Дзеля трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі…
Фота Віталія Палінеўскага

Малітвы набажэнства першых суботаў месяца.

Праз набажэнства першых суботаў мы павінны перапрашаць Бога і Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей, якія абражаюць нашага Збавіцеля і Яго Найсвяцейшую Маці.

Умовы перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі у першую суботу месяца — споведзь, святая Камунія, Ружанец перапрашэння (1 частка), разважанне над адной таямніцай (медытацыя) на працягу 15 хвілін. Больш падрабязна пра гэтае набажэства мы неаднаразова пісалі на старонках нашага часопіса (гл. «Ave Maria», №5 за 2022 г. і ранейшыя, асабліва майскія, выпускі часопіса за мінулыя гады, малітоўнік «Ойча наш» с. 662, брашура «Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет», а таксама і на нашай інтэрнэт-старонцы ave-maria.by). Прапануем некаторыя малітвы, якія дапамогуць лепш падрыхтавацца да набажэнства.

Першая ўмова: споведзь у першую суботу месяца (пры неабходнасці, да споведзі можна пайсці за дзень ці за два да першай суботы, памятаючы пра інтэнцыю: перапрашэнне і ўміласціўленне Беззаганнага Сэрца Марыі за ўсе знявагі).

Малітва перад споведдзю (можна прачытаць наступную малітву ці іншую, на выбар): Божа, я прагну прыступіць да святога сакрамэнту паяднання, каб атрымаць прабачэнне за ўчыненыя грахі, асабліва за тыя, якімі, свядома ці несвядома, я прычыніў (прычыніла) боль Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Праз гэтую споведзь прашу ласкі Божай міласэрнасці для мяне, а таксама для бедных грэшнікаў, каб Беззаганнае Сэрца Марыі затрыумфавала сярод нас.

Езу, Ты паказаў нам пагрозу граху, які вядзе людскія душы да вечнага асуджэння, узглянь на ўсіх тых, хто знаходзіцца ў няволі зла. Я прыступаю да святой споведзі як іх брат (сястра), адказны(-ая) за іх лёс. Прашу, няхай ласкі, якія выплываюць з гэтага сакрамэнту, будуць дадзеныя не мне, а тым душам, якім яны найбольш патрэбныя. Збаўца свету, які ўказаў на Беззаганнае Сэрца сваёй Маці, пранізанае цернямі людскіх грахоў! Я прагну праз гэтую святую споведзь перапрасіць і ўміласцівіць за зло, якое раніць Сэрца Тваёй Маці. Няхай духоўныя даброты, якія Ты хочаш мне ўдзяліць, пройдуць спачатку праз Беззаганнае Сэрца Марыі, несучы Ёй палёгку і суцяшэнне. Езу, Сыне Марыі, удзялі мне гэтую ласку, каб я быў(была) годны(-ая) ўміласцівіць церпячае Сэрца Тваёй Беззаганнай Маці. Амэн.

Малітва пасля споведзі (можна прачытаць наступную малітву ці прамовіць сваімі словамі): Езу, мой Збаўца! Ты памёр за нас на крыжы, каб вывесці чалавецтва з няволі граху і адчыніць усім душам браму ў неба. Дзякую Табе за тое, што ў сакрамэнце паяднання Ты даў мне сваё прабачэнне і дакрануўся ласкай міласэрнасці. Прашу Цябе, мой Збаўца, не дазваляй мне ніколі адысці ад Цябе, не дазваляй мне быць для Цябе і для бліжніх прычынаю смутку і цярпення. Мой Пане, так шмат душаў ідзе па свеце, адварочваючыся ад Цябе, шляхам, які вядзе да асуджэння, памнажаючы зло ў свеце. Прашу, злітуйся таксама над гэтымі грэшнымі дзецьмі і ўратуй іх ад пекла! Ахвярую Табе маю споведзь у інтэнцыі ўміласціўлення за іх грахі, ахвяруючы Табе мой штодзённы крыж, цярпенні, цяжкасці і хваробы. Прашу ў Цябе ласкі перапрашэння і кампенсацыі за грахі гэтых маіх братоў і сясцёр супраць Беззаганнага Сэрца Тваёй Маці. Амэн.

Другая ўмова: святая Камунія ў першую суботу месяца.

Святую Камунію мы павінны ахвяраваць таксама ў інтэнцыі перапрашэння і ўміласціўлення Беззаганнага Сэрца Марыі. Пасля св. Камуніі можна прачытаць наступную малітву (ці прамовіць сваімі словамі).

Малітва: Езу, Валадар спрадвечнай Любові, люблю Цябе і прымаю з любоўю як Валадара майго сэрца. Прашу Цябе, схавай мяне назаўсёды ў Тваім Боскім Сэрцы і прымі маё жыццё як знак удзячнасці за дар збаўлення, які Ты даеш мне праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі. О чулая Маці, я прашу ў Цябе прабачэння за мае грахі, за грахі маёй сям’і, Айчыны і свету, якія раняць Тваё Беззаганнае Сэрца! Каб кампенсаваць Табе вялікія цярпенні, якія Ты перажываеш з-за нас, няўдзячных дзяцей, ахвярую Табе бясконцую Любоў Езуса, прысутнага ў маім сэрцы. З любоўю падпарадкоўваюся Твайму валадаранню, каб як мага хутчэй затрыумфавала Тваё Беззаганнае Сэрца. Маці Міласэрнасці, Прытулак грэшнікаў, маліся за нас! Амэн.

Трэцяя ўмова: Ружанец перапрашэння (молімся адну з чатырох частак Ружанца).

Малітва перад Ружанцам: Каралева Святога Ружанца, вось мы становімся на калені для малітвы, каб у першую суботу месяца маліцца Ружанец, аб якім Ты прасіла. Мы хочам праз яго перапрасіць за грахі свае, нашых блізкіх, нашай Айчыны і ўсяго свету. Мы прагнем маліцца асаблівым чынам за тых, хто адышоў ад Бога і каму найбольш патрэбна Яго міласэрнасць. Дапамажы нам неабходнай ласкай, каб мы памяталі пра вызначаную Табой інтэнцыю. Дапамажы нам нашай малітвай Ружанца перапрасіць і кампенсаваць за знявагі і абрáзы Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.

Чацвёртая ўмова: 15-хвіліннае разважанне (медытацыя) таямніцы Ружанца, адной або некалькіх. (Прыклад медытацыі можна паглядзець на нашай інтэрнэт-старонцы ave-maria.by.)

Малітва перад медытацыяй: Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя! У першыя суботы месца Ты адкрываеш сваё Беззаганнае Сэрца для ўсіх, хто прагне прыняць у сваё сэрца гэтыя найважнейшыя знакі, якія Бог паказаў нам у Фаціме. Прашу, адкрый перада мною сваё Сэрца. Я асмельваюся прасіць аб гэтым з цалкавітай пакорай, а таксама з дзіцячаю адвагаю, таму што хачу наследаваць Цябе у вернасці Богу, таму што хачу жыць любоўю да Твайго Сына, таму што прагну заўсёды трываць у стане ласкі, і нарэшце — таму што прагну ўсё, што толькі магу, ахвяраваць у духу ўміласціўлення за грахі тых людзей, якія зневажаюць і абражаюць Цябе. Дапамажы, каб маё сэрца станавілася ўсё больш любым Табе, больш блізкім Табе, больш падобным да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.

Медытацыя

Унебаўшэсце Хрыста

Дазволь сёння Найсвяцейшай Маці прамаўляць да твайго сэрца. Яна абяцала, што ў першую суботу будзе казаць табе пра сваю любоў і скіроўваць да цябе сваё слова. Таму адкрыйся на Яе прысутнасць, Яна з табою. Супакой сваё сэрца, супакой свае пачуцці, а ў тваёй душы няхай запануе спакой. Няхай разважанне над таямніцаю ўнебаўшэсця Збаўцы будзе месцам тваёй сустрэчы з Марыяй. Ты пачуеш Яе голас, які прамаўляе асабіста да цябе. Марыя сёння задае Табе некалькі самых важных пытанняў. Паспрабуй адказаць на іх у малітве…

«Што для цябе самае галоўнае? Аб чым часцей за ўсё ты просіш для сябе? Аб чым просіш для самых любімых людзей у свеце? Скажы, ці просіш аб небе? Скажы, ці памятаеш пра неба? Ці сумуеш па ім? Ці марыш з’яднацца з Богам і сустрэцца з Ім тварам у твар, сэрцам з сэрцам, са Мной, тваёй Маці, з умілаванымі святымі, з блізкімі, якія ўжо адышлі? Адкажы, ці думаеш ты пра неба? Ці стараешся пазнаць паўней таямніцу свайго жыцця? Скажы, што ты думаеш, чаго прагнеш, чаму сумуеш ці радуешся ў гэтую хвіліну… І ці дзякуеш Богу за дар неба… Большага атрымаць нельга.

Можа, неба для цябе — гэта абстракцыя, бо ты нічога не ведаеш пра яго. Евангелле пакінула толькі некалькі вобразаў неба, як у Старым Запавеце. Ты ведаеш ключавыя словы: вячэра, вечнае жыццё, паўната шчасця, еднасць… Гэтыя словы не акрэсліваюць рэчаіснасці неба, яны існуюць на ўзроўні сімвалаў, а цяжка сумаваць па чымсьці, чаго немагчыма назваць, апісаць, да чаго немагчыма дакрануцца… Неба здаецца занадта далёкім, каб яно было важным…»

Падумай хвілінку, ці маеш ты права лічыць сябе пакрыўджаным. Хіба Апосталы ведалі пра неба больш, чым ты? Або Марыя? Ты не маеш права жадаць для сябе больш, чым атрымалі яны, бо табе досыць таго, што для цябе даступнае!

Езус, які на вачах сваіх вучняў узыходзіць на неба, абвяшчае дзве праўды, якімі Найсвяцейшая Маці заўсёды жыла. Першая праўда — «двайны доказ» існавання неба.

З аднаго боку, ты атрымаў ад Бога ласку веры, а разам з ёю добрую навіну пра неба, якое чакае. Памятай, што гэты дар, вера, не толькі з’яўляецца каштоўнай манетай, якую ты не павінен згубіць і якая заўсёды мае сваю вартасць. Вера — гэта дар і заданне. Калі ты не клапоцішся пра яе, яна будзе марнавацца. Можа, знешне яна захавае сваю форму, але ў сярэдзіне будзе толькі гніць — не знойдзеш у ёй ніякай вартасці і дапамогі ў тыя моманты, калі менавіта яна можа дапамагчы. Калі ты не молішся, як Апосталы: «Дадай нам веры!» (Лк 17,5), і сам не клапоцішся пра яе развіццё, у тваіх руках застанецца толькі пустая шкарлупіна традыцый і звычаяў. Скажы, што ты разумееш гэта і што твая вера будзе мець у тваёй асобе клапатлівага апекуна! Скажы сёння гэта Езусу, які паказвае табе неба! Без сталай веры ты не адчуеш прыгажосці неба.

З іншага боку, нават калі ты не маеш веры, якая дае жыццё, то пашукай у сваім сэрцы доказы неба. У ім знаходзіцца туга па небе. Узгадай хвіліны, калі цябе закранула раптоўнае прагненне святасці, паяднання з Богам, пагружэнне ў любові, жаданне быць кімсьці большым, чым ты цяпер з’яўляешся… Кожны, хіба, перажыў такія хвіліны. У кожным чалавеку жыве падсвядомае прагненне Бога. Толькі Ён можа насыціць твой голад. Яго ежа — гэта неба.

Марыя просіць: «Узгадай моманты, калі ты адчуваў такое вялікае прагненне Бога, што ажно плакаў. А яшчэ лепш — падай Мне руку і ўвайдзі менавіта цяпер, са Мною, тваёй Маці, у краіну прагнення Бога…»

Час узгадаць іншую праўду: неба чакае цябе. Але памятай, што яно з’яўляецца адначасова і дарам, і заданнем. Ці ведаеш ты, што Езус казаў пра неба не так мала, як табе здаецца? Кожны раз, калі Ён казаў аб тваім навяртанні, святасці, любові без межаў — Ён казаў пра неба. Кожны раз, калі Ён казаў пра сакрамэнты — Ён казаў пра неба, якое сталее ў табе. Кожны раз, калі звяртаў тваю ўвагу на бліжняга — Ён паказваў, што ў служэнні іншаму чалавеку схавана таямніца неба. Ён апавядаў табе, як будуецца неба ўжо цяпер, падчас жыцця на зямлі. Тлумачыў, што ты можаш ужо цяпер знайсці нябесны спакой, якога свет не зможа ў цябе забраць. Хрыстус нястомна казаў пра неба! Падумай, што больш важнае: апавядаць людзям, як выглядае неба ці, можа, вучыць іх, як працаваць, каб яго здабыць? Задаволіць цікавасць — гэта задача медыя, а не Евангелля.

Калі ты адчуваеш такую патрэбу, вазьмі Марыю за руку і яшчэ раз прайдзі з Ёю па сцежках гэтага разважання. Найсвяцейшая Маці пакажа табе тыя месцы, дзе знаходзіцца штосьці, што Яна хоча ахвяраваць табе як дар на кожны твой дзень. Можа, гэта будзе святло, можа, бальзам суцяшэння, можа, моц ласкі, якая дазваляе ўчыніць тое, што могуць зрабіць толькі святыя. А можа, гэта будзе досвед Яе блізкасці і чуласці, калі Яна сваёю далоняй гладзіць твой стомлены твар…

Пераклад з польскай мовы Наталлі Дарашкевіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней