13 мая 1917 г. Маці Божая аб’явілася ў Фаціме траім дзецям. Праз іх Яна накіравала пасланне свету. Маці Божая заклікала да навяртання, пакаяння, малітвы (асабліва штодзённай малітвы на ружанцы), да прысвячэння кожнага з нас Яе Беззаганнаму Сэрцу. Прыняцце гэтых пажаданняў Маці Божай Папа Пій ХІІ назваў адзіным паратункам для свету.
Прапануем навэнну да Маці Божай Фацімскай, якая распачынаецца 4 мая.
Дзень першы
Фаціма. Гэтае імя доўгі час успрымалася як антыхрысціянскае, бо гэта імя адзінай дачкі Магамета – прарока першай «чырвонай небяспекі».
Божы Провід учыніў так, што ў часе ўзнікнення другой «чырвонай небяспекі» – атэістычнага камунізму – імя Фаціма набыло цудоўны хрысціянскі сэнс.
Менавіта ў Фаціме Маці Божая Ружанцовая аб’явілася траім партугальскім пастушкам.
У трэці год першай сусветнай вайны Найсвяцейшая Панна сышла на зямлю, каб перадаць Пасланне спакою.
У руцэ Яна трымала ружанец – зброю, з дапамогаю якой людзі маглі б спыніць усялякія войны, а Сваё чыстае і Беззаганнае Сэрца Маці Божая адкрывала для грэшнікаў.
Такім чынам новая візія Марыі – Маці ўсіх нас – была аб’яўлена свету.
Молімся, аддаючы пашану Беззаганнаму Сэрцу Марыі:
Пане Божа Усемагутны, праз Твайго Адзінароднага Сына, каторы Сваім жыццём, смерцю і змёртвыхпаўстаннем адкупіў нас для вечнага збаўлення, молім Цябе: удзялі нам ласку, каб мы, разважаючы над таямніцамі Святога Ружанца Благаславёнай Панны Марыі ўмелі годна наследаваць тое, што яны змяшчаюць, і атрымалі тое, што яны абяцаюць. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які жыве і валадарыць з Богам Айцом у еднасці з Духам Святым, праз усе векі вечныя. Амэн.
Дзень другі
Першая сусветная вайна ахапіла ўсю Еўропу, знявечыла яе зямлю калючым дротам і ваеннымі акопамі.
Найлепшыя розумы і сілы чалавечыя былі выкарыстаны тымі, хто хацеў яе выйграць. Уся навука, як ніколі дагэтуль, служыла ваенным вынаходніцтвам, выкарыстоўваючы ўсе лабараторыі і фабрыкі, а мір, які набліжаўся, павінен быў стаць толькі прэлюдыяй да наступнай, яшчэ больш жахлівай вайны.
У гэтым хаосе і нечуванай трывозе Маці Божая выбірае не вучоных, а прастачкоў, не важных асобаў, а траіх малых дзяцей, не генералаў, а пастушкоў. І менавіта іх Маці Божая зрабіла пасланнікамі міру.
Праблема свету ў тым, што ўладары гэтага свету выбіраюць складаныя шляхі вырашэння праблем, якія прыносяць зло, а Яе Пасланне – такое простае і чыстае. Пані Фацімская сказала: «Вайна скончыцца і настане спакой, калі вы будзеце маліцца: О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і асабліва дапамажы тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць».
Калі мы навернемся...
Калі мы будзем маліцца на ружанцы...
Молімся, каб ушанаваць нашу Фацімскую Пані:
Пане Божа Усемагутны...
Дзень трэці
У часе жахлівай вайны сыходзіць на зямлю Каралева Спакою з ружанцам у руках і прапануе свету самы просты спосаб заканчэння войнаў і ўмацавання міру: «Маліцеся на ружанцы...»
Чаму менавіта Ружанец?
Ружанец пачынаецца цудоўным вызнаннем веры – Апостальскім Сімвалам веры, пасля якога ідзе малітва Панская – Ойча наш... – найцудоўнейшая малітва, якой навучыў нас сам Пан Езус, і якая з’яўляецца звяном, што злучае неба і зямлю. Кожны ружанцовы дзесятак заканчваецца выразам пашаны да Святой Тройцы – прывітаннем Трох Асобаў у Адзіным Богу – Gloria.
Галоўная ж малітва, што паўтараецца ў цудоўным паэтычным рытме, – гэта малітва Вітай, Марыя... Яна складаецца з трох частак: прывітанне Анёла Габрыэля, благаслаўленне Альжбеты для Марыі і частка, якая складзена Касцёлам і адлюстроўвае любоў да Марыі – Маці Бога.
Перабіранне пацеркаў і рытмічная малітва злучаны з сакральнаю медытацыяй – разважаннем над таямніцамі з жыцця Езуса Хрыста і Марыі.
І гэтак у таямніцы за таямніцаю: мы разам з Анёлам Габрыэлем ідзем у Назарэт, разам з Хрыстом – Словам Уцелаўлёным – у Бэтлеем, спадарожнічаем Святой Сям’і ў гады дзяцінства Езуса, далучаемся да цярпення Хрыста Адкупіцеля, з Марыяй ідзем праз уваскрашэнне да Яе ўкаранавання і хвалы.
Молімся, аддаючы пашану Беззаганнаму Сэрцу Марыі:
Пане Божа Усемагутны...
Дзень чацвёрты
«Дзеля ўратавання душаў Пан Бог хоча, каб на ўсім свеце было распаўсюджана набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца», – сказала Маці Божая Фацімская дзецям.
У каталіцкай веры Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса заўсёды было паяднанае з Беззаганным Сэрцам Марыі. У фацімскім аб’яўленні Марыя прыпамінае сваім дзецям, якое важнае гэтае паяднанне.
Чаму? Прачыстае Сэрца Марыі, пачатае без грэху, – найбліжэйшае Сэрцу Езуса. Грэх – прычына ўсіх войнаў. І хоць мы шукаем віну ў розных эканамічных сітуацыях, але ў аснове заўсёды ляжаць хцівасць, прага ўлады, гардыня, жорсткасць, бунт супраць Бога – бунт, які заўсёды скіраваны супраць шчасця чалавецтва.
Каб выправіць гэтае зло, Збавіцель жадае прысвячэння чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Ён заклікае нас: «Наследуйце гэтае Сэрца, першай і найбольшай любоўю якога быў Бог. Няхай сэрцы людскія бяруць прыклад з гэтага Сэрца, якое заўсёды было вернае мужу і Сыну. Наследуйце гэтае Сэрца, якое палюбіла ўсіх дзяцей Божых і, молячыся за іх, служыла ім у радасці і спакоі».
Молімся, аддаючы пашану Беззаганнаму Сэрцу Марыі:
Пане Божа Усемагутны...
Дзень пяты
«Я, Маці Божая Ружанцовая, прыйшла папярэдзіць чалавецтва, каб яно змяніла жыццё і не засмучала Бога цяжкімі грахамі. Не абражайце Бога, бо і так ужо вельмі абразілі Яго».
Заўсёды так: калі навальваюцца беды, гора, войны, то людзі ў роспачы сваёй звяртаюцца да Бога. Нават закаранелыя грэшнікі ўсклікаюць: «Ратуй нас, Пане, і выбаў ад наступстваў таго, да чаго мы самі сябе давялі!».
У той жа час цынікі асмельваюцца задаць пытанне: «Як Пан Бог мог дапусціць, што людзі з такой апантанасцю аддаюцца вайне, а ў мірны час яе плануюць?».
Вайна мінае... Бог забыты, і людзі зноў пачынаюць грашыць. Толькі тады настане канец войнам, калі чалавецтва перастане стаяць на баку зла ў барацьбе з дабром, калі не будзе на баку маны ў барацьбе з праўдай, на баку шатана ў барацьбе з Хрыстом.
Адмовіцца ад граху – гэта адначасова адмовіцца і ад войнаў. Калі людзі перастануць абражаць Бога, не будзе прычыны для новых войнаў. Князь Спакою толькі тады павядзе нас, калі мы не будзем выступаць супраць Яго і не будзем прыбіваць Яго да Крыжа.
Молімся, каб ушанаваць Маці Божую Ружанцовую:
Пане Божа Усемагутны...
Дзень шосты
Мы пастаянна жывем пад пагрозаю атамнай вайны. Але яна працягвалася б не некалькі гадоў, а некалькі гадзінаў.
Дзякуючы Божаму Провіду, Марыя падчас першай сусветнай вайны як бы прадказала свету пагрозу атамнай вайны і адначасова ўказала шлях паратунку.
70 тысяч чалавек – веруючых і няверуючых, каталікоў і іншаверцаў – сабралася тады ў даліне Кова да Ірыя, непадалёк ад Фацімы. Дзень быў шэры, ішоў дождж. Раптам дождж скончыўся, хмары расступіліся, і на небе паказаўся сонечны дыск, які, віруючы з шалёнай хуткасцю, раскідваў снапы рознакаляровых промняў.
Спыніўшыся на некалькі імгненняў, танец сонца пачаўся зноў. Раптам сонца адарвалася ад нябеснага скляпення і, як агромністая бомба, віруючы, рынулася на зямлю. Трывожны крык вырваўся з грудзей тысяч людзей. Сонца затрымалася, а потым вярнулася на сваё ранейшае месца.
Праз заступніцтва Марыі, Маці роду людскога, пагроза атамнай вайны аддаляецца. А Яна, наша Маці, заўсёды будзе нас аберагаць і весці.
Молімся, каб людзі адмовіліся ад атамных войнаў:
Пане Божа Усемагутны...
Дзень сёмы
Часта чалавек бывае сам сабе ворагам: знарок закрывае вочы на праўду, адварочваецца ад свайго збаўлення і робіць выгляд, што гэта яго не датычыць. Таму няма нічога дзіўнага, што Пасланне спакою, абвешчанае Каралеваю Неба, таксама спаткала супраціўленне людзей, якія былі далёкія ад Бога.
Адміністрацыйныя ўлады Фацімы ўспрынялі дзяцей як злачынцаў. Былі ўжыты ўсялякія сродкі, каб не дапусціць новага аб’яўлення Марыі. Гвалтоўныя пераследаванні, канспірацыя, жорсткасць і шантаж – усё гэта рабілася, каб схаваць ад свету найпрасцейшую праўду, спосаб заканчэння вайны і захавання спакою – Пасланне Маці Божай Фацімскай.
Людзі, што распрацавалі свае праграмы ўзбраення і гатовы былі ўжываць сілу дзеля ўлады, гэтыя людзі не хацелі прыняць ні Боскага плана, ні непераможнай зброі – Ружанца, які ім ахвяравала Марыя.
Але насуперак усялякаму пераследу, насуперак жаданню схаваць праўду, насуперак нянавісці і апазіцыі вестка пра Фаціму абляцела ўвесь свет.
Папа Пій ХІІ, перадаючы свету Фацімскае пасланне, аддаў увесь род людскі ў апеку Беззаганнаму Сэрцу Марыі, і мільёны людзей узялі ў рукі ружанец.
Молімся, каб ушанаваць нашу Фацімскую Пані:
Пане Божа Усемагутны...
Дзень восьмы
Над даляглядам пачатку ХХ стагоддзя навісла пагроза з боку Расіі – пагроза атэістычнага камунізму, пагарды да Бога, зняволення чалавека, тэрору. Каб аберагчы хрысціянскую дэмакратыю, ужывалі розныя сродкі: лігі, петыцыі, перамовы, подкупы – усё гэта заканчвалася паразай. Канчатковае рашэнне праблемаў належала Марыі.
«Калі людзі прымуць Мае пажаданні, Расія навернецца і запануе спакой».
Якія ж заблытаныя шляхі людскія!
І якія простыя шляхі Божыя!
Калі аддадзім свет у апеку Беззаганнаму Сэрцу Марыі...
Калі будзем маліцца на ружанцы...
Калі будзем шкадаваць за ўчыненыя грахі і раскайвацца...
Калі палюбім чыстасць і праўду... то Расія адшукае свой шлях вяртання да Айца, а жалезная завеса ападзе.
Поўныя веры ў абяцанні нашай Фацімскай Пані, памолімся:
Пане Божа Усемагутны...
Дзень дзевяты
Такім чынам Фаціма стала мэтаю шматлікіх пілігрымак. Мільёны людзей прыбывалі сюды, каб пабачыць месца, дзе Найсвяцейшая Панна зышла на благаславёную зямлю, каб размаўляць з фацімскімі дзецьмі і перадаць свету сваё Пасланне спакою.
Людзі, што ненавідзелі Бога і Марыю, намагаліся знішчыць малады дубок, над якім аб’явілася Марыя. Яны ўзарвалі капліцу Маці Божай, выказвалі пагрозы і чынілі розныя забароны.
Але ўсе гэтыя дзеянні мелі адваротныя вынікі. З году ў год сюды прыбывае ўсё больш пілігрымак, а культ і набажэнства да Маці Божай Фацімскай пашырыліся па ўсім свеце.
З ружанцам у руках сёстры і святары, вучоныя і непісьменныя, багатыя і бедныя, паасобку і сем’ямі чуваюць на малітве ўдзень і ўначы. Абраз Беззаганнага Сэрца Марыі ёсць усюды – у касцёлах і ў дамах, а Яе Беззаганнае Сэрца стала ўзорам для хрысціянскай моладзі.
І яшчэ раз нам дадзена адчуць любоў Бога і апеку Марыі, а таксама тое, што шлях, які ўказвае нам Бог, – гэта шлях міру, а тыя, хто перамог грэх, атрымалі перамогу ў найважнейшай барацьбе.
«Благаславёныя тыя, што нясуць спакой, бо яны будуць названыя сынамі Божымі». І вернымі слугамі Марыі, нашай Фацімскай Пані.
Молімся, каб ушанаваць нашу Фацімскую Пані:
Пане Божа Усемагутны...
З малітоўніка «Набажэнства першых суботаў месяца», Мінск, выд-ва «Pro Christo», 2002.