Малітвы да арханёла Габрыэля

Арханёл Габрыэль — спецыяльны пасланнік Бога ў прадказанні незвычайных збаўчых падзеяў. Літургічны ўспамін святых арханёлаў — 29 верасня.


Малітва да св. арханёла Габрыэля

Святы арханёле Габрыэлю, анёле звеставання, верны пасланнік Божы! Адкрый нашыя вушы нават на самыя ціхія заклікі любячага Сэрца нашага Пана. Просім цябе, дапамажы нам належным чынам разумець Божае слова, слухаць яго і выконваць тое, чаго жадае ад нас Бог. Навучы нас быць заўсёды чуйнымі, каб Пан Бог, прыйшоўшы, не заспеў нас у стане духоўнага сну і абыякавасці. Амэн.

Малітва да св. арханёла Габрыэля аб ласцы наследавання Марыі

Святы арханёле Габрыэлю, ты першы з анёлаў мог прывітаць Марыю ў Назарэце. Па даручэнні Айца ты спытаў у Яе, ці гатовая Яна стаць Маці Божага Сына. Ты мог пачуць словы Дзевы з Назарэта: «Няхай мне станецца паводле твайго слова»; гэта былі самыя плённыя словы, якія чалавек калі-небудзь прамаўляў. З-за сказанага Еваю слова «Не» людзі былі выгнаныя з раю. Дзякуючы слову Марыі «Так» Езус стаў чалавекам і зноў адчыніў для нас брамы раю.

Якімі ж узнёслымі словамі Ты прывітаў сваю будучую Каралеву: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28)! Святы арханёл Габрыэль, навучы людзей сапраўднаму ўшанаванню і праслаўленню Марыі. Дапамажы зразумець, якія гэта ласка і шчасце — любіць Марыю і называць Яе нашаю Маці і Каралеваю.

Святы арханёл Габрыэль, навучы нас радасна прымаць Божую волю, як гэта чыніла Марыя. Ты быў першым сведкам уцелаўлення ва ўлонні Найсвяцейшай Дзевы. Навучы людзей шанаваць зачатае ва ўлонні маці жыццё, сцеражы кожную маці перад вялікім грахом нашага часу — забойствам ненароджаных дзяцей, якое падобна на новае знішчэнне немаўлят у Бэтлееме. Учыні, каб жанчыны ўсвядомілі сваю вялікую годнасць, каб у духу Марыі яны насілі ў сэрцах Хрыста і вялі сваіх мужоў і сыноў да Бога. Амэн.

Малітва да св. арханёла Габрыэля аб апецы над нованароджанымі дзецьмі і над моладдзю

Святы арханёле Габрыэлю, вястун цуду ўцелаўлення, апякуйся нованароджанымі дзецьмі, каб яны жылі ў супакоі і шчасці.

Вазьмі таксама пад сваю апеку маладых людзей, дапамажы ім захаваць сэрцы і целы ў чыстасці. Няхай Марыя — найчысцейшая Дзева — будзе для іх прыкладам, няхай праз Яе заступніцтва яны трываюць у радасці і ўдзячнасці Богу.

Святы арханёле Габрыэлю, даручаю тваёй апецы ўсіх, каго я люблю. Учыні, каб яны заўсёды давяралі Пану, асабліва ў моманты выпрабаванняў, калі яны ўжо не змогуць спадзявацца на людскую дапамогу. Падбадзёрвай іх словамі, якія ты прамовіў у дзень звеставання, сказаўшы, што «для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37). Амэн.


Чытайце таксама:
Гжэгаж Поляк. Арханёл Габрыэль — муж, моцны Богам

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней