Навэнна за Айчыну
21.01.2021 | Навэнны

Навэнна праз заступніцтва беларускіх святых і благаслаўлёных.


Парадак навэнны:

1. Божае слова і малітва на кожны дзень навэнны.
2. Малітва за Айчыну паводле св. Яна Паўла ІІ.
3. Суплікацыя.
4. Літанія да Божай Міласэрнасці або Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Малітва за Айчыну паводле св. Яна Паўла ІІ

Маці Божая, Апякунка Беларусі, дзякуючы за Тваю Мацярынскую апеку, давяраем Табе нашу Айчыну, нашу сучаснасць і будучыню. Няхай імкненне да супольнага дабра перамагае эгаізм і падзелы. Няхай усе, хто кіруе нашай краінай, бачаць у Табе пакорную Слугу Езуса Хрыста і вучацца служыць і распазнаваць патрэбы сваіх грамадзянаў, каб Беларусь магла стаць валадарствам любові, праўды, справядлівасці і супакою, дзе шануецца Імя Твайго Сына і годнасць кожнага чалавека.

Маці Адзінароднага Сына, які даў нам новую запаведзь любові як галоўны прынцып жыцця, выпрасі, каб мы сталі руплівымі будаўнікамі салідарнага свету, у якім любоў ператварае ўзброеныя канфлікты ў супакой, а цывілізацыю смерці — у цывілізацыю жыцця.

Няхай наш народ заўсёды будзе верным Богу — Валадару ўсяго свету.

Маці еднасці і супакою, умацоўвай супольнасць Касцёла Твайго Сына, дапамажы, каб усе хрысціяне моцаю Духа Святога сталіся адною сям’ёю сясцёр і братоў Езуса Хрыста, адзінага Збаўцы свету, — учора, сёння і навекі.

О ласкавая, о літасцівая, о наймілейшая Панна Марыя, прымі наш давер, умацоўвай яго ў нашых сэрцах і складзі перад Абліччам Бога, у Тройцы Святой Адзінага, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Суплікацыя

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (Паўтараецца тройчы.)

Ад пажару, голаду, вайны і заразы, – барані нас, Божа!
Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці, – сцеражы нас, Божа!
Каб Касцёл свой святы каталіцкі бараніць і ўзвышаць меў ласку, – Цябе просім, Божа!
Каб Айца Святога і ўсе духоўныя станы ў пабожнай еднасці захаваць меў ласку, – Цябе просім, Божа!
Каб нас у святой службе Тваёй умацаваць меў ласку, – Цябе просім, Божа!
Каб нас да шчырага пакаяння давесці меў ласку, – Цябе просім, Божа!
Каб ураджай даць і захаваць яго меў ласку, – Цябе просім, Божа!
Мы, грэшныя, Цябе, Бога, просім, – выслухай нас, Божа!
О, Езу, Езу, Езу, – змілуйся над намі!
О, Марыя, Панна і Маці Божая, – заступіся за нас!

Дзень першы
Молімся аб супакоі і згодзе

«Такая ёсць воля Божая, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго. <…> І не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас. Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці. Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе вечнага жыцця» (1 Ян 3, 11. 13–15).

Добры Ойча, праз заступніцтва св. Язафата Кунцэвіча і св. Андрэя Баболі, ахвяраў людской помсты, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і ўвесь наш народ. Просім: дай нам братэрскую згоду, узаемную павагу і прымірэнне людзей розных поглядаў. Не дазваляй нам чыніць зло, падымаць руку на бліжняга і праклінаць яго. Благаславі нашую зямлю супакоем і згодаю, пакораю, цярплівасцю і прабачэннем. Учыні нас прыладаю Тваіх справаў, каб мы заўсёды неслі мір туды, дзе распальваецца нянавісць.

Дзень другі
Молімся аб справядлівай дзяржаўнай уладзе, правасуддзі і павазе да правоў чалавека

«Просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе сярод вас і кіруе вамі ў Пану ды навучае вас. Любіце іх больш дзеля іхняй працы. Жывіце ў згодзе між сабою. Просім вас, браты: настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх. Глядзіце, нікому злом за зло не адплачвайце, але рабіце заўсёды дабро адзін аднаму і ўсім. Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце» (1 Тэс 12–18).

Добры Ойча, праз заступніцтва слугі Божага Эдварда Вайніловіча, руплівага дабрачынца і сапраўднага грамадзяніна, а таксама благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча, мы просім у Цябе благаслаўлення для Беларусі справядліваю дзяржаўнаю ўладаю, правасуддзем і павагаю да правоў чалавека. Няхай усе, хто пакліканы служыць грамадству, будуць сумленнымі людзьмі і руплівымі працаўнікамі на ніве дабра і бяспекі.

Дзень трэці
Молімся за сем’і і абарону кожнага жыцця ад зачацця і да натуральнай смерці

«Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана,
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
Плён працы рук сваіх будзеш спажываць,
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.
Жонка твая, як урадлівая вінаградная лаза
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі,
вакол стала твайго.
Вось так будзе благаслаўлёны чалавек,
які баіцца Пана.
Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёна,
і ты ўбачыш дабрабыт Ерузалема
ва ўсе дні жыцця свайго.
Убачыш патомства сыноў сваіх.
Спакой над Ізраэлем» (Пс 128).

Добры Ойча, праз заступніцтва сясцёр мучаніц, назарэтанак з Наваградка і благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і наш народ. Падтрымай нашыя
сем’і сваім благаслаўленнем, прынясі ў іх згоду і мір, сапраўдную любоў, цярплівасць і прабачэнне. Адвядзі ад нашай зямлі забойствы ненароджаных дзяцей, гендарную ідэалогію, якая пад прыкрыццём «свабоды выбару» ставіць пад сумнеў прызначэнне мужчыны і жанчыны, а значыць і сям’і ў Божай задуме. Адары супакоем і мудрасцю тых людзей, якія не могуць прыняць сябе, свой пол, не могуць жыць у згодзе з самімі сабою. Добры Божа, няхай нашыя сям’і будуць сапраўдным домам для Цябе і надзеяй для ўсёй нашай Айчыны.

Дзень чацвёрты
Молімся за дзяцей і моладзь нашай Айчыны

«Радуйся, юнак, у маладосці сваёй, і няхай радуецца сэрца тваё ва ўсе дні твайго юнацтва. Хадзі шляхамі сэрца свайго і таго, што бачаць твае вочы. Толькі ведай, што за ўсё гэта Бог цябе пакліча на суд. Адганяй клопат ад сэрца свайго і аддаляй зло ад свайго цела, бо юнацтва і маладосць – гэта марнасць» (Экл 11, 9–10).

Добры Ойча, праз заступніцтва святога каралевіча Казіміра і благаслаўлёнага Генрыха Глябовіча, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і ўвесь наш народ. Аддаём у Твае міласэрныя рукі нашых дзяцей і моладзь. Кіруй іх сцежкамі, асцерагай ад зла і дапамажы ім не спакушацца багаццем, славаю, а найперш быць добрымі людзьмі, ствараць моцныя сем’і, будаваць грамадства салідарнасці, узаемнай павагі, дапамогі і цярплівасці.

Дзень пяты
Молімся за людзей у цяжкім становішчы: за хворых, сіротаў і за ўсіх, хто жыве ў нястачы і трывогах

«Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: „Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне“. Тады адкажуць Яму справядлівыя: „Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?“. I Валадар скажа ім у адказ: „Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі“» (Мц 25, 34–40).

Добры Ойча, праз заступніцтва благаслаўлёных слонімскіх мучаніц сясцёр Марты і Евы, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і ўвесь наш народ. Езу, Ты вучыў нас быць неабыякавымі да патрэбаў іншых людзей, асабліва да тых, хто цяжка хварэе, да бедных, бяздомных, галодных і слабых. Мы просім Твайго благаслаўлення для гэтых людзей. Адары нас мужнасцю і сіламі адгукацца на жыццёвыя цяжкасці нашых бліжніх, быць Тваімі рукамі і нагамі, каб несці патрабуючым дапамогу і суцяшэнне.

Дзень шосты
Молімся аб вечным жыцці для памерлых

«І наладзіў Юда ахвяраванне па ліку мужчын з дзвюх тысяч срэбраных драхм, і паслаў у Ерузалем, каб ускласці ў ахвяру за грахі, вельмі добра і высакародна думаючы аб паўстанні з памерлых. Бо калі б не спадзяваўся, што тыя, пазабіваныя, уваскрэснуць, дык пустой і недарэчнай справай было б маліцца за памерлых. <…> Таму ўчыніў за памерлых уміласціўляльную ахвяру, каб былі вызвалены ад граху» (гл. 2 Мак 12, 43–44. 46).

Добры Ойча, праз заступніцтва росіцкіх мучанікаў, марыянаў Юрыя і Антонія, і пяршайскіх францішканаў Юзафа Ахілеса і Караля Германа, якія не пакінулі сваю паству і ахвяравалі сваё жыццё разам з вернікамі, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і наш народ. Просім: адары сваёй міласэрнасцю душы нашых продкаў, церпячых у чыстцы. Просім для іх супакою і радасці з Табою ў нябёсах. Памятай пра людзей, якія загінулі з-за несправядлівасці, рэпрэсій і пераследаў. Вечны адпачынак дай ім, Пане!

Дзень сёмы
Молімся аб святасці і мужнасці для Касцёла, а таксама аб умацаванні веры ў Хрыста

«Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства. Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы – падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе» (Лк 12, 32–37).

Добры Ойча, праз заступніцтва святога Рафала Каліноўскага, кармэліта і адданага сына Беларусі, а таксама слугаў Божых мучанікаў з Беразвечча святароў Мечыслава, Уладзіслава і Станіслава, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і ўвесь наш народ. Просім прабачэння за ўсе грахі, учыненыя нашымі продкамі падчас ваяўнічага атэізму, за знявагу і знішчэнне святыняў на нашай зямлі. Прабач за грахі і дрэнны прыклад тых, хто адштурхнуў людзей ад Твайго Касцёла і адвёў ад пазнання Божай Праўды. Просім святога сведчання веры ў Цябе, міласэрны Ойча, на беларускай зямлі.

Дзень восьмы
Молімся за духавенства і за новыя пакліканні

«З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць. Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!» (Лк 12, 48–49).

Добры Ойча, праз заступніцтва слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, заснавальніка Пінскай духоўнай семінарыі, і слугі Божага Баляслава Слосканса, Апостальскага Адміністратара Магілёўскай мітраполіі, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і наш народ. Мы аддаём Твайму ўсёмагутнаму Провіду памнажэнне пакліканняў да святарства і манаскага жыцця сярод маладых людзей. Надзялі адвагаю ісці за Табою ўсіх, каго Ты клічаш. Дай усім пакліканым любоў да служэння Касцёлу і вернасць абранаму шляху. Міласэрны Ойча, не пакінь нашу Айчыну без адданых Табе пастыраў, братоў і сясцёр, якія не шкадуюць сілаў дзеля служэння Табе і нашаму народу.

Дзень дзявяты
Молімся аб любові, міласэрнасці і добразычлівасці

«Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 34–35).

Добры Ойча, праз заступніцтва благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, спаведніка святой Фаўстыны, апосталкі Божай Міласэрнасці, мы ўзносім да Цябе малітвы за Беларусь і наш народ. Просім Цябе, Божа, будзь адзіным Валадаром нашых сэрцаў. Няхай пануюць сярод усіх нас любоў, спагада, міласэрнасць і прабачэнне. Дапамажы нам кіравацца не помстаю і нянавісцю, а велікадушным прабачэннем. Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча гэтай зямлі!

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней