Святыя маці, маліцеся за нас!

У Адвэнце асаблівым чынам разважаем пра мацярынства Марыі. Прапануем вам, дарагія чытачы, таксама паразважаць і пра мацярынства святых жанчын, а таксама памаліцца праз іх заступніцтва.


Святая Моніка

VI стагоддзе. Моніку, выхаваную ў духу веры, выдаюць замуж за нехрысціяніна. У іх нараджаецца трое дзяцей, аднаго з якіх мы больш чым добра ведаем. Гэта будучы біскуп Гіпоны, аўтар тэалагічных трактатаў і доктар Касцёла святы Аўгустын. Такім ведаем яго мы. Але Моніка многія гады бачыла, як яе сын жыве ў распусце, 10 гадоў належыць да секты, сцвярджае сябе як паспяховы прамоўца і адвакат, але дар слова ўжывае не на карысць праўдзе. Святая Моніка не губляла надзеі і верыла, што Бог пачуе яе малітвы, якія яна пакорна ўзносіла да Яго доўгія гады. Святая Моніка памерла ў той год, калі сын Аўгустын ва ўзросце 33-х гадоў прыняў хрост.

Малітва маці да святой Монікі

Святая Моніка, сапраўдны прыклад выслуханай малітвы за дзяцей! Малю цябе аб дапамозе і парадзе. У твае наймілейшыя рукі я аддаю маё дзіця, каб дзякуючы твайму магутнаму заступніцтву яно магло атрымаць ласку шчырага і сапраўднага навяртання да Хрыста, нашага Пана. Пакорна прашу: выпрасі для мяне ў Пана духа такой жа вытрывалай і нястомнай малітвы, якую Ён удзяліў табе. Прашу Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Святая Джанна Берэтта Молла

Італьянка, педыятр-хірург, удзельніца каталіцкага руху «Каталіцкае дзеянне», жонка і маці. Калі Джанна зацяжарыла чацвёртым дзіцем, у яе выявілі пухліну маткі, якая не дазваляла вынасіць дзіця да канца тэрміну. Каб захаваць жыццё дзіцяці, маці рызыкавала сваім жыццём. Пасля хірургічнага ўмяшальніцтва 21 красавіка 1962 г. Джана нарадзіла дачушку, а праз тыдзень памерла.

Малітва за жанчын праз заступніцтва святой Джанны Берэтта Молла

Божа, Ты сказаў, што няма большай любові за тую, калі хтосьці аддае сваё жыццё за бліжняга. Дзякуем Табе за тое, што ў асобе святой Джанны Ты даў нам яскравы прыклад сапраўднай любові і пашаны да жыцця. Дапамажы, каб мы, жывучы паводле яе прыкладу, пашыралі яго. Аднаві ва ўсіх жанчынах разуменне сэнсу іх місіі і каштоўнасці кожнага жыцця, якое з’яўляецца Божым дарам і якое мы павінны абараняць нават цаною ўласнага жыцця. Адары нас ласкаю, якую мы жадаем атрымаць праз заступніцтва святой Джанны, якая, наследуючы Езуса, ахвяравала сваё жыццё за жыццё іншых. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Святая Зэлі Мартэн

Маці дзевяцярых дачок, чатыры з якіх памерлі яшчэ маленькімі, а пяць астатніх сталі манашкамі, сярод якіх і святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса. Зэлі выйшла замуж за Людвіка Мартэна ў 27 гадоў, яны разам выхоўвалі дзяцей і клапаціліся пра супольны побыт. Зэлі было 46, калі ў яе выявілі рак грудзей. У хуткім часе яна адышла да Пана, пакінуўшы ў сэрцах дачок след лагоднай мацярынскай любові. Зэлі і Людвік Мартэн сталі першым сужэнствам, святасць якіх прызнаная Касцёлам.

Малітва да святых сужэнцаў Зэлі і Людвіка Мартэнаў

Святыя Зэлі і Людвік, колькі ж цярпенняў і клопатаў напаткала вас у вашым зямным жыцці! Вы спазналі на сабе боль бацькоў, якія аплакваюць смерць сваіх дзяцей, а таксама бацькоўскі клопат пра тое, каб дзіця выбрала добры жыццёвы шлях. Вы неаднойчы перажывалі страх за матэрыяльнае становішча сям’і і за працу, якая магла б забяспечыць вам годнае існаванне. Вы таксама спазналі крыж хваробаў, фізічнага і псіхічнага цярпення, боль ад разлукі з блізкім чалавекам. Таму мы з тым большым даверам і надзеяй звяртаемся да вас па дапамогу ў нашым сужэнскім, сямейным і прафесійным жыцці. Заступайцеся за нас перад Богам, бо вы ўжо ў час зямнога жыцця былі так блізка да Яго. Мы жывём у розныя часы, але многае нас яднае: мы, як і вы, з’яўляючыся сужэнцамі і бацькамі, перажываем розныя турботы, праблемы і цярпенні, аднак сучасны свет расстаўляе на нас і на нашых дзяцей новыя пасткі. Дапамажыце нам пазбягаць іх, каб мы, углядаючыся ў прыклад вашага святога жыцця, маглі ісці простым шляхам да Бога і сустрэліся ўсе ў Яго Валадарстве.

Святая Рыта з Касіі

У Рыты былі два сыны-падлеткі, калі забілі яе мужа. Святая Рыта, якая бачыла сваіх сыноў, поўных гневу і жадання адпомсціць злачынцам, прасіла іх прабачыць забойцам, але безвынікова. Тады яна звярнулася да Бога з просьбаю, каб Ён забраў яе дзяцей да сябе да таго, як яны загінуць двойчы: першы раз — ад граху нянавісці, а другі раз — ад смяротнага пакарання за забойства. Пан пачуў яе малітвы, і сыны святой Рыты памерлі да таго, як паспелі здзейсніць злачынства.

Малітва да святой Рыты

Святая Рыта, апякунка ў цяжкіх справах, заступніца ў безнадзейных сітуацыях, цудоўная зорка святога Касцёла, люстра цярплівасці, пераможца злога духа, лекарка хворых, суцяшэнне засмучаных, узор сапраўднай святасці, любімая абранніца Хрыста, пазначаная цернем з цярнёвай кароны Укрыжаванага. Усім сэрцам ушаноўваю цябе і прашу: маліся за мяне, каб ва ўсіх жыццёвых сітуацыях я вучыўся прымаць Божую волю. О святая Рыта, прыйдзі мне на дапамогу і ўчыні, каб я спазнаў вынік тваёй апекі, каб былі пачутыя мае малітвы каля Божага трона. Выпрасі для мяне ласку ўмацавання ў веры, надзеі і любові, шчырага праслаўлення Марыі, а таксама ласку (назваць). Учыні, каб, перамогшы ўсялякія перашкоды і спакусы, я мог калісьці дасягнуць не - ба і там дзякаваць табе і вечна радавацца разам з Айцом, Сынам і Духам Святым. Амэн.

Благаслаўлёная Мар'яна Бярнацкая

Маці шасцярых дзяцей, чацвёра з якіх памерлі пры родах. Падчас Другой сусветнай вайны яна жыла ў мястэчку Ліпск са сваім сынам і яго жонкаю. У 1943 годзе нацысты пачалі арыштоўваць мясцовае насельніцтва. Прыйшлі і па Станіслава з Ганнаю, якая праз два тыдні павінна была нарадзіць дзіця. Каб уратаваць жыццё маладой маці і ўнука, Мар’яна Бярнацкая кінулася ў ногі гітлераўца і прасіла, каб ён забраў яе замест нявесткі. У выніку жанчына правяла два тыдні ў гарадзенскай вязніцы, а 13 ліпеня была расстраляна каля в. Навумавічы, аддаўшы сваё жыццё за жыццё бліжніх.

Малітва за нявестку праз заступніцтва благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай

Усемагутны Божа! Дзякую Табе за тое, што мой сын знайшоў жонку, каб разам з ёю будаваць сужэнскія адносіны і сям’ю. Дзякую Табе за іх узаемную любоў, а таксама волю быць адно з адным ажно да смерці. Учыні, каб нічога не перашкодзіла іх узаемнай еднасці і любові. Благаславі маю нявестку, якую я хачу прымаць як дачку. Падтрымлівай яе ва ўсіх яе намерах і пачынаннях. Умацоўвай яе ў высакародных і добрых імкненнях, адары яе сэрца спакоем, цярплівасцю і вытрываласцю. Благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, ты, як маці, любіла сваю нявестку і, калі настаў момант, аддала за яе сваё жыццё. Навучы мяне любіць сына і нявестку так, каб я не была перашкодаю на іх шляху да шчаслівага сужэнства. Амэн.


Ілюстрацыя загалоўкf: Paulina Krajewska

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней