Набажэнства прысвячэння парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

7 чэрвеня 2024 г. ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, ва ўсіх касцёлах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца прысвячэнне парафій Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Набажэнства прысвячэння парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
(Пажадана перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам)

УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА
7 чэрвеня 2024 г.

К.: 6 ліпеня 2024 г. у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, на заканчэнне Года падзякі будзе здзейснена інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўсяго мясцовага Касцёла – прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі і ўсіх вернікаў у Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Сёння, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, ва ўсіх касцёлах Мінска- Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца прысвячэнне парафій Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Каб годна здзейсніць гэтае прысвячэнне, найперш перапросім Пана Бога.

1. Перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса
(кніжка набажэнстваў да Найсвяцейшага Сэрца Езуса “Сэрца Езуса – крыніца жыцця і святасці”, с. 17-19)

К.: Кленчым перад Табою, Пане Езу Хрыстэ, адаруючы Цябе. Прагнем уміласцівіць Тваё Найсвяцейшае Сэрца, так моцна зневажанае і пакрыўджанае, зраненае абразамі і прыніжэннямі, але поўнае любові і міласэрнасці для ўсіх, хто прагне злагодзіць Божы гнеў.

Ахвяруем Табе саміх сябе, усе нашыя малітвы, думкі, учынкі, нашыя радасці і смуткі, прыніжэнні і цярпенні.

Ахвяруем Табе таксама пабожныя пачуцці, святыя жаданні, усе святыя Імшы і набажэнствы, у якіх удзельнічаем.

Ахвяруем Твайму Сэрцу, Пане Езу, праслаўленне, падзяку, благаслаўленні і сведчанні любові ўсіх анёлаў і ўсіх святых і благаслаўлёных.

Пане Езу, просім, прымі гэтыя ахвяры ў лучнасці з заслугамі Твайго Найсвяцейшага Сэрца, прымі іх праз Беззаганнае Сэрца Тваёй Дзевы-Маці. Праз Яе Беззаганнае Сэрца з даверам набліжаемся да Твайго Сэрца і просім міласэрнасці і ласкі прабачэння для нас і ўсіх, хто якім-небудзь чынам Цябе абразіў.

Пане, змілуйся над намі, грэшнікамі, прабач за ўчыненыя грахі, забудзь пра знявагі, якімі мы прычынілі боль Твайму Сэрцу. Зрабі нас здольнымі праведнасцю і чысцінёю свайго жыцця выправіць ранейшыя правіны, сваёй гарачай любоўю адказаць на Тваю любоў і пастаяннай вернасцю суцяшаць Тваё Найсвяцейшае Сэрца.

Наш Збаўца і Валадар, перапрашаючы за нашыя грахі, просім, дапамажы нам пазбавіцца ад прывязанасці да граху, нават лёгкага, і ніколі не абражаць Тваё Найсвяцейшае Сэрца. Амэн.

2. Акт уміласціўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса
(малітоўнік “Ойча наш”, с. 606 ці кніжка набажэнстваў да Найсвяцейшага Сэрца Езуса “Сэрца Езуса – крыніца жыцця і святасці”, с. 20)

Наймілейшы Езу, так часта за Тваю любоў людзі плацяць Табе забыццём, занядбаннем, пагардаю і няўдзячнасцю. Вось мы на каленях стаім перад Табою, каб перапрасіць Цябе за грэшную абыякавасць і знявагі, якімі абражаюць Тваё любячае Сэрца. Мы самі часам таксама паводзім сябе гэтак жа нягодна. Таму, адчуваючы глыбокае раскаянне, перад усім просім аб Тваёй міласэрнасці да нас.

Мы перапрашаем за грахі, учыненыя не толькі намі, але і тымі людзьмі, якія блукаюць далёка ад шляху збаўлення; за тых, хто, застаючыся ўпартымі бязбожнікамі, не хоча ісці за Табою, Пастырам і Правадыром, а таксама за тых, хто парушыў абяцанні святога хросту і адкінуў салодкае ярмо Твайго закону.

Мы хочам перапрасіць за ўсе грахі, асабліва за публічныя грахі тых людзей, што імкнуцца выкараніць Божы закон і зневажаюць годнасць чалавека, за блюзнерствы, якімі зневажаюць Цябе і Тваіх святых, за тых, хто пагарджае святымі днямі, занядбоўвае сакрамэнты Божай любові, зняволены п’янствам і распустай.

Каб перапрасіць за крыўду, нанесеную Табе нашай пагардай, ахвяруем Табе ўміласціўленне, якое Ты сам калісьці ахвяраваў Айцу на крыжы і якое штодня здзяйсняеш на алтарах. Мы яднаем яго з уміласціўленнем, якое прыносяць Табе Найсвяцейшая Дзева Маці, усе святыя і пабожныя вернікі. Усім сэрцам абяцаем, наколькі нам хопіць сілы, з дапамогаю Тваёй ласкі перапрашаць за грахі, учыненыя намі і нашымі бліжнімі. Абяцаем захоўваць моцную веру, чыстыя звычаі, дасканала выконваць евангельскія запаведзі, асабліва запаведзь любові. Абяцаем таксама, наколькі гэта ў нашых сілах, не дапусціць новых знявагаў і пастарацца як мага больш людзей схіліць да наследавання Цябе. Праз свой вялікі дар вытрываласці захавай у нашых сэрцах вернасць нашым абавязкам і служэнню Табе, каб усе мы ўрэшце дайшлі да той Айчыны, дзе Ты з Айцом і Духам Святым жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

К.: У духу пакаяння, перапрашэння і ўміласціўлення з надзеяй і даверам звяртаемся да Цябе, Усемагутны Божа, Суплікацыяй:

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны,
     змілуйся над намі! (Паўтараецца тройчы.)
Ад пажару, голаду, вайны і заразы,
     барані нас, Божа!
Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,
     сцеражы нас, Божа!
Каб Касцёл свой святы каталіцкі бараніць і ўзвышаць меў ласку, 
     – Цябе просім, Божа!
Каб Айца Святога і ўсе духоўныя станы ў пабожнай еднасці захаваць меў ласку,
     Цябе просім, Божа!
Каб нас у святой службе Тваёй умацаваць меў ласку, 
     – Цябе просім, Божа!
Каб нас да шчырага пакаяння давесці меў ласку,
     – Цябе просім, Божа!
Каб ураджай даць і захаваць яго меў ласку,
     – Цябе просім, Божа!
Мы, грэшныя, Цябе, Бога, просім,
     нас пачуй, о Божа!
О, Езу, Сыне Бога Жывога,
     змілуйся над намі!
О, Марыя, Панна і Маці Божая,
     заступіся за нас!

3. Прысвячэнне парафіі

К.: Цяпер здзейснім прысвячэнне нашай парафіі і ўсіх нас Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

О Найсвяцейшае Сэрца Езуса! Вось наша парафія, якая сабралася сёння перад Табою, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце, жадае ўрачыста прысвяціць сябе Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу і выбраць Цябе сваім Валадаром і Панам.

Паглядзі, наймілейшы Збаўца, на нашу парафію (назва парафіі) сваім міласэрным вокам. У гэты момант усе сем’і, усе супольнасці, якія належаць да нашай парафіі, і кожны з нас асабіста ўрачыста прысвячаем сябе Твайму Божаму Сэрцу.

З гэтага моманту мы – Твая ўласнасць і Табе належаць хочам. Абяцаем Табе, наймілейшы наш Збаўца, захоўваць Божыя запаведзі і наказы Касцёла ў асабістым і грамадскім жыцці. Прагнем, каб усё нашае жыццё і дзейнасць былі напоўненыя духам Тваёй любові. Шчыра жадаем, каб уся наша парафія стала сапраўды ўмілаванай спадчынай Твайго Сэрца.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, валадар над намі і благаслаўляй нашу парафію і ўсіх святароў, каб яны ўмацоўвалі нашыя душы Божым словам і Тваёю ласкаю ў святых сакрамэнтах. Учыні, каб яны не згубілі нікога з даручаных ім, але ўсіх прывялі да Твайго Найсвяцейшага Сэрца.

Суцяшай, добры Езу, усіх хворых, церпячых і засмучаных. Вытры слёзы сіротаў і ўдоваў, захавай іх ад нястачы і бедаў. Кожны дзень сваёю ласкай наведвай нашыя сем'і і супольнасці.

Прыйдзі, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса, калі мы будзем перажываць радасць, а таксама тады, калі напаткаюць нас цярпенні.

Будзь заўсёды з намі, адорвай нас сваім благаслаўленнем і ўсімі ласкамі, неабходнымі для святасці нашых душаў.

Уся наша парафія і кожны вернік з гэтага моманту цалкам і назаўсёды Табе аддаецца, о наймілейшае, о літасцівае, о міласэрнае Сэрца нашага Пана і Збаўцы.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі! Амэн.

Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа, – змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці Духам Святым створанае,
Сэрца Езуса, са Словам Божым істотна з’яднанае,
Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,
Сэрца Езуса, святыня Бога,
Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,
Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,
Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці,
Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца,
Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,
Сэрца Езуса, усіх цнотаў глыбіня бяздонная,
Сэрца Езуса, усялякай хвалы найдастойнейшае,
Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,
Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці,
Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,
Сэрца Езуса, упадабанне Айца Нябеснага,
Сэрца Езуса, з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,
Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,
Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці,
Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,
Сэрца Езуса, крыніца жыцця і святасці,
Сэрца Езуса, уміласціўленне за грахі нашыя,
Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,
Сэрца Езуса, злачынствамі нашымі змучанае,
Сэрца Езуса, паслухмянае ажно да смерці,
Сэрца Езуса, дзідай прабітае,
Сэрца Езуса, крыніца ўсялякага суцяшэння,
Сэрца Езуса, жыццё і ўваскрашэнне нашае,
Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае,
Сэрца Езуса, жывая ахвяра за грахі нашыя,
Сэрца Езуса, збаўленне тых, хто на Цябе спадзяецца,
Сэрца Езуса, надзея тых, хто ў Табе памірае,
Сэрца Езуса, радасць усіх святых, – змілуйся над намі.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – змілуйся над намі.

К.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,
Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

К.: Молімся: Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці, і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.
Н.: Амэн.

Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
К.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.
Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.
К.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.
Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.
К.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.
Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.

Малітва праслаўлення
Хай будзе Бог праслаўлёны.
Хай славіцца імя Яго святое.
Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус,
     сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны.
Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова.
Хай будзе праслаўлена
     Найсвяцейшае Сэрца Езуса.
Хай будзе праслаўлена
     Найдаражэйшая Кроў Езуса.
Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус
     у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Хай будзе праслаўлены
     Дух Святы Суцяшыцель.
Хай будзе ўшанавана
     Найсвяцейшая Панна Марыя.
Хай будзе ўшанавана
     Яе святое і беззаганнае зачацце.
Хай будзе ўшанавана
     поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце.
Хай будзе ўшанавана
     імя Марыі, Панны і Маці.
Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф,
     Яе прачысты абраннік.
Хай славіцца Бог у сваіх анёлах
     і ўсіх святых. Амэн.

Спеў: Гэты велічны Сакрамэнт …

Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Якi жывеш i валадарыш на векі вечныя.
Н.: Амэн.

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам
Спеў на заканчэнне адарацыі: (…)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней