Малітвы да Дзіцяткі Езуса

Малітва да Дзіцяткі Езуса

Пане Езу, на працягу многіх тысяч гадоў чалавецтва чакала Твайго прыйсця. Чакалі патрыярхі і прарокі, каралі і падданыя, бедныя і багатыя, вялікія і малыя, святыя і грэшнікі.
Усё ўсклікалі: прыйдзі, Пане Езу!
Уся зямля тужыла па Табе
і прагнула Цябе,
як цаліна, сасмяглая без дажджу і расы;
як сонца чакаюць скаваныя лёдам палі.
Душа, абнятая няволяй граху, прагнула Цябе, як галодны хлеба, і ўсклікалі ўсе: прыйдзі, Пане Езу!
І мы сёння молім: прыйдзі, Пане Езу!
У нашы касцёлы — вялікія і малыя: прыйдзі, Пане Езу!
У вялікія базылікі і прыгожыя катэдры: прыйдзі, Пане Езу!
У нашыя дамы, дзе сэрцы маладых
і старых адкрытыя Табе:
прыйдзі, Пане Езу!
Ва ўсе кватэры, дзе холадна і голадна: прыйдзі, Пане Езу!
І туды, дзе на свята не будзе ялінкі: прыйдзі, Пане Езу!
І ў тыя дамы, дзе ялінка перастала быць Божым дрэўкам: прыйдзі, Пане Езу!
І туды, дзе зусім не ўспамінаюць Цябе: прыйдзі, Пане Езу!
І ў тыя дамы, куды Табе ўваход забаронены: прыйдзі, Пане Езу!
У нашыя сем’і, каб выцерці слёзы ўсіх маці і пот з бацькоўскіх твараў: прыйдзі, Пане Езу!
Да нашых дзяцей, здаровых і хворых: прыйдзі, Пане Езу!
Да ўсіх дзяцей, каб прынесці ім радасную зорку: прыйдзі, Пане Езу!
Да нашых братоў і сясцёр, каб благаславіць іх працу: прыйдзі, Пане Езу!
Да нашых сяброў і родных, каб сваёю Любоўю асвяціць іх любоў:
прыйдзі, Пане Езу!
У беларускія школы, дзе вучацца нашыя дзеці: прыйдзі, Пане Езу!
Да бедных хворых з бальзамам суцяшэння: прыйдзі, Пане Езу!
Да ўсіх церпячых з кропляю святочнай любові: прыйдзі, Пане Езу!
Да вязняў у турмах з аплаткай надзеі
на заўтра: прыйдзі, Пане Езу!
На зямлю нашу з мірам і благаслаўленнем: прыйдзі, Пане Езу!
І да ўсіх нас з ласкаю любові і веры: прыйдзі, Пане Езу!
О прыйдзі, Пане Езу, прыйдзі і пасяліся ў нас — прынясі Божую ласку і спакой, благаслаўленне і здароўе, дапамогу ў працы і палёгку ў цярпеннях. Вытры слёзы, улагодзь крыўды, споўні людскія жаданні і святочныя зычэнні, і няхай усім людзям добрай волі ясным святлом засвеціць Бэтлеемская зорка і прынясе ўсім хвіліны шчасця і супакою.
Амэн.

Малітва да Пражскага Дзіцяткі Езуса
(паводле а. Кірыла OCD)

О Дзіцятка Езус, да Цябе звяртаюся і праз заступніцтва Тваёй Найсвяцейшай Маці прашу Цябе, падтрымай мяне ў гэтай патрэбе, якую сёння я аддаю Табе (назваць патрэбу). Цвёрда веру, што Ты, мой Бог, можаш усё, таму з даверам чакаю Тваёй святой ласкі. Люблю Цябе ўсім сваім сэрцам і ўсімі сіламі душы маёй. Шчыра шкадую, што я абразіў Цябе сваімі грахамі, і прашу Цябе аб ласцы, каб я больш іх не паўтараў. Пастанаўляю ўжо ніколі не абражаць Цябе, я хутчэй гатовы ўсё выцерпець, чым у чымсьці Табе не спадабацца.
З гэтага моманту я прагну верна слу­жыць Табе. Дзеля Тваёй любові, о Боскае Дзіцятка, буду любіць сваіх бліжніх, як сябе самога.
О Езу, Усемагутнае Дзіцятка, малю Ця­бе яшчэ раз, падтрымай мяне ў гэтай патрэбе. Дай мне ў вечнасці быць з Табою, разам з Марыяй і святым Юзафам, каб я мог хваліць Цябе з усімі анёламі нябеснага двара. Амэн.

Малітва да Пражскага Дзіцяткі Езуса
(паводле Бэнэдыкта XVI)

Пане Езу, мы бачым Цябе Дзіцем і верым, што Ты — Сын Божы, які ўцелавіўся ад Духа Святога ва ўлонні Панны Марыі. Так, як у Бэтлееме Марыя з Юзафам, анёлы і пастухі пакланяліся Табе, і мы схіляемся перад Табою, вызнаючы, што Ты наш Збаўца. Ты стаў убогім, каб узбагаціць нас сваім убоствам. Просім Цябе, учыні, каб мы ніколі не забывалі пра ўбогіх і церпячых, атулі сваёй апекай нашыя сем’і, благаславі дзяцей ва ўсім свеце. Няхай любоў, якую Ты прынёс на зямлю, зробіць нас шчаслівымі. Няхай усе людзі зразумеюць пасланне Твайго Нараджэння — што Ты прыйшоў, каб напоўніць увесь свет святлом, радасцю і супакоем. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом, у еднасці з Духам Святым, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.

Адчыніце дзверы Любові

Любячы Айцец, дапамажы нам годна пера­жыць Нараджэнне Езуса, каб удзельнічаць у спеве анёлаў, радасці пастухоў і пакланенні мудрацоў.
Зачыні дзверы нянавісці і адчыні дзверы Любові ва ўсім свеце. Няхай дабрыня прыходзіць з кожным падарункам, добрым жаданнем і з кожным прывітаннем. Збаў нас ад злога благаслаўленнем, якое прыносіць Хрыстус, і навучы нас радавацца чыстымі сэрцамі.
Няхай калядная раніца зробіць нас шчаслівымі, бо мы Твае дзеці. Няхай вігілійны вечар напоўніць нас удзячнымі думкамі, каб мы маглі прабачаць і быць прабачанымі дзеля Езуса. Амэн.

Малітва святога Яна XXIІI на Божае Нараджэнне

О мілае Бэтлеемскае Дзіцятка, дазволь нам усім сэрцам перажыць гэту глыбокую таямніцу Божага Нараджэння. Адары нашыя сэрцы супакоем. Дапамажы нам лепш пазнаваць адно аднаго і жыць як браты і сёстры, як дзеці аднаго Айца. Адкрый нам таксама сваю прыгажосць, святасць і чысціню. Абудзі ў нашых сэрцах любоў і ўдзячнасць за Тваю бясконцую дабрыню. Далучы нас да сваёй Любові і адары нас сваім нябесным супакоем. Амэн.

Малітва святога Аўгустына

Няхай радуюцца справядлівыя, бо нара­дзіўся іх Абаронца. Няхай радуюцца хворыя і нямоглыя, бо нарадзіўся іх Збаўца. Няхай радуюцца зняволеныя, бо нарадзіўся іх Адкупіцель. Няхай радуюцца прыгнечаныя, бо нарадзіўся іх Валадар. Няхай радуюцца свабодныя людзі, бо нарадзіўся іх Правадыр. Няхай радуюцца ўсе хрысціяне, бо Езус Хрыстус нарадзіўся.


Пераклад з англійскай мовы Іны Бігель.
Паводле www.southernliving.com.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней