Малітвы да святых заступнікаў падчас эпідэмій

У дзень успаміну святога Роха, апекуна хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама апекуна Мінска мы прапануем малітвы падчас эпідэмій, у тым ліку малітву да святога Роха.


Малітва праз заступніцтва св. Роха

Божа, Цябе праслаўляюць усе святыя, просьбы якіх Ты выслухоўваеш, прыносячы палёгку ўсім, хто просіць апекі Тваіх абраннікаў. Учыні, каб тыя, хто ўшаноўвае святога Роха, праз яго заступніцтва былі вызваленыя ад цяжкіх і заразных хваробаў, якія святому Роху самому давялося зносіць. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва праз заступніцтва св. Антонія

Святы Антоній, праз тваё заступніцтва многія хворыя, якія былі ў небяспецы смерці, атрымалі аздараўленне. Мяне таксама напаткала хвароба. Таму звяртаюся да цябе, святы апякуне, каб ты прасіў Бога аб маім аздараўленні. Калі ж воля Божая іншая, то выпрасі для мяне цярплівасць і вытрымку ў маіх цярпеннях, каб дзякуючы ім я аднойчы стаў удзельнікам абяцання, якое Езус даў тым, хто вытрывае да канца. Для ўсіх, хто апякуецца мною, выпрасі міласэрную любоў, узнагароду за ўсялякае дабро, якое яны мне ўчынілі, бо я не магу ім у поўнай меры аддзячыць. Прашу цябе, дзеля той любові, з якою ты ставішся да ўсіх хворых і церпячых, заступайся за мяне перад Айцом, якому разам з Сынам і Духам Святым ты ўзносіш хвалу і праслаўленне. Амэн.

Малітва праз заступніцтва св. Себасцьяна

О святы Себасцьяне, верны паслядоўнік Езуса Хрыста, да цябе мы ўзносім свае сэрцы і рукі, каб прасіць твайго магутнага заступніцтва ў атрыманні ад Бога Айца дапамогі і ласкі, неабходнай для нашага духоўнага і фізічнага аздараўлення, а таксама ласкі святога жыцця, смеласці супрацьстаяць любым выпрабаванням нашай веры, нават ахвяруючы за яе сваё жыццё. Просім таксама аб асаблівай ласцы (назваць просьбу). Святы Себасцьяне, апякуне ад хваробаў і няшчасных выпадкаў, натхнёныя вераю ў тваё заступніцтва, мы спадзяемся быць пачутымі Богам. Амэн.

Малітва праз заступніцтва св. Юды Тадэвуша

Святы Юда Тадэвуш! Ты спрадвеку быў заступнікам тых, хто страціў усялякую надзею на паратунак. У твае рукі я аддаю цярпенні і смутак свайго сэрца. Я спадзяюся на тваё пасрэдніцтва перад Богам. Аддаючы табе сёння свой страх, з якім можа справіцца толькі Бог усёмагутны, у пакоры сэрца малю аб заступніцтве. Прашу цябе: выпрасі мне ў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі гэтую ласку (назваць просьбу), аб якой з надзеяй малю. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Малітва да Езуса Збаўцы ў небяспецы каранавіруса

Езу Хрыстэ, Ты — найлепшы наш Лекар, якому падуладныя ўсе хваробы душы і цела. Просім, прыйдзі нам на дапамогу цяпер, падчас распаўсюджвання каранавіруса па ўсім свеце, каб мы маглі адчуць Тваю гаючую любоў.

Аздараві ўсіх тых, хто захварэў гэтаю небяспечнаю хваробаю. Няхай яны адновяць свае сілы іздароўе дзякуючы якаснай медыцынскай дапамозе.

Вылечы нас ад нашага страху, які перашкаджае народам розных краінаў сумесна працаваць і дапамагаць адзін аднаму.

Вылечы нас ад нашай пыхі, з-за якой мы падвяргаем сябе яшчэ большай небяспецы.

Езу Хрыстэ, міласэрнынашЛекар, будзь з намі ў гэты час трывогі і смутку. Будзь з тымі, хто ўжо памёр ад гэтага віруса, прымі іх у сваё Валадарства.

Будзь з тымі сем’ямі, у якіх або хтосьці хварэе або ўжо адышоў у вечнасць. Беражы іх ад хваробаў і адчаю у іх перажываннях і смутку. Няхай яны спазнаюць Твой супакой.

Будзь з медыкамі, вучонымі і ўсімі медслужбамі, якія імкнуцца дапамагчы і вылечыць пацярпелых і якія штодня падвяргаюць сябе рызыцы. Няхай яны спазнаюць Тваю абарону і супакой.

Дай кіраўнікам усіх краінаў дар прадбачання, каб яны міласэрна і шчыра клапаціліся пра бяспеку людзей, якім яны павінны служыць. Дай ім дар мудрасці, каб яны знайшлі адпаведныя рашэнні, якія дапамогуць прадухіліць эпідэмію і яе наступствы. Спашлі ім паразуменне і згоду падчас сумеснай працы, каб нарэшце настаў на зямлі Твой супакой.

Езу Хрыстэ, застанься з намі ў кожным нашым выпрабаванні, цярпенні і смутку. Міласэрны наш Збаўца, вызвалі нас і ацалі ад усіх хваробаў душы і цела, умацуй нашу веру, адары непахіснай надзеяй і братняй любоўю. Амэн.

Суплікацыя

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (паўтараецца тройчы).

Ад пажару, голаду, вайны і заразы, барані нас, Божа! (цалкам Суплікацыя змешчана ў малітоўніку «Ойча наш», с. 361).

Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў небяспецы пандэміі каранавірусу*

О Найсвяцейшая Тройца: Божа Ойча, які даў Марыі гонар быць найбольш годнай сярод Тваіх дачок; Сыне Божы, які даў Ёй ласку стаць Тваёй Маці; Духу Святы, які ўчыніў Яе Тваёй Абранніцай, мы верым у Цябе, пакланяемся Табе, давяраем Табе і любім Цябе!

О Марыя, у небяспецы пандэміі каранавірусу, молячы Цябе аб заступніцтве, мы прысвячаем і даручаем саміх сябе і нашу Айчыну Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Будзь нам клапатліваю Маці і нястомнаю Заступніцай у час вялікай небяспекі распаўсюджвання па ўсім свеце гэтай заразнай хваробы. Натхні нас, каб мы верна і ахвярна служылі Табе, Твайму Сыну, Ягонаму Касцёлу і нашым бліжнім. Ты — наша наймілейшая і чулая Маці, якая разумее ўсе цяжкасці і надзеі нашага жыцця, асабліва ў барацьбе паміж дабром і злом. Пачуй нашыя пакорныя просьбы аб дапамозе ў гэтай жахлівай бядзе і сваёю Матчынай любоўю атулі нас, занепакоеных сваім прамінальным і вечным лёсам.

Праз Цябе, о Беззаганная Багародзіца, да падножжа алтара Міласэрнага і Усемагутнага Бога мы прыносім нашую ўдзячнасць за шчодрасць ласкаў, якімі Ён адорвае нас, нашае пакаянне за грахі народа і нашую ахвяру, а таксама просьбу аб вызваленні ад гэтай эпідэміі.

Апякунка Беларусі, Тваёй абароне аддаемся! Прымі нашае Табе прысвячэнне. Будзь з намі на шляхах веры, надзеі і любові. Не пакідай нас у гэты час новых выпрабаванняў. Няхай Усемагутны і Міласэрны Бог праз Тваё заступніцтва дапамагае лекарам, медработнікам і ўсім службам, якія задзейнічаны ў барацьбе з гэтай небяспечнай эпідэміяй. Няхай Пан Бог спашле здароўе ўсім хворым. Няхай Усемагутны Стварыцель благаслаўляе і ратуе нашую Айчыну ад пандэміі каранавірусу.

Просім праз Хрыста, Пана і Валадара нашага. Амэн.


* Гэты Акт прысвячэння быў абвешчаны 25 сакавіка 2020 г. ва ўрачыстасць Звеставання Пана.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней