Малітвы аб любові

Малітва аб ласцы дасканалай любові (Паводле св. Тэрэзы ад Езуса)

Божа мой, у Тройцы Святой Адзіны, спрадвечная і бясконцая Любоў! Удзялі мне ласку Тваёй дасканалай любові, каб сваім агнём яна вынішчыла ўва мне ўсялякую імглу самалюбства.

Учыні, каб я любіла Цябе, мой адзіны Скарбе і ўсё маё шчасце, больш за ўсялякае стварэнне і саму сябе — у Табе, для Цябе і праз Цябе. І каб гэтак жа любіла свайго бліжняга, носячы яго цяжар так, як хацела б, каб іншыя насілі мой.

Учыні, каб усё тое, што ёсць апрача Цябе, я любіла настолькі, наколькі гэта можа мне дапамагчы прыйсці да Цябе. Дай ласку, каб я заўсёды радавалася так, як сёння радуюся таму, што Ты сам з’яўляешся любоўю і годны любові, і што Цябе нязгаснаю любоўю любяць Апосталы і Твае выбраннікі ў вечнай хвале і сузіраюць Цябе тварам у твар, без заслоны, а Твае праведнікі ў гэтым жыцці пазнаюць Цябе ў святле веры, ушаноўваюць і прагнуць Цябе як свайго адзінага і найвышэйшага Дабра, як сваёй мэты, як агменю ўсіх сваіх жаданняў і ўсёй сваёй любові.

О, калі б з імі гэтак жа любілі Цябе ўсе абыякавыя і недасканалыя, усе грэшнікі! Калі б хоць аднаго з іх я магла і здолела схіліць і прывесці да Тваёй любові так, як я прагну гэтага, і як буду дбаць пра гэта з дапамогаю Тваёй ласкі! Амэн.

Малітва аб любові да Бога

О Езу, Ты — сама Любоў, запалі ў маім сэрцы любоў да Цябе. Я ведаю, што Ты — найвышэйшае Дабро, што ў Табе — усе скарбы свету, і што толькі Ты можаш адарыць мяне невымоўным шчасцем. Ведаю, што Ты стакроць варты ўсялякай любові і прагнення людскіх сэрцаў. О Пане, Ты таксама добра ведаеш, што я ўбогі і слабы. Ведаеш мае заганы, памятаеш пра тое, што я — прах. Дык ачысці ж маё сэрца, перапалі яго бруд сваім Боскім жарам.

Я больш не хачу любіць марных рэчаў, якія прамінаюць, хачу любіць Цябе, вечнае Дабро. Але што ж я, закаранелы грэшнік, магу зрабіць без Тваёй дапамогі? О Хрыстэ, учыні, каб я заўсёды любіў Цябе так, як Ты гэтага заслугоўваеш — больш за ўсё, усім сэрцам, з усіх сілаў, усімі думкамі.

Дапамажы мне таксама даваць доказы сваёй любові да Цябе. Учыні, каб я любіў усіх людзей без выключэння так, як самога сябе. Кожны з іх з’яўляецца вобразам Цябе. Дзеля іх Ты памёр на крыжы. У сваёй міласэрнасці Ты любіш нават тых, хто блюзнерыць і жыве ў грахах. Ты ахінаеш іх сваім Провідам і не перастаеш адорваць іх сваімі ласкамі. О Езу, я прагну наследаваць Цябе. Ты — сама Любоў, запалі ж мяне ўсяго любоўю да Цябе. Амэн.

Малітва св. Францішка аб духу любові

Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго супакою,
каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,
каб прабачаў там, дзе абражаюць,
каб яднаў там, дзе сварка і звада,
каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш,
каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,
каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач,
каб распальваў святло там, дзе валадарыць цемра,
каб нёс радасць туды, дзе пануе неспакой.
Учыні, каб не шукаў я суцяшэння,
а суцяшаў іншых,
каб не прагнуў разумення,
але каб разумеў іншых,
каб не шукаў любові да сябе,
а любіў іншых.
Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,
хто не шукае свайго, той знаходзіць,
хто прабачае, таму будзе прабачана,
бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага.

Малітва аб мудрым выбары сужэнца

Божа, Ты — сама Любоў, прымі ж маю малітву, просьбу аб здольнасці да любові. Я прагну з Тваёю дапамогаю развіваць сваю мужнасць (жаноцкасць) у адпаведнасці з маральным законам, які Ты ўпісаў у сэрца кожнага чалавека. Прагну фармаваць сваю душу, памнажаць таленты, дзякуючы якім здолеў бы зрабіць сваю вучобу і працу больш плённымі, а людзей адорваў бы толькі дабром.

Дай мне здольнасць распазнаваць сяброўства, прыязнасць і каханне, каб я ўмеў рабіць правільны выбар. Падрыхтуй мяне, Пане, да любові, каб я мог зрабіць шчаслівым чалавека, прызначанага для мяне.

Дай мне, Пане, чысты позірк, які сягаў бы ў глыбіню іншага чалавека, каб я бачыў яго вартасць, а не толькі знешнасць; дай мне мысленне, годнае прыгожай і адказнай любові; мову еднасці і разумення, каб я не раніў бліжняга словам; а таксама нязгаснае жаданне будаваць адносіны так, каб яны заўсёды былі крыніцаю нашай радасці і школаю любові для нашых дзяцей.

Учыні, каб усё маё жыццё было любоўю. Амэн.

Малітва за каханага чалавека

Ойча, Ты палюбіў нас, перш чым даць нам жыццё! Даручаю Табе самае дарагое, мой скарб, майго каханага. Ты любіш мацней, чым я ў стане палюбіць. Давяраю Тваёй любові. Атулі дарагога мне чалавека сваёю апекаю і ахоўвай яго ад усялякага зла. Няхай Твой анёл чувае над ім і беражэ яго. Учыні, каб яму было добра. Захавай яго ў добрым здароўі, дадай яму сілаў і напоўні радасцю. Няхай яго атачае людская зычлівасць, няхай ён сустрэне на сваім шляху сардэчных і радасных людзей. Божы Провід, аддаёмся Табе ў апеку. Ахіні нас. Давядзі нас да сужэнства. Дапамажы нам збудаваць супольны дом, у якім Ты, Пане, будзеш заўсёды з намі. Я ведаю, што людскія мары аб шчасці воляю лёсу могуць ператварыцца ў прах. Але я давяраю Табе! Ты не забываеш пра палявыя лілеі і пра птушак нябесных, памятай і пра нас. Мы верым Тваёй любові. Няхай Твая воля споўніцца над намі і ў нас. Амэн.

Малітва аб добрых сябрах

«Вернаму сябру няма цаны, і невымерная каштоўнасць яго. Верны сябра — гэта лек жыцця, і яго знойдуць тыя, хто баіцца Пана» (Сір 6, 15–16). Пане Божа, прашу Цябе аб добрых і шчырых сябрах, з якімі я змагу ў сваім жыцці рабіць добрыя і прыгожыя справы і дзякуючы якім паверу, што дабрыня і бескарыслівасць сапраўды існуюць у гэтым свеце. Фармуй маё сэрца так, каб я перш за ўсё змог быць верным і бескарыслівым у сяброўстве, а таксама ўмеў распазнаваць праўдзівае і шчырае сяброўства. Будзь праслаўлёны, Пане Божа, у кожным прыгожым людскім сяброўстве. Амэн.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней