Навэнна перад інтранізацыяй Найсвяцейшага Сэрца Езуса
29.05.2024|Навэнны

29 мая 2024 г. распачынаецца навэнна да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая дапаможа лепш падрыхтавацца да інтранізацыі ў парафіях, у сем'ях, а таксама да асабістага прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Заахвочваем усіх вернікаў далучыцца да гэтай малітвы ў інтэнцыі ўміласціўлення і перапрашэння Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Па ініцыятыве і распараджэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з 5 жніўня 2023 г. да 6 ліпеня 2024 г. праводзіцца малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а таксама Год падзякі Маці Божай за Яе апеку і атрыманыя ласкі.

Паводле наказу Арцыпастыра 7 чэрвеня 2024 г. ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса неабходна правесці інтранізацыю Найсвяцейшага Сэрца Езуса ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

29 мая распачынаецца навэнна да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая дапаможа лепш падрыхтавацца да інтранізацыі ў парафіях, у сем'ях, а таксама да асабістага прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Заахвочваем усіх вернікаў далучыцца да гэтай малітвы ў інтэнцыі ўміласціўлення і перапрашэння Найсвяцейшага Сэрца Езуса, бо «ў Ім — уся нашая надзея на збаўленне ўсіх людзей».

6 ліпеня 2024 г. ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, на заканчэнне Года падзякі, падчас святкавання Будслаўскага фэсту, будзе здзейснена інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса для ўсяго мясцовага Касцёла — прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі і ўсіх вернікаў у Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Гэтае прысвячэнне стане падзякай за атрыманыя ласкі, і будзе перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбаю аб умацаванні веры і любові, каб заставацца вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні.

У Акце інтранізацыі будзем прасіць аб еднасці ў нашых сем’ях і іх аднаўленні, каб яны былі асяродкамі любові і міру, свабоднымі ад здрады, агрэсіі і насілля, адкрытымі для новага жыцця і здольнымі перадаваць веру і традыцыю продкаў новым пакаленням. Будзем прысвячаць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса нашую моладзь, каб яна знаходзіла сэнс жыцця і ішла за голасам Бога, каб сэрцы маладых людзей палалі любоўю да Збаўцы, каб іх энтузіязм і вера аднаўлялі Касцёл.

НАВЭННА ДА НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА

Парадак навэнны:

  1. Штодзённая малітва.
  2. Малітва на вызначаны дзень навэнны.
  3. Ойча наш…
  4. Малітва на заканчэнне навэнны.
  5. Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Штодзённая малітва
Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы! У шматлікіх клопатах і цярпеннях мы звяртаемся да Цябе з дзіцячым даверам і молім аб дапамозе і ратунку. Спадзяемся, што Ты выслухаеш нас, бо Ты сказаў, Пане: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). Таму прыходзім да Цябе і молім праз заслугі Тваёй Мукі, праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці і ўсіх Тваіх святых, удзялі нам ласку ўмацавання веры і любові, каб заставацца вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту.

Першы дзень
О Езу, Ты так моцна палюбіў нас, што сышоў з неба і стаў падобным да чалавека ажно да крыжовай смерці, каб нас збавіць. Хочам любоўю адказаць на Тваю любоў. Таму распалі ў нашых сэрцах прагу найгарачэйшай любові да Цябе і дазволь, каб мы любілі Цябе больш за ўсё. Амэн.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, будзь нашай любоўю.

Другі дзень
Найсвяцейшае Сэрца Езуса! Мы прагнем быць Тваімі вучнямі і верна спаўняць запаведзь любові да бліжняга. Учыні, о Езу, каб мы пазбавіліся эгаізму і навучыліся наследаваць Цябе ў любові да бліжніх: любіць блізкіх людзей і дапамагаць ім у цяжкія хвіліны жыцця. Сваёй любоўю мы хочам ахапіць усіх людзей, якіх сустрэнем у жыцці, а таксама нашых ворагаў. Амэн.
Сэрца Езуса, абудзі ў нашых сэрцах сапраўдную любоў да бліжніх.

Трэці дзень
Езу, Ты сказаў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29). Пане наш, знішчы нашу пыху і абыякавасць, адары пакораю і ціхасцю сэрца. Дапамажы жыць гэтымі цнотамі, каб мы атрымалі благаслаўленне, абяцанае ў Казанні на гары: «Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю» (Мц 5, 5). Амэн.
Езу, ціхі і пакорны Сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

Чацвёрты дзень
Езу, Ты з любові да нас стаў паслухмяным ажно да смерці на крыжы. Навучы быць паслухмянымі Тваёй волі і вернымі вучэнню Твайго Касцёла. Дапамажы, каб асабліва ў цяжкія хвіліны жыцця мы ўмелі з пакораю прымаць Тваю волю. Амэн.
Пане, не мая, але Твая воля няхай станецца.

Пяты дзень
Найцярплівейшае Сэрца Збаўцы, якое моўчкі зносіла ўсялякія знявагі, абразы і прыніжэнні! Дапамажы нам утаймоўваць гнеў і раздражнёнасць. Навучы нас спакою і цярплівасці, каб з гэтага часу з любові да Цябе мы прымалі ўсе цяжкасці і цярпенні, якія Ты дапусціш у нашым жыцці. Амэн.
Найцярплівейшае Сэрца Езуса, дапамажы нам здабыць цноту цярплівасці.

Шосты дзень
Боскае Сэрца Езуса! Ты для нашага збаўлення ахвяравала сябе свайму Айцу за нашыя грахі. Май ласку напоўніць нашыя сэрцы ахвярнай любоўю. Навучы не быць абыякавымі да патрэбаў Касцёла і бліжніх, і, па магчымасці, дапамагаць ім. Амэн.
Сэрца Езуса, Ахвяра за нашыя грахі, адары нас духам ахвярнасці і самаадданасці.

Сёмы дзень
Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы! Ты ўчыніла ўсё, каб збавіць нас. Дапамажы нам адказаць Табе вернасцю ў спаўненні Тваіх запаведзяў і жыццёвых абавязкаў. Дапамажы нам, Пане, не марнаваць дароў, атрыманых ад Цябе, і надзялі нас ласкаю, каб стараліся выкарыстоўваць кожны дзень для Тваёй хвалы і збаўлення нашых душаў. Амэн.
Сэрца Езуса, дапамажы быць Тваімі вернымі слугамі.

Восьмы дзень
Сэрца Езуса, Бога нашага! Ты абрала на зямлі не пашану і багацце, а працу ў цярпенні і ўбостве. Прашу Цябе, Езу, каб мы годна наследавалі Цябе ва ўбостве і працавітасці. Навучы не марнаваць час на забавы і задавальненні, але праз працу і малітву верна служыць Богу і людзям. Амэн.
О Езу, навучы нас заўсёды ісці шляхам цнотаў.

Дзявяты дзень
Езу Хрыстэ, пасля заканчэння Твайго жыцця на зямлі Ты адышоў, каб падрыхтаваць нам месца ў небе. Удзялі нам неабходныя ласкі, каб мы памяталі пра тое, што з’яўляемся пілігрымамі на гэтай зямлі і каб празмерна не прывязваліся да свету і да зямных справаў. Дазволь, каб годным жыццём мы заслужылі быць прынятымі ў нябесную Айчыну, дзе вечна будзем праслаўляць Тваё Найсвяцейшае Сэрца. Амэн.
Сэрца Езуса, дапамажы нам часцей разважаць пра апошнія справы.

Малітва на заканчэнне навэнны
Боскае Сэрца Езуса! Прымі пакорнае ўшанаванне, якое мы стараліся скласці Табе ў гэтай навэнне. Няхай нашыя сэрцы, ачышчаныя ад грахоў і ўсялякіх памылак у сакрамэнце пакаяння, будуць аздоблены цнотамі, аб якіх мы прасілі. Удзялі нам таксама асаблівую ласку ўмацавання веры і любові, каб заставацца вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, аб якой на працягу гэтых дзён мы горача Цябе малілі. Ты, о Езу, наш Бог і найлепшы Айцец, і Ты ведаеш, што нам сапраўды неабходна. Няхай заўсёды спаўняецца Твая святая воля на небе і на зямлі. Амэн.

Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа, – змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці Духам Святым створанае,
Сэрца Езуса, са Словам Божым істотна з’яднанае,
Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,
Сэрца Езуса, святыня Бога,
Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,
Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,
Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці,
Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца,
Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,
Сэрца Езуса, усіх цнотаў глыбіня бяздонная,
Сэрца Езуса, усялякай хвалы найдастойнейшае,
Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,
Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці,
Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,
Сэрца Езуса, упадабанне Айца Нябеснага,
Сэрца Езуса, з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,
Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,
Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці,
Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,
Сэрца Езуса, крыніца жыцця і святасці,
Сэрца Езуса, уміласціўленне за грахі нашыя,
Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,
Сэрца Езуса, злачынствамі нашымі змучанае,
Сэрца Езуса, паслухмянае ажно да смерці,
Сэрца Езуса, дзідай прабітае,
Сэрца Езуса, крыніца ўсялякага суцяшэння,
Сэрца Езуса, жыццё і ўваскрашэнне нашае,
Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае,
Сэрца Езуса, жывая ахвяра за грахі нашыя,
Сэрца Езуса, збаўленне тых, хто на Цябе спадзяецца,
Сэрца Езуса, надзея тых, хто ў Табе памірае,
Сэрца Езуса, радасць усіх святых, – змілуйся над намі.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – змілуйся над намі.

К.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,
Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

К.: Молімся: Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці, і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.
Н.: Амэн.

Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
К.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.
Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.
К.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.
Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.
К.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.
Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.

Антыфона
У Тваім Сэрцы шукаем мы паратунку, Езу, Боскі Збаўца. Не глядзі на грахі нашыя, Пане святы, але ад усялякіх злых прыгодаў выбаўляй нас заўсёды, Божа ласкавы і літасцівы. О Езу, о Езу, о добры Езу, міласэрны наш Збаўца, Боскі Пасрэднік, адзіны наш Абаронца! У Тваім Сэрцы май ласку абмыць нас, да Твайго Сэрца май ласку прытуліць нас, у Тваім Сэрцы май ласку захаваць нас навекі.
Міласэрны наш Збаўца, Боскі Пасрэднік, у Табе адзіным наш паратунак!

Малітва праслаўлення
Хай будзе Бог праслаўлёны.
Хай славіцца імя Яго святое.
Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус,
сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны.
Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова.
Хай будзе праслаўлена
Найсвяцейшае Сэрца Езуса.
Хай будзе праслаўлена
Найдаражэйшая Кроў Езуса.
Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус
у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Хай будзе праслаўлены
Дух Святы Суцяшыцель.
Хай будзе ўшанавана
Найсвяцейшая Панна Марыя.
Хай будзе ўшанавана
Яе святое і беззаганнае зачацце.
Хай будзе ўшанавана
поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце.
Хай будзе ўшанавана
імя Марыі, Панны і Маці.
Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф,
Яе прачысты абраннік.
Хай славіцца Бог у сваіх анёлах
і ўсіх святых. Амэн.

Спеў: Гэты велічны Сакрамэнт …

К.: Молімся:
Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Якi жывеш i валадарыш на векі вечныя.
Н.: Амэн.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней