Ружанец сэрвітаў

Штодзённае набажэнства да Маці Божай Балеснай

Як і ўсе ружанцы, Ружанец сэрвітаў — гэта разважанне над таямніцамі Божай любові да нас, і гэта адлюстроўваецца ў жыцці Езуса і Марыі. Гэты Ружанец асабліва запрашае нас паразважаць над тымі момантамі жыцця Марыі, падчас якіх Яна перажывала боль і цярпенні, што выпрабоўвалі Яе веру і заахвочвалі Яе раздзяліць таямніцу Божага збаўлення ў Яе Сыне, Езусе.

Праз гэтыя разважанні, падчас чытання малітваў «Ойча наш» і «Вітай, Марыя», мы адкрываем свае сэрцы на моц таямніцаў і такім чынам дазваляем Яго Слову ўвайсці ў нашае жыццё і змяніць яго.

Ружанец сэрвітаў складаецца з сямі пакутных таямніцаў, пасля кожнай таямніцы чытаецца «Ойча наш», 7 «Вітай, Марыя» і «Хвала Айцу...». Заканчваецца Ружанец трыма «Вітай, Марыя» як дадатковымі просьбамі аб сапраўдным жалю і жаданні пабудаваць нашае жыццё па прыкладзе жыцця і веры Марыі.

 

1. Прароцтва Сімяона.

«І Табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся памышленні многіх сэрцаў» (Лк 2, 35).

Маці Марыя, Ты захоўваеш у сваім сэрцы ўсіх нас. Ты чула словы Сімяона, аднак Ты давярала абяцанням Бога, якія Ён даў Табе. Прашу Цябе, будзь са мною заўсёды, калі я трывожуся за тых, каго люблю, альбо калі я хвалююся за сябе самога. Дапамажы мне цвёрда трымацца сваёй веры і захаваць маю надзею ў Езусе.

Плён таямніцы: паслухмянасць Божай волі.

 

2. Уцёкі ў Егіпет.

«...устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і бяжы ў Егіпет і будзь там... бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго» (Мц 2, 13).

Марыя, вельмі часта мяне ахоплівае смутак, асабліва тады, калі хварэюць мая сям’я і мае сябры. Прашу, дай мне адчуць радасць Тваёй прысутнасці ў маім жыцці і дазволь мне спазнаць аздараўленчую руку Твайго Сына.

Плён таямніцы: слуханне голасу Божага.

 

3. Шуканне Пана Езуса, які застаўся ў святыні.

«...застаўся хлопчык Езус у Ерузалеме; і не заўважылі таго Юзаф ды Маці Яго» (Лк 2, 43).

Марыя, у свеце так многа рэчаў, цяжкіх для разумення альбо не­мажлівых для ўспры­мання. Дапамажы мне пераадолець гэтыя перашкоды і накіруй мяне на верны і мірны жыццёвы шлях.

Плён таямніцы: сум па Езусе.

 

 

4. Сустрэча Пана Езуса з Маці падчас нясення крыжа.

«І йшло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі й галасілі па Ім» (Лк 23, 27).

Марыя, Твой Сын гаворыць мне ўзяць свой крыж і штодзённа несці яго, і следаваць за Ім. Прашу Цябе, будзь са мною, як Ты была з Ім падчас Крыжовага шляху, каб я мог несці свой крыж у духу раскаяння, бо я ведаю, што Езус міласэрны да мяне.

Плён таямніцы: цярплівае нясенне крыжа.

 

5. Смерць Пана Езуса на крыжы.

«Стаялі ж ля крыжа Езусавага Маці Яго...» (Ян 19, 25)

Маці Марыя, калі я разважаю пра смерць Езуса на крыжы дзеля нашага збаўлення, дазволь мне стаяць разам з Табою, з Янам і Марыяй Магдаленай каля Яго крыжа, каб далучыцца ў Тваім смутку і Тваёй любові да майго Збаўцы.

Плён таямніцы: утаймаванне дрэнных схільнасцяў.

 

6. Цела Езуса здымаюць з крыжа.

«І ўзялі яны цела Езуса і загарнулі Яго ў палатно з пахнідламі...» (Ян 19, 40).

Марыя, дапамажы мне быць чулым да іншых, нават да тых, хто раніць мяне, і навучы мяне прабачаць іх, як Ты і Твой Сын рабілі гэта на Кальварыі.

Плён таямніцы: шчыры жаль за грахі.

 

7. Пана Езуса кладуць у грабніцу.

«На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла... Вось тут... і палажылі цела Езуса» (Ян 19, 41-42).

Марыя, Маці Міласэрнасці, будзь са мною ва ўсе найцяжэйшыя моманты майго жыцця, асабліва калі мяне агорнуць сумненні ці боязь. Дазволь мне спазнаць радасць вечнага жыцця з Табою і Тваім Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым. Амэн.

Плён таямніцы: просьба аб шчаслівай смерці.

 

Літанія да сямі балесцяў Найсвяцейшай Панны Марыі

Кірые, элейсон,
     Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон!
Хрыстэ, пачуй нас,
     Хрыстэ, выслухай нас!
Ойча з неба, Божа,
     – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
     – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
     – змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа,
     – змілуйся над намі.

О Марыя, якая даведалася, што схапілі Езуса,
     – маліся за нас.
О Марыя, якая ведала, што абыходзіліся з Тваім Сынам як са злачынцам,
     – маліся за нас.
О Марыя, якая даведалася аб знявагах Твайго Сына,
     – маліся за нас.
О Марыя, якая пачула несправядлівы прысуд, вынесены Твайму Сыну,
     – маліся за нас.
О Марыя, якая сустрэла Твайго Сына, калі Ён нёс цяжкі крыж,
     – маліся за нас.
О Марыя, якая чула апошнія словы паміраючага Сына на крыжы,
     – маліся за нас.
О Марыя, на мацярынскія рукі якой было пакладзена цела Твайго памерлага Сына,
     – маліся за нас.
О Марыя, якая вярнулася пасля пахавання Твайго Сына ў свой дом,
     – маліся за нас.

Праз муку і смерць Твайго Божага Сына,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Праз пакуту Твайго мацярынскага сэрца,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Праз цярплівасць, з якой Ты зносіла здзек і блюзнерства,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Праз Тваю непахіснасць каля крыжа Езуса,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Праз Тваю паслухмянасць наканаванню Божага Провіду,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Ад смутку,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Ад нясмеласці духа і роспачы,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Ад недаверу і сумнення ў Божай Міласэрнасці,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Ад ганебнага занядбання родных і прыяцеляў, якія знаходзяцца ў няшчасці,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Ад боязі людзей,
     – выбаў нас праз Тваё заступніцтва.

Мы грэшныя,
     – просім Цябе, выслухай нас.
Каб мела Ты ласку захаваць і ўмацаваць нас у веры, у надзеі і ў любові праз сваё заступніцтва,
     – просім Цябе, выслухай нас.
Каб выпрасіла Ты нам ласку літасці,
     – просім Цябе, выслухай нас.
Каб мела Ты ласку выпрасіць нам у Твайго Сына дасканалы жаль за грахі,
     – просім Цябе, выслухай нас.
Каб мела Ты ласку прыйсці нам на дапамогу з Езусам, Сынам Тваім, у хвіліну смерці,
     – просім Цябе, выслухай нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     – змілуйся над намі.

Молімся
Божа, Ты ўчыніў, што побач з Тваім укрыжаваным Сынам была Яго збалелая Маці. Дазволь, каб Твой Касцёл удзельнічаў разам з Марыяй у муцы Хрыста і заслужыў удзел у Яго змёртвыхпаўстанні. Які з Табою жыве і валадарыць, у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.


Закон сэрвітаў

У сярэдзіне XIII стагоддзя сем купцоў з Фларэнцыі — Алексы Фальконьеры, Баніфілій Манальдзі, Манэтто дэль’Антэлла, Буанакунта Манэтто, Амадзіо дэлі Амідэі, Угучыонэ дэлі Угучыоні, Состэньё дэі Состэньі — заснавалі рэлігійную супольнасць. Ведаючы пра сваю мізэрнасць перад Богам, яны вырашылі назваць сябе слугамі Найсвяцейшай Панны, каб Яна заступілася за іх, калі яны будуць стаяць перад Панам.

Каб аддаліцца ад мітусні гарадскога жыцця і шуму цывілізацыі, яны накіраваліся на гару Сэнарыо (за 12 міляў ад Фларэнцыі), дзе і заснавалі ордэн слугаў Марыі. Іх прыклад прыцягнуў шмат паслядоўнікаў, таму ў хуткім часе супольнасці сэрвітаў з’явіліся ў Італіі і Германіі, а пазней і ў іншых краінах свету. Гэтыя сем чалавек, якіх Панна Марыя выбрала заснавальнікамі ордэна, прысвечанага служэнню Божай Маці, былі кананізаваныя ў 1888 годзе.

На гэты ўзор пабожнасці распаўсюдзіўся рух, у якім налічваецца 11 святых і шмат благаславёных. Спачатку набажэнства сэрвітаў прысвячалася ўсяму жыццю Маці Божай, а з часам яны аддавалі большую ўвагу цярпенням, якія Яна перажыла. Чорны хабіт сэрвітаў лічыўся знакам цярпенняў Марыі, якая пакутавала пад крыжам Свайго Сына.

Сёння ордэн сэрвітаў распаўсюджаны па ўсім свеце: гэта святары і браты, кляўзуровыя і чынныя сёстры, свецкія вернікі.

 

Цэтлікі: Маці Божая

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней