28 красавіка паўсюдны Касцёл адзначае ўспамін святой Джанны Берэтта Моллы, якая аддала сваё жыццё за жыццё дзіцяці, што насіла пад сэрцам. Прыклад гэтай святой узрушвае кожнага, хто знаёміцца з яе жыццём, тым больш, што Джанна была нашаю сучасніцаю. Прапануем вам, шаноўныя чытачы, невялікую падборку малітваў праз заступніцтва святой Джанны, якая пасля адыходу ў вечнасць адорвае сваёй любоўю яшчэ большую колькасць людзей і сваёй падтрымкаю падбадзёрвае тых, хто з даверам звяртаецца да яе.
Малітва праз заступніцтва святой Джанны Берэтта Молла
Божа, Ты сказаў: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх (Ян 15, 13). Дзякуем Табе, што Ты даў нам у асобе святой Джанны палымяны ўзор сапраўднай любові і пашаны да чалавечага жыцця. Дапамажы, каб мы зразумелі яе прыклад, распаўсюджвалі яго і самі яго прытрымліваліся. Аднаві ва ўсіх жанчынах, якія жывуць у свеце, разуменне сэнсу іх місіі і пашаны да кожнага жыцця, якое з’яўляецца дарам Бога і якое неабходна ахоўваць нават коштам жыцця ўласнага.
Просім Цябе аб ласцы (назваць інтэнцыю) праз заступніцтва святой Джанны, якая, ідучы за прыкладам Хрыста, ахвярна аддала сваё жыццё за жыццё іншага чалавека. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва святой Джанны да Езуса
О Езу, абяцаю Табе прыняць усё, што ты дапусціш у маім жыцці, учыні толькі, каб я пазнала Тваю волю. Мой наймілейшы Езу, бясконца міласэрны Божа, найласкавейшы Айцец для душаў, асабліва самых слабых, бедных і параненых, якіх ты з вялікаю чуласцю бярэш у свае боскія абдымкі, я прыходжу да Цябе, каб праз любоў і заслугі Твайго Найсвяцейшага Сэрца папрасіць Цябе аб ласцы разумення і спаўнення Тваёй святой волі, аб ласцы даверу да Цябе і ласцы адпачынку ў Тваіх любячых, боскіх абдымках сёння і ў вечнасці. Амэн.
Малітва святой Джанны да Найсвяцейшай Панны
О Марыя, аддаю ўсе справы ў Твае матчыныя рукі, упэўненая ў душы, што атрымаю тое, аб чым прашу Цябе. Давяраю Табе, бо Ты — мая наймілейшая Маці, пакладаюся на Цябе, бо Ты — Маці Езуса, аддаюся Табе. У гэтым даверы я адпачываю, супакоеная, што Ты ва ўсім мяне выслухала. З гэтым даверам у сэрцы вітаю Цябе, Маці мая. Прашу Цябе, памятай, што я знаходжуся ў Тваёй уласнасці. Сцеражы мяне і будзь для мяне абаронаю, о наймілейшая Марыя, і ў кожны момант майго жыцця Ты сама прадстаўляй мяне свайму Сыну Езусу.
Навэнна да святой Джанны
О Божа, наш Ойча, Ты даў свайму Касцёлу Джанну Берэтта, якая з любоўю імкнулася да Цябе і вяла да Цябе іншых дзяўчатаў, заахвочваючы іх да апостальскай дзейнасці, да ўдзелу ў Каталіцкай Акцыі і даручала хворых і старых людзей іх клопату. Дзякуем Табе за гэты дар у асобе маладой дзяўчыны, якая так рупліва працавала дзеля Божага Валадарства. Учыні, каб мы, наследуючы яе прыклад, змаглі прысвяціць сваё жыццё служэнню Табе і дзяліліся радасцю з іншымі.
Хвала Айцу...
О Езу, Адкупіцель усіх людзей, Ты паклікаў святую Джанну Берэтта да лекарскага служэння, і праз яе паслугу умацоўваў целы і душы церпячых і пакінутых. Менавіта ў іх яна бачыла самога Цябе. Дзякуем, Пане, што Ты пажадаў аб’явіцца нам у сваёй слузе як «Той, які служыць» і супакойвае людскі боль. Учыні, каб мы, трываючы ў Тваім вучэнні, станавіліся хрысціянамі, цалкам адданымі служэнню бліжнім, асабліва тым, хто нясе на сваіх плячах крыж.
Хвала Айцу...
Духу Святы, Ты любіш і асвячаеш свой Касцёл. Ты ўліў у сэрца святой Джанны Берэтта дар сваёй любові, дзякуючы якому яна будавала жывы Касцёл у сваім доме і працягвала Тваю цудоўную справу стварэння праз нараджэнне дзяцей і выхаванне іх у любові да Цябе і пазнаванні Цябе.
Дзякуем Табе за гэты цудоўны прыклад хрысціянкі, жонкі і маці. Няхай дзякуючы Тваёй ласцы яе адважнае сведчанне паспрыяе будаванню нашых сем’яў, а маці і жонак умацоўвае ў іх служэнні, якое заключаецца ў асвячэнні хатняга агменю.
Хвала Айцу...
О Божа, які даеш жыццё ўсялякаму стварэнню і адорваеш яго любоўю, Ты падтрымліваў святую Джанну Берэтта, калі яна павінна была выбраць паміж уласным жыццём і жыццём дзіцяці, якое яна насіла ў сваім улонні як жаданы дар. Давяраючы Табе і памятаючы Тваю запаведзь, яна знайшла ў сабе дастаткова адвагі, каб як сапраўдная маці бараніць жыццё дзіцяці коштам уласнага жыцця. Праз заступніцтва Марыі, Маці Твайго Сына Езуса Хрыста і па прыкладзе святой Джанны ўчыні, каб усе маці ўмелі з любоўю прыняць кожнае зачатае жыццё, а нас умацоўвай у пашане да яго. Удзялі нам таксама ласку, аб якой мы з даверам просім (назваць ласку). Няхай наследаванне Тваёй слузе Джанне ў яе верным выкананні паклікання жонкі і ахвярнай маці прынясе шмат радасці ў нашае сямейнае і асабістае жыццё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Вітай, Марыя...