Малітвы да Божага Провіду

Навэнна да Божага Провіду

Парадак навэнны:

1. Уступная малітва.
2. Разважанне на кожны дзень навэнны.
3. Штодзённая малітва (акрамя дзявятага дня).
4. Літанія да Божага Провіду.

Уступная малітва

Божа, Твой Провід азначае для нас прадвызначэнні, праз якія з любоўю і мудрасцю Ты вядзеш стварэнні да іх канчатковай дасканаласці, якой яны павінны дасягнуць.

Ты — незалежны Валадар сваёй задумы. У яе рэалізацыі Ты карыстаешся таксама ўдзелам стварэнняў. Адначасова Ты даеш сваім стварэнням права на самастой насць, якая з’яўляецца крыніцаю вялікага шчасця. Амэн.

Штодзённая малітва

С.: Пане, Твой святы Провід мы праслаўляем.

Н.: І аддаемся ўсім яго намерам.

Молімся: Божа, Твой Провід ніколі не памыляецца ў сваіх прадвызначэннях. Пакорна просім Цябе, аддалі ад нас усё, што нам шкодзіць, і ўдзялі ўсё тое, што служыць нашаму дабру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Першы дзень

О вечны Божа, Ты глядзіш на нас вачыма свайго Провіду! Адары нас святою ласкаю сваёю, каб мы былі паслухмяныя ўсім наказам Тваім у часе нашай зямной пілігрымкі і праз гэта дасягнулі шчаслівай вечнасці. Амэн.

Другі дзень

Не ведаю, што мяне сёння чакае, о Божа мой! Адно толькі ведаю, што не напаткае мяне тое, чаго б Ты найперш не прадбачыў, не дапусціў ці не прадвызначыў спрадвеку. Гэта адзінае супакойвае душу маю. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Трэці дзень

Божа, праслаўляю Твае спрадвечныя і неспасцігальныя наказы, з найглыбейшаю пакораю схіляюся перад Тваім Абліччам. Праслаўляю любоў і дабрыню Тваю. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Чацвёрты дзень

Божа, я прагну ўсяго, чаго Ты жадаеш ад мяне, усё прымаю, усё ахвярую Табе і злучаю гэта з Ахвяраю Езуса Хрыста, майго Збаўцы. Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Пяты дзень

Езу, прашу Цябе ў імя Тваё і праз Тваю крыжовую ахвяру аб цярплівасці ў маіх непрыемнасцях і аб цалкавітай паслухмянасці Тваёй волі ва ўсім. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Шосты дзень

Спрадвечны Божа, Ты не пагарджаеш нашай нікчэмнасцю і маеш над намі адкрытыя вочы свайго Провіду. Удзялі нам, просім, неабходныя ласкі, каб мы маглі дайсці да хвалы Твайго ўваскрасення. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Сёмы дзень

Усемагутны і вечны Божа, учыні, каб дзякуючы Твайму святому Провіду мы годна прайшлі праз прамінальныя шляхі зямнога жыцця і змаглі дасягнуць бязмежных вечных дабротаў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Восьмы дзень

Езу, прашу Цябе ў імя Тваё і праз бясконцыя заслугі Твае ласкі цярплівасці ў маіх непрыемнасцях і цалкавітай паслухмянасці Тваёй волі ва ўсім. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Дзявяты дзень

Спрадвечны Божа, просім Цябе аб ласцы Твайго святога Провіду, каб мы годна і бескарысліва служылі Табе. Памнож у нас веру, надзею і любоў, каб мы, любячы Цябе ва ўсім і больш за ўсё, атрымалі абяцаную спадчыну ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С.: Пане, Твой святы Провід мы праслаўляем.

Н.: І аддаемся ўсім яго намерам.

Молімся: Божа Усемагутны, прашу Цябе ў імя Тваё аб цярплівасці, пакоры і аб цалкавітай паслухмянасці Тваёй волі ва ўсім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… 

Літанія да Божага Провіду

Кірые, элейсон,
— Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
— Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа,
— змілуйся над намі.

Божы Провід, надзея нашага збаўлення, — змілуйся над намі.
Божы Провід, суцяшэнне душы пілігрыма,
Божы Провід, шлях да Неба,
Божы Провід, які выводзіць з няшчасцяў,
Божы Провід, невычэрпны скарб усялякага дабра,
Божы Провід, падтрымка справядлівых,
Божы Провід, надзея ўсіх пакінутых,
Божы Провід, прытулак няшчасных,
Божы Провід, прытулак ва ўсялякай патрэбе,
Божы Провід, супакой сэрцаў,
Божы Провід, прытулак смуткуючых,
Божы Провід, насычэнне галодных,
Божы Провід, дзейсны лек ад усялякай роспачы,
Божы Провід, крыніца ўсялякага суцяшэння,
Божы Провід, карміцель убогіх,
Божы Провід, падтрымка ўдоваў і сіротаў,
Божы Провід, годны таго, каб цябе ўсе праслаўлялі, — змілуйся над намі.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

С.: Пане, Твой святы Провід мы праслаўляем.

Н.: І аддаемся ўсім яго намерам.

Молімся: Спрадвечны Божа, Ты ніколі не пагарджаеш нашай нікчэмнасцю. Просім, май над намі адкрытыя вочы свайго Провіду і ўдзялі нам неабходныя ласкі, каб мы ўсе, адораныя Тваім святым Провідам, праз прамінальныя шляхі зямнога жыцця маглі дайсці да бязмежных вечных дабротаў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Даручэнне сябе Божаму Провіду

О мой Божа, не ведаю, што мяне сёння чакае. Ведаю толькі, што не напаткае мяне тое, чаго б Ты найперш не прадбачыў, не дапусціў або не прадвызначыў спрадвеку, — гэта адзінае супакойвае душу маю. Праслаўляю Твае спрадвечныя і неспасцігальныя наказы, з вялікаю пакораю схіляюся перад Тваім абліччам, праслаўляю любоў і дабрыню Тваю. Усё прымаю, усё ахвярую Табе і злучаю гэта з Ахвяраю Езуса Хрыста, майго Збаўцы. Прашу Цябе толькі ў імя Яго і праз Яго нязмерныя заслугі ўдзяліць мне ласку цярплівасці ў непрыемнасцях і ласку поўнай паслухмянасці волі Тваёй ва ўсім. Амэн.

Да Божага Провіду

О вечны Божа, Ты глядзіш на нас вачыма свайго Провіду. Адары нас, калі на гэта ёсць воля Твая, святою ласкаю сваёю, каб мы былі паслухмяныя ўсім наказам Тваім у часе нашай зямной пілігрымкі і праз гэта дасягнулі нябесных дабротаў.

Божа, Твой Провід не памыляецца ў сваіх наказах. Пакорна просім Цябе, усё шкоднае ад нас аддалі, а ўсё карыснае нам дай.

Усемагутны вечны Божа, Ты ў сваёй шчодрай дабрыні пераўзыходзіш заслугі і просьбы тых, хто Цябе просіць. Будзь міласэрны да ўсіх нас і прабач нам усё тое, што дакарае нашае сумленне, і дай нам тое, што просьбаю выказаць не можам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней