14 жніўня — успамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ, прэзбітэра і мучаніка. Асноўным прынцыпам духоўнага жыцця і шляхам дасягнення святасці для св. Максімільяна было даручэнне сябе Беззаганнай Панне Марыі. Гэтыя малітвы праз заступніцтва Маці Божай складзеныя вучнямі св. Максімільяна з розных фрагментаў яго лістоў і выступленняў.
***
Хто Ты, о Пані? Хто Ты, о Беззаганная? Я не магу спасцігнуць таямніцу таго, што значыць быць стварэннем Божым. Гэта ўжо пераўзыходзіць мае сілы — зразумець, што значыць быць усыноўленым дзіцем Божым.
А кім з’яўляешся Ты, о Беззаганная? Не толькі стварэннем, не толькі прыёмнаю Дачкою Бога, а Божаю Маці — і не прыёмнаю, а сапраўднаю Божаю Маці.
І гэта не толькі меркаванне, верагоднасць, а праўда, поўная праўда, дагмат веры.
Ці з’яўляешся Ты і надалей Божаю Маці? Тытул «маці» нязменны. На працягу ўсёй вечнасці Бог будзе гаварыць Табе «Мая Маці»... Даўца чацвёртай запаведзі будзе шанаваць Цябе вечна, заўсёды... Хто Ты, о Божая?
Як любіў Ён, Уцелаўлёны Бог, называць сябе Сынам Чалавечым! Але людзі гэтага не зразумелі. І ў наш час як жа мала душаў і як жа яшчэ недасканала гэта ўсведамляюць.
Дазволь мне ўхваляць Цябе, Найсвяцейшая Панна.
Праслаўляю Цябе, Ойча наш у небе, за тое, што Ты ў Яе прачыстае ўлонне аддаў свайго Адзінароднага Сына.
Праслаўляю Цябе, о Сыне Божы, за тое, што Ты пажадаў увайсці ў Яе прачыстае ўлонне і стаў Яе сапраўдным Сынам.
Праслаўляю Цябе, о Дух Найсвяцейшы, за тое, што Ты пажадаў сфармаваць у Яе беззаганным улонні Цела Божага Сына.
Праслаўляю Цябе, о Найсвяцейшая Тройца, о Божа ў Тройцы Святой Адзіны, за такое боскае ўзнясенне Беззаганнай.
І не перастану штодзённа пасля абуджэння са сну найпакорней, схіляючы чало да зямлі, праслаўляць Цябе, Божа ў Тройцы, трохкратна кажучы: «Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн».
Дазволь мне ўхваляць Цябе, Найсвяцейшая Панна.
Дазволь, каб я ўхваляў Цябе, ахвяруючы сабою.
Дазволь, каб я дзеля Цябе і толькі дзеля Цябе жыў, працаваў, цярпеў, загінуў і памёр.
Дазволь, каб я спрычыніўся да яшчэ большага, як мага большага ўзвялічвання Цябе.
Дазволь, каб я прынёс Табе такую хвалу, якую яшчэ ніхто Табе не прыносіў.
Дазволь, каб іншыя пераўзыходзілі мяне ў руплівасці, узвышаючы Цябе, а я пераўзыходзіў іх — так, каб у гэтым высакародным спаборніцтве Твая хвала ўзрастала ўсё больш, усё хутчэй, усё магутней, як гэтага прагне Той, хто так неапісальна ўзвялічыў Цябе над усімі істотамі.
У адной Табе Бог непараўнальна больш праславіўся, чым ва ўсіх сваіх святых.
Дзеля Цябе Бог стварыў свет. Дзеля Цябе Бог паклікаў да існавання і мяне. Адкуль жа мне такое шчасце?
О, дазволь мне ўхваляць Цябе, о Найсвяцейшая Панна1.
***
Пра што Ты думала, о Беззаганная, калі першы раз клала Божае Дзіцятка на сенца? А калі захінала Яго ў пялюшкі, прытуляла да сэрца і карміла ўласнымі грудзямі? Якія пачуцці напаўнялі Тваё сэрца?
Ты добра ведала, кім з’яўлялася гэтае Дзіцятка, бо прарокі пісалі пра Яго, а Ты разумела іх лепш, чым усе фарысеі і вучоныя ў Пісанні. Дух Найсвяцейшы даваў Табе непараўнальна больш святла, чым усім іншым душам, разам узятым. Апрача таго, колькі таямніц пра Яго аб’явіў толькі і выключна Тваёй беззаганнай душы гэты Божы Дух, які жыў і дзейнічаў у Табе.
Ужо ў хвіліну звеставання Найсвяцейшая Тройца выразна паказала Табе праз анёла свой план Адкуплення і чакала ад Цябе адказу. Ужо тады Ты добра ўсведамляла, на што згаджаешся, чыёй Маці Ты становішся.
І вось Ён цяпер перад Табою ў абліччы слабага немаўляці.
Якія пачуцці пакоры, любові і ўдзячнасці павінны былі перапаўняць Тваё Сэрца тады, калі Ты глядзела на пакору, любоў і ўдзячнасць Уцелаўлёнага Бога...
Прашу, напоўні і маё сэрца Тваёй пакораю, Тваёй любоўю і Тваёй удзячнасцю2.
***
Што ж мне Табе пажадаць, што ж я магу Табе пажадаць? Я так хацеў бы сабраць як мага больш самых мілых Табе пажаданняў, каб прынесці Табе задавальненне, але не ведаю, што і як... і станаўлюся нямым...
О Беззаганная Марыя, жадаю Табе — а Ты сама ведаеш, што жадаю ад сэрца, ад усяго майго беднага сэрца — таго, што Ты сама сабе жадаеш; жадаю Табе ўсяго, што жадае Табе сёння Твой Боскі, але сапраўды бясконца любячы Цябе Сын Езус; жадаю Табе таго, што жадае Табе сёння Твой Боскі Дзявочы Абраннік Дух Святы; жадаю Табе таго, што жадае Табе Нябесны Айцец, уся Найсвяцейшая Тройца.
Што ж Табе яшчэ пажадаць, о мая Мама, уся мая Надзея?
Жадаю Табе ўсяго, на што толькі маё беднае сэрца з Тваёй дапамогаю адважваецца, можа альбо магло б адважыцца...
Што ж Табе яшчэ пажадаць, о мая Пані, Пані свету, неба, о Маці самога Бога?Тое, што я скажу, будзе маленькае і нязначнае, але мілае для Цябе.
Жадаю, каб Ты як мага хутчэй, як мага паўней здабыла мяне, а я — Цябе. Каб я як мага хутчэй сапраўды бязмежна, безумоўна, беспаваротна, вечна, цалкам быў Твой, а Ты — мая.
І яшчэ жадаю Табе, каб Ты гэтак жа авалодала ўсімі сэрцамі, якія б’юцца на ўсім зямным шары, ва ўсім сусвеце — і каб гэта сталася як найхутчэй, як найхутчэй, як найхутчэй; каб Ты гэтак жа авалодала сэрцамі ўсіх і кожнага паасобку, хто будзе жыць на свеце — ад самага пачатку іх жыцця і на вякі.
Што ж яшчэ?
Не ведаю...
Удалечыні ад Айчыны, паміж в’етнамскім Сайгонам і кітайскім Ганконгам, на ўспененых хвалях шумнага мора, пакутуючы ад спёкі — увесь для Цябе...3
1 Pisma ojca Maksymiliana Kolbego, franciszkanina, t. VII, Niepokalanów 1970, maszynopis. S. 1170.
2 Тамсама. S. 1159
3 Тамсама. S. 1074
Пераклад з польскай мовы.
Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.
На нашым сайце можна таксама пазнаёміцца
з кнігаю св. Максімільяна Марыі Кольбэ
«Даручэнне сябе Беззаганнай» у перакладзе на беларускую мову.