У нядзелю Хрыста, Валадара сусвету, распачынаецца Духоўная ўспамога пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця ў Беларусі

«Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37-38).

На 79-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое адбылося 15 кастрычніка 2020 г., біскупы прапанавалі распачаць ініцыятыву «Духоўнай успамогі святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі».


Вельмі сімвалічна, што гэтая ініцыятыва распачынаецца ў год святога Яна Паўла ІІ, які з’яўляецца для ўсіх нас не толькі вестуном Евангелля, але верным і руплівым сведкам Хрыста, а для кандыдатаў да святарства і святароў прыкладам сапраўднага святара. Асабліва святарам і кансэкраваным асобам ён нагадваў: «Няспынна зноў і зноў Касцёл вядзе барацьбу з духам гэтага свету, што з’яўляецца не чым іншым, як змаганнем за душу гэтага свету. Бо калі з аднаго боку ў свеце прысутнічаюць Евангелле і евангелізацыя, то з іншага боку ў ім прысутнічае таксама магутная антыевангелізацыя, якая мае таксама свае сродкі і свае праграмы і з усёю рашучасцю супрацьстаіць Евангеллю і евангелізацыі» (Ян Павел ІІ, «Пераступіць парог надзеі»). Таму святары і кансэкраваныя асобы пастаянна знаходзяцца на перадавой лініі гэтага змагання, дапамагаючы ўсім нам знайсці шлях да Бога, а значыць да шчаслівай вечнасці. Далучымся ж да гэтай ініцыятывы, каб у нашым Краі заўсёды хапала «работнікаў жніва», — святых, мужных і непахісных у веры.

Ініцыятыва «Духоўная ўспамога» распачынаецца ў нядзелю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету (22 лістапада 2020 г.), ва ўсіх парафіях Беларусі, але, калі па нейкіх прычынах хтосьці не зможа распачаць малітвы з 22 лістапада, то далучыцца да гэтай малітоўнай ініцыятывы можна ў любы момант. Галоўнае — пачаць шчыра маліцца аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

Абяцанне Духоўнай успамогі пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця ў Беларусі 

Я, ……………………………………………, удзельнік Духоўнай успамогі пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця ў Беларусі, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, дабравольна бяру на сябе абавязак, каб на працягу (трох месяцаў, шасці месяцаў, аднаго года — па жаданні):

  • маліцца кожны дзень таямніцу Святога Ружанца «Спасланне Духа Святога» ў інтэнцыі новых святарскiх i законных паклiканняў у Беларусі;
  • удзельнічаць у Эўхарыстыі і ахвяроўваць святую Камунію ў інтэнцыі новых святарскiх i законных паклiканняў у Беларусі (хаця б адзін раз у месяц);
  • чытаць штодзённую малiтву аб святарскiх i законных паклiканнях у Беларусі, якую прачытаю сёння першы раз.

Штодзённая малiтва аб святарскiх i законных паклiканнях у Беларусі

Пане Езу Хрыстэ, Найвышэйшы Божы Пастыр! Ты паклiкаў Апосталаў i ўчынiў iх вестунамi Добрай Навiны, схiлi да сябе гарачыя i высакародныя сэрцы маладых людзей Беларусі, учынi iх сваiмi паслядоўнiкамi.

Учынi, каб яны падзялялi Тваё жаданне паўсюднага збаўлення, адгукаліся на маленнi братоў i сясцёр усяго свету аб дары веры i ўзаемнай любовi. Адказваючы на Твой заклiк, няхай яны працягваюць мiсiю ўзрастання Касцёла i стануць соллю зямлi.

Твой мiласцiвы позірк звярнi на сэрцы дзяўчат, чыстых i велiкадушных. Адары iх палымяным імкненнем да евангельскай дасканаласцi, да пасвячэння справам Касцёла i Евангелля i чынення дабра ўсім людзям. 

Каралева Беларусі i Мацi Касцёла, вазьмi ў свaе рукi маю малiтву аб шматлiкiх i годных святарскiх i законных паклiканнях. Прадстаў iх Сыну свайму, Езусу Хрысту, нашаму Пану. Якi жыве i валадарыць з Богам Айцом у еднасцi Духа Святога, Бог, праз усе вякi вечныя. Амэн.

З дазволу касцёльных уладаў
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семiнарыя ў Гродне

230025, г. Гродна, вул. Парыжскай Камуны, 1
тэл. +375 152 62 22 22, факс +375 152 77 13 53
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
сайт: wsd.grodnensis.by

Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску

225710 Брэсцкая вобл., г. Пінск, вул. Леніна, 16
тэл. +375 25 604 41 86, тэл/факс: +375 165 65 41 45
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
сайт: http://seminaryja.by

 Фота: ксёндз Аляксандр Улас

 

Цэтлікі: Пакліканне

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней