Малітвы да Божага Дзіцяці

Езу Хрыстэ, Адзінародны і вечны Сыне Божы, а ў поўні часу праўдзівы Сыне Найсвяцейшай Панны Марыі, народжаны ў бэтлеемскай стаенцы, падаю перад Табою на калені і разам з Тваёю Найсвяцейшаю Маці і святым Юзафам аддаю Табе найвялікшую хвалу. З пашанаю таксама цалую ўбогія яслі, якія былі першым тронам Тваёй любові. За бясконцую любоў, якая прывяла Цябе сюды, я аддаю Табе сваё сэрца і ўсяго сябе. Адары мяне беззаганнасцю і любоўю Тваёй Найсвяцейшай Маці, чысцінёю і вераю святога Юзафа, пакораю і прастатою пастушкоў і нарадзіся ў маім сэрцы. Няхай яно будзе для Цябе мілаю калыскаю! Адгэтуль я хачу горача любіць Цябе, жыць толькі для Цябе і ў Табе, каб я стаўся годным аглядаць Тваё аблічча ў небе. Амэн.

Божа, якую ж вялікую таямніцу Ты дазваляеш нам сёння святкаваць! О якая ж вялікая дабрыня і любо да нас змешчана ў ёй! Ты спаслаў нам свайго Адзінароднага Сына: Ён стаўся роўным нам чалавекам, каб нанова падняць нас, калі б мы ўпалі і страцілі нашу першапачатковую годнасць і Тваю ласку. Спрадвечнае Слова сталася целам і пасялілася між намі, каб учыніць нас сынамі Божымі. Ты так палюбіў свет: нас, людзей, што спаслаў Сына свайго, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Хто ж здольны зразумець гэтую таямніцу і любоў? Схіляюся перад Табою, о Божа! Праслаўляю Цябе і дзякую Табе. Няхай будзе Табе пашана, хвала і падзяка на вышынях, а на зямлі спакой людзям добрай волі, якія прагнуць ушанаваць гэтую таямніцу і дзякуючы ёй атрымаць збаўленне. О Божа і Ойча міласэрны, які даў нам свайго Сына як Збаўцу і Адкупіцеля, няхай уцелаўленне і адкупленне Твайго Сына прынясе нам збаўленне. Учыні, каб праз плёны праўдзівага хрысціянскага жыцця мы маглі стаць удзельнікамі ўцелаўлення Твайго Сына. Узмацні нас і дапамажы нам праз Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога праз усе вякі вечныя. Амэн.

Збаўца мой і Адкупіцель, Езу Хрыстэ, праўдзівы Бог і Чалавек, схіляюся перад Табою! Дзякую Табе і праслаўляю Цябе ў дзень Твайго нараджэння ў целе чалавека. У той дзень Ты прыйшоў да нас, нарадзіўся з Найсвяцейшай Панны Марыі, якая зачала ад Духа Святога. Анёлы ў небе спявалі падчас Твайго нараджэння, а пастухі прыбеглі аддаць Табе пашану. І ад мяне прымі ласкава пашану і падзяку, на якія здольнае маё сэрца, за любоў Тваю, дзеля якой Ты прынізіў самога сябе, стаўшы чалавекам, каб учыніць нас спадкаемцамі Неба. Ах, калі б я толькі мог стаць годным Тваёй любові! Я прагну быць падобным да Цябе, шанаваць і імкнуцца толькі да таго, што Ты любіш і што мілае Табе: чысціня сэрца і розныя цноты. Падчас свайго нараджэння Ты не зважаў на свет і на ўсё, што лічыцца ў свеце вялікім. Ты нарадзіўся ва ўбогай стаенцы без аніякіх выгодаў. Па Тваім прыкладзе і я не буду клапаціцца аб выгодах, багацці і тым, чаго паводле Тваёй волі не маю. Прагну ўтаймоўваць сваю пажадлівасць, каб яна не зводзіла маёй душы. Дзякуючы розным цнотам буду старацца быць падобным да Цябе, як Ты стаўся падобным да мяне ў прыняцці чалавечай натуры. Толькі дапамажы мне, о Збаўца, каб я стаў удзельнікам Твайго адкуплення.

Учыні нас, Пане, годнымі святкаваць і правесці ў спакоі Тваё свята святла: адкінуць пустыя словы, рабіць добрыя ўчынкі, пазбягаць пажадлівасці і ўзнесціся па-над зямлёю. Благаславі Твой Касцёл, які Ты заснаваў, каб злучыць яго з сабою сваёй жыццядайнай крывёю. Прыйдзі з дапамогаю пастырам і ўсім вернікам. Благаславі Тваіх слугаў, якія спадзяюцца на Тваю міласэрнасць, благаславі таксама ўсіх хрысціянаў, асабліва хворых і тых, хто пакутуе ад злога, а таксама тых, хто прасіў аб малітве. Змілуйся ў сваёй ласкавасці, ратуй і захоўвай нас, каб мы былі годнымі будучых вечных дабротаў.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней