за ўпаданне ў залежнасці,
- за занядбанне евангельскіх парадаў і парушэнне дадзеных Богу абяцанняў,
- за спакушанасць прывідам багацця,
- за нягодную цэлебрацыю святых сакрамэнтаў,
- за занядбанне пастырскіх абавязкаў,
- за дрэнны прыклад жыцця,
- за недахоп самаўтаймавання і духоўную ляноту,
- за недахоп пабожнасці,
- за адыход ад святарства і кансэкраванага жыцця,
- за страх пайсці па шляху паклікання,
- за намову кінуць святарства і кансэкраванае жыццё,
- за адбіванне ахвоты да служэння Богу,
- за перашкоды і забароны ў адносінах да людзей, якія жадаюць паступіць у духоўную семінарыю або ўступіць у манаскую супольнасць,
- за высмейванне духоўных асобаў,
- за недахоп малітваў аб пакліканнях,
- за недахоп малітваў за святароў і кансэкраваных асобаў,
- за спакушэнне духоўных асобаў да граху,
- за даносы і абгаворы ў адносінах да духавенства.
У цішыні ўзгадаем духоўных асобаў, якія не давалі нам добрага прыкладу або якім мы самі ўчынілі крыўду. Прабачым ім і самім сабе.
(Хвіліна цішыні.)
Н.: Ойча наш…
C.: Молімся за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў Беларусі, а таксама за ўсіх, хто тут працаваў.
Н.: Вечны адпачынак…
Спеў-суплікацыя: Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (паўтараецца тройчы).
Можна прачытаць урывак са Святога Пісання: Езд 9, 5–15
Перапрашэнне за грахі беларускага народа
С.: «Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 31.35–36).
Уваскрослы Хрыстэ, Ты ведаеш нашы клопаты і выпрабаванні, і нястомна кажаш нам: нічога не бойцеся, Я тут. Хрыстэ, мы даручаем Табе беларускі народ. Пакажы сваю прысутнасць тым, хто церпіць ад гвалту і лютасці. У Табе наш супакой.
Пасля кожнага закліку адказваем: Даруй нам, о Езу Міласэрны,
— за 70 гадоў камуністычнага тэрору,
Н.: Даруй нам, о Езу Міласэрны,
- за помнікі ідалам і ка́там,
- за вуліцы, названыя імёнамі садыстаў і ка́таў,
- за непавагу да нашых нацыянальных сімвалаў,
- за тысячы даносаў,
- за мільёны закатаваных і забітых,
- за несправядлівыя прысуды і нявінна асуджаных,
- за парушэнне закону ў нашай краіне,
- за парушэнне правоў чалавека і грамадзянскіх правоў у нашай краіне,
- за палітвязняў,
- за карупцыю, крадзеж і іншыя злоўжыванні службовымі асобамі,
- за пагрозы адабраць у бацькоў дзяцей,
- за дзяцей, што гадамі не бачаць бацькаў, якія несправядліва зняволеныя,
- за тэракты з ахвярамі,
- за здзекі над людзьмі,
- за тое, што дапусцілі валадарства хлусні, страху і гвалту,
- за нашае маўчанне,
- за боязь сказаць праўду,
- за знявагу крыжоў у Курапатах,
- за нашу ціхую згоду з усялякім злом — на працы, вуліцы, дома,
- за наш дыялог са злом,
- за падпарадкаванне нашых жыццяў і душаў начальству і ўладам, а не Табе, Пане,
- за крывадушнасць і хлусню,
- за беззаконне, якое пануе ў нашай краіне,
- за нянавісць да ні ў чым нявінных настаўнікаў і праваахоўнікаў.
У цішыні ўзгадаем тых, хто ўдзельнічаў ці працягвае ўдзельнічаць у гэтых беззаконнях. Узгадаем таксама тыя выпадкі, калі мы ў гэтым удзельнічалі, ці проста маўчалі і безаконне адбывалася з нашай маўклівай згоды. Прабачым гэтым людзям і самім сабе.
(Хвіліна цішыні.)
Н.: Ойча наш…
С.: Молімся за памерлых нашай зямлі, якія не змаглі пераадолець свой страх. Таксама молімся за тых, хто змагаўся на баку Бога і любові.
Н.: Вечны адпачынак…
Спеў-суплікацыя: Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (паўтараецца тройчы).
Перапрашэнне за грахі вернікаў
Наймілейшы Езу, просім Твайго прабачэння і раскайваемся ў грахах, якія ўчынілі мы самі на працягу ўсяго жыцця. Змілуйся і прабач нам.
Пасля кожнага закліку адказваем: Перапрашаем Цябе, Езу,
— за парушэнне Божага Закону ў грамадскім і асабістым жыцці.
Н.: Перапрашаем Цябе, Езу,
- за недахоп штодзённай малітвы,
- за недахоп даверу да Бога і невыкананне Яго волі,
- за адсутнасць на святой Імшы ў нядзелі і прадпісаныя святы,
- за нягоднае прыняцце святых сакрамэнтаў,
- за пыху і эгаізм,
- за сваркі, хлусню, абгаворы і паклёпы на бліжняга,
- за прагу адпомсціць і ўчыніць зло бліжняму,
- за нянавісць і недахоп еднасці ў сем’ях,
- за разбітыя сем’і,
- за аборты і заахвочванне да іх,
- за грахі ў сексуальнай сферы, учыненыя думкаю, словам і справаю,
- за падпарадкаванне грахоўным плыням сучаснасці, якія не адпавядаюць вучэнню Касцёла,
- за п’янства і алкагалізм,
- за крадзеж, асабліва грамадскай уласнасці,
- за недахоп клопату пра катэхізацыю дзяцей і ўнукаў,
- за недахоп адказнага выхавання дзяцей у духу веры і хрысціянскай любові,
- за недахоп прабачэння і паяднання,
- за імкненне больш мець, чым быць,
- за ігнараванне людзей, якім патрэбна дапамога,
- за невыкананне ўчынкаў міласэрнасці адносна душы і цела,
- за веру ў забабоны і варажбу,
- за пракляцці і шуканне дапамогі ў нячыстых сілаў з мэтаю нашкодзіць бліжняму,
- за невыкарыстанне ласкаў Надзвычайнага Юбілейнага Году Божай Міласэрнасці.
У хвіліну цішыні ўзгадаем людзей, якія ранілі нас, якім мы не прабачылі і з якімі не паядналіся. Успомнім таксама грахі, за якія хочам асабіста перапрасіць Бога. Прабачым бліжнім і самім сабе.
(Хвіліна цішыні,)
Н.: Ойча наш…
С.: Молімся за памерлых, якія чакаюць нашай малітвы.
Н.: Вечны адпачынак…
Спеў-суплікацыя: Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (паўтараецца тройчы)
На заканчэнне можна памаліцца Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Фота: Віктар Малышчыц

