З красавіка па кастрычнік гэтага года з нагоды 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме часопіс «Ave Maria» праводзіў конкурс «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе!» на лепшы верш, эсэ або апавяданне, прысвечаныя фацімскаму пасланню Марыі і яго ролі ў нашай штодзённасці. На жаль, не ўсе дасланыя ў рэдакцыю матэрыялы ўдалося надрукаваць у часопісе. Таму прапануем гэтыя творы вашай увазе на нашым сайце.
Санеты-разважанні над таямніцамі Ружанца даслала ў рэдакцыю спадарыня Алена Татун з вёскі Карабы ІІ Глыбоцкага раёна. Гэтыя санеты могуць стаць добрай дапамогай для малітвы на ружанцы.
1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Абвяшчалі прарокі, што прыйдзе Месія,
Будзе вечна трываць Валадарства Яго.
Надыходзіць хвіліна, і анёла свайго
Бог шле да дзяўчыны, Яе імя — Марыя.
Для Яе Габрыэль таямніцу адкрые:
«Станеш Маці для Збаўцы сусвету ўсяго».
«Я не ведаю мужа, не пазнала яго…»
«Найвышэйшага моц ахіне і накрые».
І прамовіла Дзева: «Вось я слуга Пана,
Няхай станецца мне ўсё па словах Тваіх,
Няхай споўніцца воля Бога продкаў маіх».
Так і ў нашым жыцці трэба ўмець нечакана
Прыпыніцца, адмовіцца планаў сваіх,
І пакорна схіліцца перад воляю Пана.
2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
Калі дзеткі навокал, і іх смех раздаецца.
А ты ў доме сваім днём і ноччу адна,
Ні дачушкі, ні сына, звініць цішыня…
То ад гора жыццё бессэнсоўным здаецца.
Ужо на скронях Альжбеты блішчыць сівізна,
Сэрца ж тахкае хутка, з грудзей так і рвецца,
Бо ва ўлонні дзіцятка чаканае б’ецца,
А ў акне (хоць здалёку) Марыя відна.
«Чым заслужыла я шчасце такое,
Што Маці Збаўцы завітала да мяне.
Узварухнулася дзіцятка прад Табою».
Для Бога немагчымага не існуе.
Толькі вер, і Ён падтрымкай агарне,
І дапаможа моцаю Сваёю.
3. Нараджэнне Езуса Хрыста
Пасля доўгай і вельмі няпростай дарогі
Двое хацелі хутчэй адпачыць,
Ды ніхто не хацеў іх у дом свой пусціць,
Калі бачыў іх выгляд, бедны, убогі.
Справа не ў тым, што запылены ногі,
Хвіліна-другая, іх можна абмыць.
Толькі дзяўчыне той вось-вось радзіць,
І чулага сэрца не знайшлося ні ў кога.
Нарадзіўся наш Збаўца ў беднай стаенцы,
Пастушкі і авечкі, і вол ля Яго.
Дзева-Маці адзінага Сына свайго
Спавіла ў хусцінку, паклала на сенца.
З бэтлеемскага неба зорка з часу таго
Свеціць кожнаму ў нашае сэрца-акенца.
4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
Трэба выканаць закон — ізноў у шлях.
Туліць да сябе Марыя Сына.
І вось ужо наперадзе святыня,
Спіць спакойна Езус на руках.
Сімяону весціў Дух: «Прыйдзе хвіліна,
Як мудрасць ляжа сівізною на плячах,
Збаўленне свету патрымаеш на руках,
Толькі тады жыццё цябе пакіне».
Марыя моўчкі ў сэрцы разважае:
«Будзе меч. Мне трэба моцнай быць», —
Для сябе ў гэты момант вырашае.
Верыць моцна, прабачаць, любіць,
Здрадай, слабасцю душу не загубіць,
Выбар — «так» ці «не» — у кожнага бывае.
5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Урачыстасць вялікая. З кожнага дому
Да святыні на Пасху ішлі ў Ерузалем.
Юзаф з Марыяй і Езуса ўзялі.
Усім малітва патрэбна: старому, малому.
На зваротным шляху ні ў сяброў, ні ў знаёмых,
Дзе ж Ты, Езу?.. Згубілі, усюды шукалі.
А ў святыні адказы Дзіцяці здзіўлялі
Старэйшын і кніжнікаў — знаўцаў закону.
Ноткі болю гучалі ў голасе Маці:
«Мой Сыночак, чаму Ты нам гэтак зрабіў?»
«Гэта дом, дзе Айцец Мой, таму Я тут быў».
Бывае — каштоўнае самае трацім,
Але памятай: дзе б і які б ты ні быў
Дом Айца свайго трэба заўсёды шукаці.
1. Хрост Езуса ў Ярдане
Людскі натоўп на берагах Ярдана,
Хто слухае, хто каецца ў грахах,
Хто хрост прымае з рук прарока Яна,
Пустэльніка ў вярблюджых паясах.
Просіць хросту чалавек, галілеянін,
«Трэба мне ў Цябе», — здзіўленне ў Янавых вачах.
«Хай будзе справядліва, па Пісанню».
І вось цячэ вада па валасах і па плячах...
Раскрыліся нябёсы, у дзіўным ззянні
Кажа Бог: «Вось Сын, Маё ўпадабанне»,
І Голуб — Дух Святы — над Ім лунае.
Знак незнішчальны на небе ляжыць.
Грэх першародны хрост змывае,
І кожнаму для Бога трэба жыць.
2. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
Гудзе вяселле ў Кане: «Шчасця маладым!»
І двое вочы сарамліва апускаюць.
Настрой бадзёры ўва ўсіх, між тым,
«Віна не хопіць ім», — Марыя заўважае.
І аддае паслугачам загад тады:
«Зрабіце ўсё, што Ён вам загадае».
Вось шэсць глякаў вадою напаўняюць,
І Езус чыніць цуд — віно з вады.
Пахваліць кіраўнік віно смачное,
Жаніха — за рашэнне мудрае такое.
І неўдамёк усім, што адбылося тут.
Усур’ёз жыццё жартуе з намі часам,
Радасць возьме, а з бядой пакіне разам.
Выйсце — давер і вера ў Божы цуд.
3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
З пакалення ў пакаленне ўжо даўно
Збавіцеля свайго народ чакаў.
І Ян Хрысціцель ўсім казаў адно:
«Пакайцеся, бо час ужо настаў».
Прыйшоў Хрыстос да выбраных сыноў,
Пра Валадарства ў небе абвяшчаў.
Навуку новую, як новае віно,
У апосталаў і вучняў уліваў.
Вучыў паўсюдна Езус: «Навяртайцеся!
Верце ў Евангелле, пакайцеся,
Ужо Валадарства Бога блізка вас!»
Найкаштоўны дар у сабе трымаем.
Як давяраем Богу кожны час,
То неба для сваёй душы жадаем.
4. Перамяненне Езуса на гары Табор
Маліўся Езус да Айца ў небе,
Хвалу ўзносіў і прасіў за ўсіх.
Сам-насам быў, але адчуў патрэбу
І на малітву ўзяў яшчэ траіх.
Сымоне-Пётр, Ян і брат Якубе,
Маліліся. Ды кожны за сваіх,
І раптам ззянне асляпіла іх,
І голас: «Слухайце Яго, то Сын Мой любы»
Малітва шчырая такую сілу мае —
Прасвятляе і перамяняе.
І Езус — Слова ў Целе — нам узор.
Хай кожны сваёй радасці імгненні,
Панылыя няўдачы і сумненні
Нясе ў малітве на сваю гару Табор.
5. Устанаўленне Эўхарыстыі
Мінае дзень, вось-вось пачне змяркацца.
Усе справы дзённыя завершаны даўно.
Вячэра, за сталом сядзяць дванаццаць,
Спажытак просты: толькі хлеб, віно.
«Бярыце, ешце…» Цела?! Хлебам стацца?
Такога дзіва нечувана, невідно.
Як можа кроў у віно ператварацца?!
А Езус кажа: «Піце гэты келіх…» — і будзеце адно.
Жаданне Езуса застацца з намі —
Цела і крыві Яго сакрамэнт —
Таямніца, што з Хрыстом яднае нас
У белай Гостыі над алтаром святар
Хвіліну кожную, у кожны час,
Трымае Хлеб Жыцця — бясцэнны дар.
1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Выйшаў Юда. Толькі Езусу вядома
Тая прычына, што ўсіх ён пакідае.
Сам на малітву вучняў запрашае,
Хоць ноч, але ўсе выходзяць з дому.
О сад Аліўны! Ззяеш святлом незнаёмым.
Езус моліцца і ціха прамаўляе:
«Волю Божую выконваць мне самому»,
І пот крывавы на зямлю спадае.
Змарыла стома вучняў, не ўтрывалі,
Не чулі, як прыйшоў Настаўнік, спалі.
Ушчувае Езус іх за гэты сон.
Аб малітве наштодня не забывайце,
Бо гучыць дагэтуль з даўніх дзён
Голас Езуса Хрыста: «Чувайце!»
2. Бічаванне Езуса
«Што ёсць праўда?» — іранізуе Пілат,
Доўга ён з Езусам размаўляе і адчувае —
Там супраць Гэтага народу шмат,
А Ён адзін, і Ён перамагае.
Упэўнены, хоць стомлены, пагляд.
Адзін уладу перамог! Так не бывае.
«Бічаваць!» — загад прымае кат,
Хай боль пякучы Яго моц зламае.
Рука ў ката літасці не мела.
Ірве халоднае жалеза Цела…
Не зламаўся і не пахіснуўся.
Глядзі заўсёды праўдзе ў вочы смела,
Каб фальш у зман увесці не паспела,
Успомні збічаванага Езуса.
3. Укаранаванне Езуса цернямі
«Дык Ты Кароль!» — жаўнеры рагаталі,
«То мы Цябе ў пурпур апранём,
Карону новую Табе дадзём»,
І вопратку пад смех з Яго садралі.
Карона… А з чаго яе спляцём,
Адказу надта доўга не шукалі.
Церань! Хай ён кожным вастрыём
Раніць моцна. Усё! Каранавалі!
Яшчэ пасля бічоў трывае боль.
З годнасцю прымае крыж Кароль.
Ён — Збаўца, Пераможца, Валадар!
«Ты — мой кароль», — нікому не кажы,
Адзін у цябе Пан і Гаспадар,
Такія словы для Яго прыберажы.
4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
На ўкрыжаванне Цябе, Езу, асудзілі,
Замест Варавы, замест злодзея ліхога.
І крыж цяжкі на плечы ўзграмаздзілі,
«Нясі!» — Твая апошняя дарога.
Пот і кроў сцякалі і сляпілі.
Цела мучыў боль душу — трывога.
І жаўнеры здзекаваліся, кпілі.
Не хапіла сіл, аслаблі ногі.
Тройчы Езус пад цяжарам упадзе,
Але ўстане, возьме крыж, далей ідзе,
Волю Божую каб споўніць да канца.
Цяжка — плач, балюча — галасі,
Толькі крыж свой не кідай — нясі!
Каб дайсці да Валадарства, да Айца.
5. Укрыжаванне і смерць Езуса
Крыж для сябе сам жа Ён і прынёс,
Да апошняй хвіліны яго моцна трымаў.
А цяпер гэты крыж на сябе Яго ўзяў,
Над зямлёй, над людзьмі пад аблокі ўзнёс.
Воцат з жоўцю — глядзець немагчыма без слёз,
Жаўнер той напой піць Езусу падаў.
«Споўнілася»… Узняў пагляд да нябёс,
І душу сваю ў Божыя рукі аддаў.
Скалы затрэсліся, сонца схавалася,
Заслона ў святыні надвое парвалася,
Памёр Божы Сын… за людзей.
Шмат будзе турботаў, задумаў і планаў,
Але ў карагодзе дарог і падзей
Спыніся ля крыжа — памаліся да Пана.
1. Уваскрасенне Хрыста
Прыйшлі жанчыны да магілы раным-рана.
З сабой алей духмяны прыняслі.
Застылі ў здзіўленні нечакана —
Хто ад магілы камень адваліў?
А іх анёл у дзіўна-белым ззянні
Ля ўваходу, там, дзе стражнікі былі,
Сустрэў і кажа: «Не шукайце Пана».
А яны плакалі, паверыць не маглі.
Уваскрос Хрыстос, як Сам і абяцаў,
Змёртвыхпаўстання ўсім нам прыклад даў,
Адкрыў для душаў усіх вароты раю.
Каб той, хто верыць, той, хто шчыры сэрцам,
Хто кожны дзень свой Богу давярае,
Мог з Уваскрослым Езусам сустрэцца.
2. Унебаўшэсце Хрыста
Сэрцы вучняў радасць напаўняе:
Уваскрос Настаўнік і цяпер Ён з імі.
Хлеб і рыбу спажывае, размаўляе,
Называе сведкамі сваімі.
Да Бэтаніі вядзе, благаслаўляе,
Развітаўшыся, узвышаецца над імі,
Воблака Езуса атуляе
І ўзносіць у нябесныя вышыні.
Апошні наказ Езус вучням пакінуў:
Абвяшчаць Слова Божае — праўду адзіну,
Народам усім аж да краю зямлі.
І запэўніў: «Я з вамі ў кожну хвіліну»;
Станем мужнымі сведкамі Божага Сына —
Праўдзівай Дарогі — куды б ні пайшлі.
3. Спасланне Духа Святога
Марыя і апосталы трываюць
На малітве ў супольнасці з братамі.
Духа Суцяшальніка чакаюць,
Таго, якога Езус абяцаў ім.
Парывы ветру з шумам налятаюць,
І Дух, як агнявымі языкамі,
Апосталаў, Марыю накрывае
І надзяляе кожнага дарамі.
Прамаўлялі да народаў на іх мове,
Праўда пра Хрыста ў кожным слове,
Свет Евангелля заззяў для ўсіх.
Як паходню гэты свет нясіце!
А каб не збіцца са шляхоў сваіх —
У Суцяшальніка дароў прасіце.
4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
«Вось я, слуга Панская», — Ты адказала,
Волю Божую сэрцам, душой прыняла.
Сабе асабіста дабра не шукала,
Гадавала Езуса, гаспадыняй была.
Галілея і Кана, Кафарнаум, Ерузалем —
Куды Езус ішоў, і Ты следам ішла.
Працятая болем на Галгоце стаяла,
З Уваскрослым Хрыстом і сама ажыла.
За тое, што Богу служыла аддана,
З душою і целам у неба забрана,
Дзева Прачыстая, Маці Марыя.
У зоры і месяц, у сонца ўбрана,
Перад Сынам Заступніца — Ясная Панна —
Кожнага плашчам апекі укрые.
5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
У анёлаў і святых лікаванне:
«Каралеве Марыі — хвала!»
Зор цудоўных дванаццаці ззянне
Для Той, што ў неба ўзышла.
У краіну жывых, у Айца панаванне,
Зноў да Сына свайго падышла
І пачэснае каранаванне
Ад Тройцы Святой прыняла.
Валадаранне Пана, моц і сіла Яго,
І ўлада Хрыста для сусвету ўсяго
Наступіла ў гэту хвіліну.
Каралеве сусвету — пашана і хвала!
І малітва з даверам, каб да Божага Сына
Усіх дзяцей Божых Яна прывяла.
Алена Татун,
в. Карабы II, Глыбоцкі р-н, Віцебская вобл.