Ружанцовыя разважанні паводле папы Францішка. Хвалебныя таямніцы

Мы працягваем публікаваць ружанцовыя разважанні, узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’. Гэтым разам - хвалебныя таямніцы.


1. Уваскрасенне Хрыста

«Напрыканцы нашага жыцця мы сустрэнемся тварам у твар з бясконцай прыгажосцю Бога (гл. 1 Кар 13, 12) і зможам з радасным захапленнем прачытваць таямніцу сусвету, якая разам з намі будзе ўдзельнічаць у бясконцай паўнаце. Так, мы ў дарозе да шабату вечнасці, да новага Ерузалема, да супольнага дому ў Небе. Езус кажа нам: «Вось чыню ўсё новае» (Ап 21, 5). Вечнае жыццё будзе сумесным захапленнем, дзе кожнае стварэнне, бліскуча перамененае, зойме сваё месца і будзе мець штосьці, чым адорыць канчаткова вызваленых убогіх» [243].

Праслаўляйма Пана за усё новае, што Ён чыніць… 

2. Унебаўшэсце Хрыста

«У чаканні з’яднаемся, каб заняцца гэтым домам, які быў нам даручаны, ведаючы, што ўсё, што ў ім добрае, будзе сабрана на нябеснай гасціне. Разам з усімі стварэннямі мы пілігрымуем на гэтай зямлі, шукаючы Бога, бо „калі свет мае пачатак і быў створаны, то шукае таго, хто яго стварыў, таго, хто даў яму пачатак, таго, хто з’яўляецца яго Стварыцелем“. Мы пілігрымуем, спяваючы! Няхай нашыя змаганні і нашыя турботы аб гэтай планеце не забіраюць у нас радаснай надзеі!» [244]. 

Праслаўляйма Пана за Яго ўнебаўшэсце і за нашу пілігрымку да Неба… 

3. Спасланне Духа Святога

«Бог, які кліча нас да шчодрага прысвячэння сябе і цалкавітага аддання, дае нам сілы і святло, якіх мы патрабуем, каб ісці наперад. У цэнтры гэтага свету пастаянна прысутнічае Пан жыцця, які так моцна нас любіць. Ён не пакідае нас адных, бо канчаткова з’яднаўся з нашай зямлёй, а Яго любоў заўсёды вядзе нас да адшукання новых дарог. Няхай Яму будзе хвала!» [245].

Праслаўляйма Пана за тое, што не пакінуў нас у адзіноце, але даў нам Духа Суцяшальніка... 

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

«Марыя, Маці, якая клапацілася пра Езуса, цяпер клапоціцца з любоўю і мацярынскім болем пра гэты зранены свет. Так, як з сэрцам, прабітым мечам, аплаквала смерць Езуса, цяпер Яна спачувае цярпенню ўкрыжаваных убогіх, а таксама стварэнняў гэтага свету, знішчаных людской моцаю. Жыве Яна разам з Езусам, цалкам перамененая, а ўсе стварэнні апяваюць Яе прыгажосць. Яна — нявеста, „апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі яе, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак“ (Ап 12, 1)» [241].

Праслаўляйма Пана за Маці і Каралеву ўсяго стварэння… 

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

«Узятая ў неба, з’яўляецца Маці і Каралевай усяго стварэння. У Яе праслаўленым целе, разам з уваскрослым Хрыстом, частка стварэння дасягнула паўнаты сваёй прыгажосці. Яна трымае ў сваім сэрцы не толькі ўсё жыццё Езуса, якое клапатліва „захоўвала“ (гл. Лк 2, 19.51), але таксама сёння разумее сэнс усіх рэчаў. Таму мы можам прасіць Яе, каб Яна дапамагла нам глядзець на гэты свет больш мудрымі вачыма» [241].

Праслаўляйма Пана за справу стварэння…


Паводле: час. «Królowa Różańca Świętego».
Тэксты разважанняў узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’,
прысвечанай клопату пра супольны дом
(пераклад на беларускую мову Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней