Навэнна да святога арханёла Міхала з біблійнымі чытаннямі
20.09.2021|Навэнны

20 верасня, напярэдадні ўспаміну арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала (29 верасня) мы распачынаем Навэнну да святога арханёла Міхала з біблійнымі чытаннямі. Запрашаем сачыць за навэннаю ў нашых сацыяльных сетках: InstagramFacebook, Vk, Ok.


Штодня на пачатку набажэнства чытаюцца «Малітва аб перамозе дабра» і «Малітва аб апостальскай руплівасці».

Малітва аб перамозе дабра

Абаронца зняважаных Божых законаў, падтрымай нас у змаганні за перамогу дабра ў свеце. Сатана, непрыяцель Бога, спрадвечны праціўнік праўды і дабра здрадлівымі ілюзіямі распальвае чалавечыя жарсці, ловіць душы ў расстаўленыя пасткі і сцягвае іх на дно згубы. Колькі ж душаў жыве, не ведаючы Бога і сваіх абавязкаў адносна Яго!

С.: Святы Міхале, першы абаронца Хрыстовага Касцёла!

Н.: Маліся за нас.

Колькі людзей, нягледзячы на тое, што ведаюць Бога, грашаць недапушчальнаю абыякавасцю. Дзеці не маюць пашаны да іншага чалавека, ім не хапае паслухмянасці і нават любові да бацькоў; моладзь часта гоніцца за зманлівымі чарамі пачуццёвых задавальненняў, і ў выніку хвілінныя прыхамаці разбіваюць сем’і. Сужэнцы разыходзяцца, парушаючы дадзеныя Богу святыя абяцанні.

С.: Святы Міхале, першы абаронца Хрыстовага Касцёла!

Н.: Маліся за нас.

Злачыннасць павялічваецца; добрае імя бліжняга і чалавечае жыццё страцілі сваю вартасць. Дзеці адной Маці-Айчыны жывуць у нязгодзе. У свеце не гасне полымя войнаў. Мы ўсведамляем, што прычынаю гэтых бедаў, няшчасцяў і пара жэнняў з’яўляюцца неўтаймаваная чалавечая прагавітасць, хцівасць і пажадлівасць. А падступны дух цемры распальвае іх для таго, каб загубіць сяброў Божых.

С.: Святы Міхале, першы абаронца Хрыстовага Касцёла!

Н.: Маліся за нас.

Малітва аб апостальскай руплівасці

З-за наступстваў першароднага граху, мы маем слабую волю. Многія з нас становяцца ахвярамі ўласнай слабасці. Святы арханёле Міхале, пераможны арханёле, дапамажы нам будаваць Божае Валадарства ў штодзённым жыцці.

— Святы арханёле Міхале, павядзі за сабою дзяцей, няхай з ранняга маленства яны вучацца ад маленькага Езуса пабожнасці і паслухмянасці.

Н.: Каб разам будаваць Божае Валадарства.

— Святы арханёле Міхале, прыцягні да сябе працоўную моладзь; няхай яна мужна адбівае атакі супраць веры і сваёю пазіцыяй схіляе сваё найбліжэйшае асяроддзе да пашаны рэлігійных перакананняў.

— Святы арханёле Міхале, натхні душы дзяўчат; няхай сваёю простасцю і нявіннасцю яны ўнаследуюць цноты Найсвяцейшай Панны Марыі.

— Святы арханёле Міхале, дапамажы маладым навучэнцам, каб яны, здабываючы веды, не страцілі з поля зроку Першапрычыну сусвету.

— Святы арханёле Міхале, падтрымлі вай мужчынаў, бацькаў, каб яны кожны дзень распачыналі і заканчвалі просьбаю да Боскага Цесляра аб благаслаўленні для сваёй працы і сваёй сям’і.

— Святы арханёле Міхале, уплывай на маці, каб яны не толькі адчувалі абавязак перадаваць жыццё, але і па-Божаму выхоўвалі дзяцей і не лічылі сваю задачу выкананай, пакуль не ўбачаць іх сярод выбраных у небе.

— Святы арханёле Міхале, падбадзёр усіх, хто пакліканы да выключнага служэння Богу ў святарстве, манастве і ў свецкім жыцці, каб яны імкнуліся да асабістай святасці і ахвярна прысвячалі сябе бліжнім.

— Святы арханёле Міхале, асаблівым чынам падтрымлівай выхаваўцаў і душпастыраў, місіянераў, якія ездзяць у далёкія краіны з Добраю Навінаю, кансэкраваных асобаў, якія праводзяць жыццё там, дзе пакутуюць людзі, у шпіталях, у служэнні любові, у кляштарах, здзяйсняючы суровае пакаянне за грахі чалавецтва. 

Усе мы хочам быць у Тваёй пераможнай свіце, але нас атакуюць цяжкасці, адольваюць спакусы, ілюзіі, якія злы дух памнажае вакол нас і якімі імкнецца аддаліць нас ад Бога. Аднак мы захоўваем глыбокую пашану да Божых законаў і прысвячаем сваё жыццё служэнню дзеля дабра. Святы Міхале, будзь нашаю сілаю. Барані нас у змаганні. Няхай тваё імя — баявы заклік «Хто ж як Бог!» — і твая магутная апека вядуць нас да перамогі перад тронам усемагутнага Пана. Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Святы арханёле Міхале, ты пануеш у бляску неба, мужных герояў ад пастак сатаны — абараняй!
Тым, хто падае і зноў падымаецца ў няспынным жыццёвым змаганні, — дапамагай!
Ускладаючы ўсе справы на шалі Боскай справядлівасці, за нас — заступайся! 

С.: Святы арханёле Міхале, барані нас у змаганні,
Н.: Каб мы ацалелі на Апошнім Судзе.
С.: Патроне паўсюднага Касцёла, прывядзі нас да аблічча Міласэрнага Айца ў святыні вечнай хвалы.
Н.: Амэн.

Першы дзень

Чытанне з Кнігі Быцця (28, 10–17)

Якуб выйшаў з Бээр-Шэбы і скіраваўся да Харана. Дайшоўшы да пэўнага месца, ён захацеў адпачыць пасля захаду сонца. Узяў адзін з камянёў, што там ляжалі, падклаў сабе пад галаву і заснуў на гэтым месцы.

І ўбачыў у сне лесвіцу, якая стаяла на зямлі і сваім верхам дасягала да неба, а таксама Анёлаў Божых, якія ўзыходзілі і сыходзілі па ёй. І вось Пан стаяў над ёю і казаў: «Я — Пан, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім. І тваё патомства будзе як пыл зямны; і ты пашырышся на захад і на ўсход, на поўнач і поўдзень; і благаслаўлёныя будуць у табе і ў патомстве тваім усе плямёны зямлі. Вось Я з табою і буду захоўваць цябе, куды б ты ні пайшоў, і вярну цябе на гэтую зямлю. І не пакіну цябе, пакуль не выканаю ўсяго, што абяцаў табе».

Калі Якуб прачнуўся, сказаў: «Сапраўды Пан ёсць на месцы гэтым, а я не ведаў». І з бояззю казаў: «Якое страшнае тое месца! Гэта нішто іншае, як дом Божы і брама ў неба».

Другі дзень

Чытанне Кнігі Тобія (12, 11. 15–22)

Я пакажу вам усю праўду і не затаю ад вас ніводнага слова. Я ўжо абвясціў вам і сказаў: «Гэта добра — захоўваць таямніцу караля, але пахвальна таксама адкрываць і вызнаваць Божыя справы. <…> Я — Рафал, адзін з сямі святых анёлаў, якія ўваходзяць і служаць перад абліччам славы Пана».

Яны [Тобій і яго сын] збянтэжыліся абодва і ўпалі ніцма ад страху. Тады ён сказаў ім: «Не бойцеся, супакой вам! Праслаўляйце Бога ва ўсе вякі. Бо я быў з вамі не па ўласнай прыхільнасці, але з волі Бога. Яго праслаўляйце ва ўсе дні, Яму спявайце гімны. Вы бачылі, што я нічога не еў, таму што з’явілася перад вамі бачанне. А цяпер праслаўляйце Пана на зямлі і вызнавайце Бога. Я ж узыходжу да Таго, хто мяне паслаў. Запішыце ўсё гэта, што здарылася з вамі». І ўзышоў.

Яны ўсталі, але ўжо не маглі яго бачыць. Таму праслаўлялі і спявалі гімны Богу і вызнавалі Яго за тыя вялікія справы Ягоныя, бо ім з’явіўся Божы анёл.

Трэці дзень

Чытанне Кнігі прарока Ісаі (6, 1–8)

У год смерці караля Озіі я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім. Кожны з іх меў па шэсць крылаў: двума закрываў кожны свой твар, і двума закрываў ногі свае, і двума лятаў.

Яны ўсклікалі адзін да аднаго, кажучы: «Святы, святы, святы, Пан Магуццяў. Уся зямля поўная хвалы Яго».

І захісталіся вушакі дзвярэй ад гэтага голасу, і дом напоўніўся дымам.

І сказаў я: «Гора мне, бо Я загінуў, таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі і жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў».

Тады падляцеў да мяне адзін з Серафімаў, а ў руцэ яго быў распалены вугаль, які ён клешчамі ўзяў з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да вуснаў маіх і сказаў: «Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой».

Тады я пачуў голас Пана, які казаў: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» І сказаў я: «Вось я, пашлі мяне».

Чацвёрты дзень

Чытанне Кнігі Эзэхіэля (10, 1–5. 18–19)

Пан голасна ўсклінуў да вушэй маіх, кажучы: «Наблізьцеся, карнікі горада, кожны са знішчальнай зброяй у руках». І вось прыйшло шэсць мужоў з дарогі да верхняй брамы, што звернута на поўнач, і кожны меў у руцэ знішчальную зброю. Таксама адзін муж сярод іх быў апрануты ў ільняное адзенне, а на баку меў пісарскія прылады. Яны прыйшлі і спыніліся каля меднага ахвярніка. І слава Божая перанеслася з-над Херубіма, над якім была, да парога дому. Тады Пан паклікаў мужа, які быў апрануты ў ільняное адзенне і меў на баку пісарскія прылады, і сказаў яму: «Прайдзі пасярод горада, пасярод Ерузалема, і пастаў знак „ТАЎ“ на чолах людзей, якія ўздыхаюць і смуткуюць з прычыны ўсёй агіды, што творыцца ў ім».

А іншым сказаў, як пачуў я: «Ідзіце па горадзе следам за ім і забівайце, няхай не шкадуе вока ваша, і не майце літасці: старога, юнака, дзяўчыну, дзяцей і жанчын пазабівайце дашчэнту. Аднак не падступайце ні да кога, на кім убачыце знак „ТАЎ“. Пачніце з Маёй святыні».

І яны пачалі са старэйшын, што былі перад святыняй. І сказаў ім: «Зганьбіце святыню і напоўніце панадворкі забітымі. Выходзьце».

Яны выйшлі і забівалі тых, хто быў у горадзе.

Хвала Пана адышла з парога святыні і спынілася над Херубімамі. І Херубімы, падняўшы крылы свае, узвысіліся над зямлёю перада мною. Калі яны адыходзілі, калясніцы ішлі разам з імі. Яны спыніліся каля ўваходу ва ўсходнюю браму дому Пана, і хвала Бога Ізраэля была над імі. Гэта была жывая істота, якую бачыў я пад Богам Ізраэля над ракою Хабар, і я зразумеў, што гэта — Херубімы. У кожнага з чатырох было па чатыры твары, кожны меў па чатыры крылы і падабенства чалавечых рук пад сваімі крыламі. А падабенства твараў іхніх нагадвала тыя твары, што я бачыў над ракою Хабар. Кожны ішоў проста наперад.

Пяты дзень

Чытанне Кнігі прарока Даніэля (10, 12–21)

Ён сказаў мне: «Не бойся, Даніэль, бо з першага дня, калі ты сэрцам сваім імкнуўся да разумення і скарыўся перад сваім Богам, былі пачутыя твае словы, і я прыйшоў да цябе з прычыны тваіх словаў. Але анёл персідскага валадарства змагаўся са мною дваццаць адзін дзень. І вось Міхал, адзін з першых анёлаў, прыйшоў дапамагчы мне, калі я быў пакінуты там пры каралях Персіі. Я прыйшоў растлумачыць табе тое, што напаткае твой народ напрыканцы дзён, бо яшчэ пра тыя дні будзе бачанне».

Калі ён гаварыў мне гэтыя словы, я схіліў сваю галаву да зямлі і анямеў. Тады хтосьці, падобны да сыноў чалавечых, дакрануўся да маіх вуснаў, і я пра мовіў да таго, хто стаяў перада мною, кажучы: «Мой Пане! Ад гэтага бачання я напоўніўся болем і страціў сілы. Як жа гэткі слуга майго Пана можа гаварыць з такім Панам маім, калі цяпер няма ўва мне сілы і я не магу дыхаць». Ізноў да мяне дакрануўся той, які выглядаў як чалавек, і ўмацаваў мяне. Ён сказаў: «Не бойся, любы чалавек! Супакой табе! Будзь моцны, будзь дужы!»

Калі ён размаўляў са мною, я набраўся сілы і сказаў: «Гавары, мой Пане, бо Ты ўмацаваў мяне». Ён сказаў: «Ці ведаеш, чаго я прыйшоў да цябе? Але цяпер я вяртаюся, каб змагацца з анёлам Персіі. Калі я адыду, прыйдзе анёл Грэцыі. Але я абвяшчаю табе тое, што запісана ў кнізе праўды. І няма нікога, хто б падтрымаў мяне супраць іх, акрамя Міхала, анёла вашага».

Шосты дзень

Чытанне Кнігі прарока Захарыі (1, 8–17)

У гэтую ноч я бачыў: Вось нейкі вершнік быў на чырвоным кані. Ён стаяў сярод міртаў у нізіне. А за ім былі чырвоныя, каштанавыя і белыя коні. І я спытаў: «Мой Пане, што яны азначаюць?» Анёл, які размаўляў са мною, адказаў мне: «Я пакажу табе, што яны азначаюць». Тады адказаў чалавек, які стаяў сярод міртаў: «Гэта тыя, каго паслаў Пан абысці зямлю». А яны адказалі анёлу Пана, які стаяў сярод міртаў: «Мы абышлі зямлю і ўбачылі, што ўся зямля заселена і спакойная». Тады анёл Пана сказаў: «Пане Магуццяў, дакуль Ты будзеш стрымліваць міласэрнасць да Ерузалема і гарадоў Юды, на якія гневаешся ўжо семдзесят гадоў?» Пан адказаў анёлу, які размаўляў са мною, спагадлівымі словамі, словамі суцяшэння. Тады анёл, які размаўляў са мною, сказаў мне: «Абвясці, што так сказаў Пан Магуццяў: Я палаю вялікай любоўю да Ерузалема і Сіёна, але моцна гневаюся на бесклапотныя народы, якія, калі Я крыху разгневаўся, прычыніліся да зла. Таму так кажа Пан: Я вярнуся  ў Ерузалем з міласэрнасцю, адбудую ў ім Маю святыню, — кажа Пан Магуццяў, — і мерны шнур будзе расцягнуты над Ерузалемам. Таму ўсклікай і кажы: Так кажа Пан Магуццяў: Зноў расквітнеюць Мае гарады, Пан зноў суцешыць Сіён і зноў выбера Ерузалем».

Сёмы дзень

Чытанне паслання да Эфесцаў (1, 16–23; 2, 1–2. 4–5)

Не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах, каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаваннне, і за ўсялякае імя, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым. Усё паклаў пад ногі Ягоныя, і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім. І вы былі мёртвымі з-за праступкаў і грахоў вашых, у якіх вы калісьці жылі згодна са звычаямі гэтага свету, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непаслухмянасці. А Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю.

Восьмы дзень

Чытанне Паслання святога Юды (10–15. 20–21)

Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў. Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, Ён трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня. Падобна Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём.

Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты. Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яб лам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!» А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць. Але вы, умілаваныя, будуйцеся на найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага. 

Дзявяты дзень

Чытанне Кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна (12, 1–11)

Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак. Яна была цяжарная і крычала ад болю і родавых пакутаў. З’явіўся таксама другі знак на небе: вось вялікі вогненны цмок з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, а над галавой яго сем дыядэм. Хвост ягоны змятае траціну нябесных зорак і кідае іх на зямлю. Цмок стаў перад жанчынаю, якая павінна была нарадзіць, каб пажэрці дзіця, як толькі яна народзіць. І нарадзіла яна сына, мужчыну, які будзе пасвіць усе народы жалезным кіем. Яе дзіця было забрана да Бога і да Ягонага трона. А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе ёй было падрыхтавана месца Богам, каб яе кармілі там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён. 

Узнялася бітва на небе. Міхал і ягоныя анёлы змагаліся з цмокам. Ваяваў цмок і ягоныя анёлы, але не перамаглі, і не знайшлося ўжо месца для іх на небе. Таму скінуты быў вялікі цмок, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною. Той, які зводзіць увесь свет, быў скінуты на зямлю, і разам з ім былі скінуты ягоныя анёлы. І пачуў я моцны голас, які казаў з неба:

«Цяпер настала збаўленне і сіла,
і валадаранне Бога нашага,
і ўлада Памазаніка Ягонага,
бо скінуты абвінаваўца братоў нашых,
які дзень і ноч абвінавачваў іх
перад Богам нашым.
Яны перамаглі яго
дзякуючы крыві Баранка
і дзякуючы слову сведчання свайго».  


Паводле: «Хто ж як Бог! Малітоўнік да святога арханёла Міхала і анёлаў», Мінск - Про Хрысто, 2018.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней