Навэнна да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
30.11.2013 | Навэнны | -

Штогод, 8 снежня, мы адзначаем адну з найвялікшых Марыйных  урачыстасцяў — Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Заахвочваем усіх да ўдзелу ў св. Імшы ў гэты дзень. А цяпер прапануем «Навэнну да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі», якой будзем маліцца на працягу 9-ці дзён, пачынаючы ад 29 лістапада, а таксама літанію на саму ўрачыстасць.


Навэнна да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
(паводле тэксту, складзенага святым Янам Боскам)

1. О Марыя, Тваю беззаганную чысціню, вечна жывую і пастаянна збаўляючую, сімвалізаваў гэты дзівосны куст, што палаў на гары Сінай, які гарэў, але не згараў. Моцаю гэтай ласкі Беззаганнага Зачацця падтрымлівай нашае цяжкое змаганне за чысціню сэрца, думак і ўчынкаў, каб мы пераможна ўмелі пераадольваць усялякія пачуццёвыя слабасці, што вядуць да граху.

Вітай, Марыя...
Хвала Айцу...

С.: Маліся за нас, Беззаганная Панна.
Усе: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся. Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі падрыхтаваў годнае месца прабывання для свайго Сына, а праз будучыя заслугі смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякага граху, дзякуючы Яе заступніцтву дазволь і нам прыйсці да Цябе з чыстым сэрцам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. (Гэтыя малітвы чытаем кожны дзень.)

2. О Марыя, Цябе Бог у сваім бязмежным Провідзе захаваў быццам містычную арку ад сусветнага патопу зла. Будзь побач з намі ў хвіліны выпрабаванняў і падтрымай нас сваёю ласкаю, калі грэх і каварства гэтага свету будуць намагацца ахапіць нас сваёю падступнасцю і звесці з добрага шляху.

3. О Марыя, Ты, нібы галубка бездакорнай белі, узнеслася над брудам свету і пазбегла ўсялякага граху, што ганьбіць гэтую зямлю. Учыні, каб часовыя даброты не зацьмілі нашага духа. Навучы нас карыстацца імі дзеля хвалы Божай і на карысць бліжнім.

4. О Марыя, поўная ласкі, водблiск святасці самога Бога, Ты захапляеш вочы і сэрцы ўсіх пакаленняў зямлі, бо Ты – вечна прыгожая, усыпаная суквеццем духмяных цнотаў, адорваеш нас пладамі сваёй мацярынскай любові. Выпрасі нам у Створцы ласку, каб мы, пазбыўшыся граху, фармавалі ў сабе Яго вобраз, становячыся адлюстраваннем Яго дасканаласці.

5. О Марыя, Ты па волі самога Бога, стала зачыненым садам і абяцаным раем, у які не меў доступу каварны змей. Просім Цябе, Маці, барані нашыя душы ад зламысных справаў злога духа, каб мы ніколі не сталі яго ахвяраю.

6. О Марыя, Ты з’явілася ў цемры змучанаму грахом чалавецтву як Заранка надзеі, атуленая бляскам цноты. Рассейвай цемру ілжы, а ў чорную ноч нашага няшчасця і ўпадку заззяй святлом ранішняй зоркі, несучы збаўленне Пана.

7. О Марыя, Ты, нібы поле, расквечанае тысячамі каляровых ружаў. іх духмяны водар знішчае злавесныя павевы. Дазволь нам Табою дыхаць, прывабнасцю Тваіх цнотаў насычацца, каб, узіраючыся ў Цябе, мы змаглі захаваць душы чыстымі і вольнымі ад атрутных уплываў гэтага свету.

8. О Марыя, Ты з’явілася на гэтай зямлі, як лілея паміж цернямі, заквітнела дасканалай прыгажосцю, чаруючы сваім духоўным хараством. Дапамагай нам развіваць у сабе духоўнае жыццё, прасякнутае нябеснаю ласкаю, нягледзячы на спакусы, слабасці і атакі падступных людзей.

9. О Марыя, Ты стала святыняю Бога, Маці ўсіх жывых, дзвярыма збаўленых, Каралеваю Усіх Святых і прытулкам грэшнікаў. Будзь маёю Маці і Правадніцаю, каб, наследуючы Твой прыклад, мы пазбягалі ўсялякага маральнага бруду, жылі ў сяброўстве з Богам і станавіліся прыкладам сапраўданага хрысціянскага жыцця.

 

Літанія на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Кірые элейсон,
         Хрыстэ элейсон, Кірые элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
         Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,
         – змілуйся над намі.
Сыне, Збаўца свету, Божа,
         – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
         – змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа,
         – змілуйся над намі.

О Марыя, без граху зачатая,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Прыгажосць адзіная і бязгрэшная,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Святыня Найсвяцейшай Тройцы,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Зорка ранішняя, што ззяеш святлом справядлівасці,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Хвала ізраіля, імя якой поўнае слодычы і благаслаўлення,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Лілея, што расквітнела сярод церняў,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Залаты падсвечнік, упрыгожаны сямю дарамі Духа Святога,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Ахвяра ўсеспалення Божай любові,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Жывая Святыня Уцелаўлёнага Слова,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Маці Езуса, заўсёды Панна,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Хвала Касцёла Божага,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Прадказаная прарокамі,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Благаслаўлёная паміж жанчынамі,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Каралева Анёлаў і людзей,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Прытулак грэшных,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Падтрымка слабых,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Прыклад усіх выбраных да хвалы вечнай,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Давераная ласкаў Божых,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Суцяшальніца засмучаных і паміраючых,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Апякунка ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Найласкавейшая Маці для ўсіх Тваіх дзяцей,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.
Маці, якая стаяла пад крыжам,
         – маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.

Баранку Божы,
         які бярэш на сябе грахі свету,
                  – даруй нам, Пане.
Баранку Божы,
         які бярэш на сябе грахі свету,
                  – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы,
         які бярэш на сябе грахі свету,
                  – змілуйся над намі.

Молімся.
Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі падрыхтаваў годнае месца прабывання для свайго Сына, а праз будучыя заслугі смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякага граху, дзякуючы Яе заступніцтву дазволь і нам прыйсці да Цябе з чыстым сэрцам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней