На працягу дзевяці дзён чытаюцца наступныя заклікі:
Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы Тваіх верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові.
— Спашлі Духа Твайго, і будуць створаныя.
— І адновіш аблічча зямлі.
Молімся: Божа, які асвяціў сэрцы сваіх верных святлом Духа Святога! Дапамажы нам у Духу Святым пазнаваць, што ёсць добрае, і заўсёды радавацца Яго суцяшэннем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
О Беззаганнае Сэрца Маці майго Бога, хвалебнае жыллё Найсвяцейшай Тройцы! З глыбокаю пакораю аддаю табе хвалу і пашану. О Марыя, прашу, распалі маё азяблае сэрца найчысцейшай палымянай любоўю, якою з першага імгнення жыцця палала Тваё Сэрца, і напоўні мяне гарачаю любоўю да Бога і людзей. Удзялі мне таксама ласку..., аб якой пакорна Цябе прашу.
Вітай, Марыя…
О Маці Цудоўнай Любові, распалі маё сэрца жарам Сэрца свайго. О Беззаганнае Сэрца Маці майго Бога, невымоўная бездань пакоры, якая пасяліла Езуса ў Тваім улонні, знішчы пыху і ганарлівасць майго сэрца. Адары мяне цнотаю пакоры, без якой я не магу быць упадабаны Тваім найпакорнейшым Сынам. Удзялі мне таксама ласку..., аб якой моцна Цябе прашу.
Вітай, Марыя…
О найчысцейшае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, выпрасі ў Сэрца Езуса чыстасць і пакору для майго сэрца. О Беззаганнае Сэрца Маці майго Бога, якое ўсё ззяеш чыстасцю і нявіннасцю, ачысці маё сэрца ад усіх грахоў і недасканаласцяў, ахоўвай мае думкі, каб ніколі мая найменшая дабравольная віна не засмучала Твайго Сына. Удзялі мне таксама ласку..., аб якой моцна Цябе прашу.
Вітай, Марыя…
Святая Багародзіца, скараюся перад Табою, благаслаўляю Тваё імя, люблю Цябе і давяраю Табе, бо па волі Езуса Ты стала маёю дарагою Маці. З Цябе нарадзілася Збаўленне нашае, Хрыстус, які, паміраючы, аддаў нас у Тваю апеку, каб Ты любіла нас мацярынскаю любоўю. Я з даверам аддаюся Твайму Сэрцу і назаўсёды прысвячаю сябе яму. Ты ж, о добрая Маці, узглянь на мяне ласкава і далучы да кола сваіх слугаў. О Маці міласэрнасці, паяднай мяне са сваім Сынам і выпрасі ў Яго для мяне адпушчэнне ўсіх грахоў. Умацуй ува мне жывую веру, абудзі трывалую надзею і запалі гарачую любоў, каб ува мне праз Тваю ласку заўсёды жыў Езус, Твой Сын і наш Збаўца. Дапамажы мне на зямлі прабываць у благаслаўлёнай апецы і дабрыні Твайго Сэрца, дапамажы сустрэць Езуса ў Небе, каб разам з Табою любіць і праслаўляць Яго на вякі вечныя. Амэн.