Малітва за Касцёл св. Яна Паўла ІІ
О Маці Касцёла, учыні, каб Касцёл цешыўся свабодаю і спакоем у выкананні сваёй місіі. Няхай дзеля гэтай мэты ён стане сталым новаю сталасцю веры і ўнутранай еднасці. Дапамажы нам пераадольваць перашкоды, цяжкасці і слабасці. Дапамажы нам нанова ўбачыць усю прастату і годнасць хрысціянскага паклікання. Учыні, каб заўсёды хапала «працаўнікоў у вінаградніку Пана».
Маці Касцёла, асвячай сем’і, чувай над душамі моладзі і сэрцамі дзяцей. Дапамажы выстаяць ва ўсялякіх маральных небяспеках, якія ў розных народаў пагражаюць асноўным асяродкам жыцця і любові. Дапамажы нам адраджацца заўсёды прыгожым сведчаннем крыжа і ўваскрасення Твайго Сына. Амэн.
Малітва аб любові да Касцёла
Люблю мой Касцёл.
Божа, Ты памятаеш, быў такі час, калі я мог прымаць толькі Касцёл дасканалых? Найменшая прарэха яго шаты засмучала мяне, кожны след бруду на ёй абураў мяне, усялякая слабасць выклікала асуджэнне схаванага ўва мне суддзі. Сёння, на шчасце, я пачынаю вылечвацца ад гэтых ідэалістычных патрабаванняў і пачынаю разумець, што гэта быў Касцёл маіх мараў, а не Касцёл, які Ты заснаваў. Я ўсведамляю, што Касцёл аб’яўляе Бога, але часам таксама засланяе Яго, і не раблю з гэтага драмы. Пане, Твой і наш Касцёл святы, але складаецца з грэшнікаў. Касцёл, безумоўна, пераказвае Тваё Евангелле, аднак часам пад сваёй «вокладкай». У Богу няма ні ценю, ні зморшчынкі, ні плямы, аднак Твой і наш Касцёл складаецца з людзей, бедных, малых і слабых, хоць яны ўяўляюць сябе вельмі важнымі. Цяпер я вучуся любіць і з радасцю прымаць Касцёл такім, якім ён ёсць. Аднак я надалей буду старацца і маліцца, каб ён станавіўся ўсё больш чыстым і прыгожым, усё больш падобным да Цябе.
Малітва аб святасці для Касцёла
Пане Езу Хрыстэ, які заснаваў святы Касцёл на апірышчы Пятра, благаславі ўсіх яго членаў, бачных і нябачных. Учыні, каб Тваё Валадарства праўды і жыцця, святла і ласкі, справядлівасці, любові і спакою пашыралася і ўмацоўвалася з кожным днём. Добры Пастыр, учыні, каб паводле Тваёй волі святы Касцёл, Твая Абранніца, быў адзіным, святым, паўсюдным і цалкам скіраваным да той дасканаласці, да якой Ты яго паклікаў. Дай Касцёлу пастаянную жыццяздольнасць, чуйную ўвагу да знакаў часу і заўсёды маладую адкрытасць, каб ён умеў спазнаваць усё, а тое, што добрае, захаваць ва ўсе часы і ва ўсіх абставінах. Добры Збаўца, які сказаў: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць», адары святароў і вернікаў ласкаю, каб яны рупліва чэрпалі з крыніцы святых сакрамэнтаў. Вучы нас добразычліва праяўляць моц веры і сілу Божай ласкі, якая здольная перамяняць чалавека. Учыні, каб мы палюбілі нашую Маці — Касцёл, верна трывалі пры ёй і памнажалі яе дзяцей, прызначаных да вечнай хвалы. Амэн.
Пане, наш Божа, міласэрны Ойча, памятай пра свой Касцёл, захавай яго ў спакоі і еднасці да канца вякоў і шчодра напоўні яго дарамі Святога Духа. Тваёй апецы даручаем нашага Папу і ўсіх біскупаў, каб яны ва ўсім свеце верна абвяшчалі словы праўды, былі ўзорам для вернікаў і вялі іх да святасці.
Просім Цябе, Пане, за ўсіх святароў: напоўні іх мудрасцю Святога Духа і ўчыні іх вернымі распарадчыкамі Тваіх таямніцаў. Пане, памятай пра нашу мясцовасць і ўсю нашу Айчыну, а яе жыхароў захавай у сумленнасці, спакоі і бяспецы. Збяры ўсіх у Твой святы народ. Захавай сем’і ў непарушнай любові і еднасці, благаславі бацькоў і выхавацеляў, каб пад іх апекаю дзеці ўзрасталі на Тваю хвалу. Давяраем Табе, Пане, усіх, хто знаходзіцца ў небяспецы, жыве на чужыне, асуджаны на зняволенне, працуе ў цяжкіх умовах, займае кіруючыя пасады і служыць грамадству. Няхай яны спазнаюць Тваю айцоўскую апеку, абарону і дапамогу. Давяраем Табе таксама ўсіх церпячых і пакрыўджаных, якія просяць Цябе аб літасці і суцяшэнні. Асвяці і навярні да сябе тых, хто блукае, аздараві хворых, падтрымай бедных і нешчаслівых. Тых, хто жыве ў Тваёй ласцы, умацуй у добрым, а тых, хто ад Цябе аддаліўся, паяднай з сабою. Благаславі ўсіх, хто працуе дзеля хвалы Твайго Імені і ў Тваім Касцёле робіць добрыя справы.
Божа, адары спакоем усе народы, аддалі ад нас усялякія спакусы і крыўды, спашлі на ўсіх сваё святло і напоўні сваёй любоўю, бо Ты, наш Божа і Збаўца, надзея ўсіх краінаў свету. Просім Цябе таксама, спашлі нам спрыяльнае надвор ’е і лагодныя дажджы. Памнажай нашыя плёны, да Цябе звернутыя вочы ўсіх, каб у сваёй дабрыні Ты адкрыў сваю руку. Пане, памятай пра тых, хто апярэдзіў нас на шляху да Цябе: пусці іх у дом вечнага жыцця, дзе святло Твайго аблічча раз’ясняе ўсіх і напаўняе спакоем і радасцю.
Узглянь ласкава таксама на нас, Твой выбраны народ. Дазволь нам удзельнічаць у Тваёй хвале разам з Найсвяцейшаю Паннай Марыяй і ўсімі святымі праз ласку і любоў Твайго Адзінароднага Сына, з Якім Табе, Ойча, і з Духам Святым належыць пакланенне і хвала, і падзяка цяпер і на векі вечныя. Амэн.
Усемагутны, вечны Божа, у сваім Сыне Езусе Хрысце Ты аб’явіў сваю хвалу ўсім народам. Захоўвай справу Тваёй міласэрнасці, каб Твой Касцёл, прысутны ва ўсім свеце, з непарушнаю вераю вызнаваў Цябе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Наш Боскі Збаўца, Ты палюбіў свой Касцёл аж да крыжовай мукі і сказаў, што застанешся з намі аж да сканчэння свету. Ты сам абвяшчаў, што між пшаніцаю расце каласоўнік. Учыні, каб слабасць Тваіх вучняў не пераўзыходзіла святасці ў Касцёле.
Божа, сваёю ласкаю дапамажы працаўнікам вінаградніку, падтрымай святароў і мільёны вернікаў, каб яны пераносілі цяжар дня і спёку і працавалі дзеля Тваёй хвалы і дабра ўсіх людзей. Учыні, каб зерне Божага слова падала на добрую зямлю і прыносіла багаты плён. Няхай кожны Твой вызнаўца годна выконвае свой абавязак на тым месцы, куды яго прызначыў Твой Провід, і няхай усіх аб’ядноўвае агульная мэта — збаўленне ўсіх людзей. Пане наш, Ты назваў Касцёл сваім валадарствам на зямлі, дзе пануе Твой закон, у якім скіпетр — Твая дабрыня, а Твая моц — нашая надзея. Учыні, каб мы памяталі, што Тваё Валадарства будуецца ўжо тут, на зямлі, і не шкадавалі ахвяраў, а заслужылі ўдзелу ў Тваім Нябесным Валадарстве. Амэн.
Фота: 34travel.me