Навэнна да Маці Божай, якая развязвае вузлы
18.08.2020|Навэнны

Дарагія чытачы, паўтараем: сёння немагчыма не маліцца за Беларусь і беларусаў. Прапануем вам Навэнну да Маці Божай, якая развязвае вузлы, якою мы будзем маліцца дзевяць дзён і публікаваць тэкст навэнны таксама ў нашых сацсетках.  Даверым жа Багародзіцы ўсіх знявечаных і скалечаных затрыманых людзей, тых, хто церпіць цяпер ад катаванняў, усіх псіхічна зраненых, каб Яна дапамагла развязаць гэтыя вузлы...


Парадак навэнны

1. Учыніць знак Крыжа.

2. Акт жалю.

3. Першыя тры таямніцы Ружанца (частка, адпаведная дню тыдня).

4. Разважанне на адпаведны дзень на­вэнны.

5. Наступныя дзве таямніцы Ружанца.

6. Малітва да Маці Божай, якая развязвае вузлы.

Панна Марыя, Маці Цудоўнай Любові! Маці, Ты ніколі не пакідаеш дзіцяці, што кліча Цябе на дапамогу, Багародзіца, чые рукі нястомна працуюць дзеля Тваіх любімых дзяцей, а сэрца перапаўняе Божая любоў і бясконцая міласэрнасць, звярні на мяне свой позірк, поўны спагады.
 
Ты ведаеш, як мне не хапае надзеі і як я пакутую, і ведаеш, як гэтыя вузлы паралізуюць мяне. Марыя, Маці, якой Бог даручыў раз­вязваць цяжкасці сэрцаў Яго дзяцей, у Твае рукі я аддаю ўсё маё жыццё. Ні­хто, нават злы, не можа пазбавіць Цябе магчымасці ўдзяляць мне міласэр­ную дапамогу. Няма такіх вузлоў, якія Ты, о Найсвяцейшая Панна, не змагла б развязаць. Маці Усемагутная, прашу Цябе, вазьмі сёння гэтую складаную справу ... (на­зваць, якую) і дзеля хвалы Божай, дзякуючы Тваёй ласцы і моцы заступніцтва ў Твайго Сына, Езуса, майго Збаўцы, развяжы яе, развяжы назаўсёды. Толькі Ты адзіная Суцяшальніца, дадзеная мне Богам, умацаванне маіх слабых сіл, узбагачэнне ў маёй беднасці, вызваленне ад усяго, што перашкаджае мне быць з Хрыстом.
 
Прымі мае просьбы. Беражы мяне, вя­дзі мяне, сцеражы мяне. Ты — мая самая надзейная апора.
Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.

7. Знак Крыжа.

 
Дзень першы

Умілаваная Маці, Найсвяцейшая Панна Марыя, Ты развязваеш вузлы, што знявольваюць Тваіх дзяцей. Працягні да мяне Свае міласэрныя рукі. Сёння я аддаю Табе гэты вузел ... (назваць, які) і ўсялякае зло ў маім жыцці, якому ён быў прычынай. Аддаю Табе вузел, які мучыць мяне, робіць мяне няшчасным(ай) і перашкаджае паяднацца з Табою і Езусам, Тваім Сынам, маім Збаўцам. Аддаюся Табе, Марыя, якая развязваеш вузлы, бо давяраю Табе і ведаю, што Ты ніколі не адмаўляеш грэшнаму дзіцяці, што просіць Тваёй дапамогі. Веру: Ты можаш развязаць гэты вузел, таму што Бог даў Табе ўсялякія ласкі. Глыбока веру, што Ты захочаш вызваліць мяне ад гэтага зняволення, бо Ты — мая Маці. Ведаю, што Ты гэта зробіш, таму што любіш мяне любоўю самога Бога. Дзякую Табе, мая наймілейшая Маці. Амэн.

Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Той, хто шукае ласкі, знойдзе яе ў руках Марыі.

 
Дзень другi

Марыя, наймілейшая Маці, крыніца ўсялякіх ласкаў! Маё сэрца звяртаецца сёння да Цябе. Прызнаю, што я — грэшнік, і мне патрэбна Твая дапамога. З-за майго эгаізму, крыўды, адсутнасці велікадушнасці і пакоры, я часта адкідваў(ла) ласкі, якія атрымліваў(ла) дзякуючы Табе.

Звяртаюся сёння да Цябе, Марыя, якая развязваеш вузлы, выпрасі ў Сына Твайго, Езуса, чысціню сэрца для мяне, унутраную свабоду, пакору і глыбокі давер. Дапамажы мне пражыць гэты дзень, практыкуючы патрэбныя мне цноты. Ахвярую іх Табе як знак маёй любові да Цябе. У Твае рукі складаю вузел ... (назваць, які), які не дазваляе мне быць шчаслівым дзіцем Божым. Амэн.

Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Той, хто хоча ахвяраваць Богу кожны момант дня, просіць Марыю аб дапамозе.

 
Дзень трэцi

Маці, Заступніца наша, Каралева Неба, Ты, чые рукі раздаюць усялякія ласкі Божыя, звярні на мяне Твае міла­сэрныя вочы. У Твае святыя рукі аддаю гэты вузел майго жыцця ... (назваць, які), што знявольвае мяне, усе крыўды і прэтэнзіі, прычынаю якіх ён з’яўляецца. Божа Ойча, прашу Цябе, прабач мае правіны. Дапамажы мне дараваць ўсім тым, хто свядома ці несвядома стаў прычынай гэтай маёй няволі. Ведаю, што Ты развяжаш мой вузел на столькі, на колькі я Табе давяраю. Перад Табою, умілаваная Маці, і ў імя Сына Твайго, Езуса, майго Збаўцы, які быў так зняважаны, але здолеў прабачыць, — прабачаю цяпер і назаўсёды ўсім гэтым людзям ... (назваць, якім) і самому сабе. Дзякую, Марыя, якая развязваеш вузлы, і прашу, маліся аб развязанні ў маім сэрцы вузла крыўды і зняволення, што я цяпер Табе прадстаўляю. Амэн.

Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Той, хто прагне ласкаў, звяртаецца да Марыі.

 
Дзень чацвёрты

Наймілейшая святая Маці, добрая да тых, хто шукае Цябе, злітуйся нада мною. У Твае рукі я аддаю гэты вузел ... (на­зваць, які). Ён не дазваляе мне заставацца ў спакоі, паралізуе маю душу, пера­шкаджае мне ісці за Панам і прысвяціць жыццё служэнню Яму. Развяжы гэты мой жыццёвы вузел, мая Маці. Выпрасі ў Езуса аздараўленне для маёй спаралізаванай веры, якая хістаецца пад ударамі камянёў. Падарожнічай са мною, умілаваная Маці, і дапамажы мне зразумець, што дзякуючы гэтым камяням я магу стаць мацнейшым(ай), што яны дапамагаюць мне ва ўнутраным узрастанні, у тым, каб я перастаў(ла) наракаць, а авучыўся(лася) дзякаваць кожную хвіліну і, упэўнены(ая) ў Тваёй моцы, захаваў(ла) духоўную радасць. Амэн.

Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Хто хоча зведаць цеплыню, прыходзіць да Марыі, — люстра сонечнага святла.

 
Дзень пяты
 
Маці, якая развязваеш вузлы, шчодрая і поўныя спачування, звяртаюся да Цябе, каб яшчэ раз аддаць свой вузел у Твае рукі ... (назваць, які). Прашу Цябе аб Божай мудрасці, каб, дзейнічаючы ў святле Духа Святога, я мог(магла) справіцца з усімі цяжкасцямі. Ніхто ніколі не бачыў Цябе разгневанай, наадварот, Твае словы былі напоўненыя пяшчотаю настолькі, што ў Табе бачылі Сэрца Бога. Умілаваная Маці, дай мне Тваю лагоднасць і дабрыню, каб я навучыўся(лася) разважаць пра ўсё ў цішыні сэрца. Абранніца Духа Святога, заступіся перад Езусам, каб і я мог(магла) адчуць у сваім жыцці ласку Духа Святога. Дух Божы, сыдзі на мяне! Амэн.
 
Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Марыя ўсё можа выпрасіць у Бога.
 
 
Дзень шосты
 
Каралева Міласэрнасці, у Твае рукі я аддаю вузел майго жыцця ... (назваць, які), і прашу Цябе даць мне ласку цярп­лівасці сэрца, аж пакуль Ты гэты вузел не развяжаш. Навучы мяне нястомна слухаць словы Твайго Сына, шчыра спавядацца, з вераю прыступаць да святой Камуніі, і, нарэшце, — прашу, застанься са мною. Падрыхтуй маё сэрца, каб з анёламі радавацца ласцы, якую мне выпрошваеш. Амэн.
 
Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Ты ўся прыгожая, Марыя, і няма ў Табе першароднага граху.
 
 
Дзень сёмы

Маці Прачыстая, я звяртаюся сёння да Цябе, прашу развязаць гэты вузел у маім жыцці ... (назваць, які) і вызваліць мяне ад улады зла. Бог даў Табе ўсялякую ўладу над дэманамі. Выракаюся шатана і ўсяго, што ад яго зыходзіць. Вызнаю, што Езус — мой адзі­ны Збаўца, мой адзіны Пан. О Марыя, якая развязваеш вузлы, струшчы галаву злога. Знішч пасткі, якія сталі прычынай зняволення ў маім жыцці. Дзякуй, мая наймілейшая Маці. Пане Езу, вызвалі мяне праз Тваю найдаражэйшую Кроў. Амэн.

Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Ты слава Ерузалема, Ты радасць Ізраэля, Ты гонар нашага народу.

 
Дзень восьмы

Панна Марыя, Маці Бога, Ты — сама міласэрнасць, злітуйся над сваім дзіцем і развяжы гэты вузел ... (назваць, які) у маім жыцці. Прашу Цябе, наведай мяне, як Ты наведала Альжбету. Прынясі мне Езуса, каб Ён удзяліў мне Духа Святога. Навучы мяне практыкаваць цноты мужнасці, радасці, пакоры, веры, і, як Альжбета, выпрасі для мяне ласку быць напоўненым(ай) Духам Святым. Прашу, будзь маёй Маці, Каралеваю і Заступніцай. Аддаю Табе маё сэрца і ўсё, што мне належыць: мой дом, сям’ю, каштоўнас-ці — унутраныя і знешнія. Належу Табе назаўсёды. Дай мне Тваё сэрца, каб я мог(магла) зрабіць усё, што Езус мне скажа. Амэн.

Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
Прыступайма з даверам да трону ласкі.

 
Дзень дзявяты

Найсвяцейшая Маці, Апякунка наша, Ты, якая развязваеш вузлы, прыходжу сёння, каб падзякаваць Табе за развяз­ванне маіх жыццёвых вузлоў. Ты ведаеш пра боль, які яны мне ўчыняюць. Дзякуй, Маці мая, што міласэрна выціраеш мае слёзы. Дзякую, што трымаеш мяне ў Сваіх абдымках і выпрошваеш шматлікія ласкі Божыя. Марыя, якая развязваеш вузлы, мая ўмілаваная Маці, дзякую Табе за развязванне маіх жыццёвых вузлоў. Атулі мяне плашчом Тваёй любові, вазьмі мяне пад сваю абарону, выпрасі святло Духа Святога і напоўні Тваім спакоем. Амэн.

Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней